СЬВЯТКАВАНЬНЕ ДНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ Ў ЧЫКАГА

У РЭЛІГІЙНЫМ І КУЛЬТУРНЫМ ЦЭНТРЫ НА 3107 WEST FULLERTON AVE.
Урачыста адзначалася нацыянальнае беларускае сьвята - Дзень Незалежнасьці, Дзень Волі, 84-я ўгодкі БНР у чыкагскім Беларускім Рэлігійным и Культуральным Цэнтры (3107 W. Fullerton) пры каталіцкім храме Хрыста Збаўцы. Напачатку а. Джон Макданелл прачытаў малітву за беларускі народ і Беларусь. Сьвяткаваньне пачалося праслухоўваньнем амэрыканскага гімну і выкананьнем беларускага гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Сьвяточную цырымонію вёў доктар Эл Талавер. З прывітальным словам ад імя Беларускага Каардынацыйнага Камітэту ў Чыкага да прысутных зьвярнуўся ветэран беларускага эмігранцкага руху доктар Вітаўт Рамук. Мастак Анатоль Упарт прачытаў верш беларускага паэта Алеся Пісарыка, прысьвечаны Кастусю Каліноўскаму, палымянаму змагару за свабоду Беларусі. Пра гісторыю гэтага сьвята, пра яго значэньне менавіта сёньня гаварыў у сваім рэфэраце журналіст Ванкарэм Нікіфаровіч. А потым адбыўся вялікі канцэрт кампазытара і сьпявака Міхася Клейнера. Гучалі яго песьні на словы Уладзімера Дубоўкі, Алеся Салаўя, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Анатоля Грачанікава. Міхась Клейнер выканаў таксама песьні на свае ўласныя вершы, якія прагучалі ў перакладзе на беларускую мову.
Падчас сьвята ў залі была разгорнутая вялікая выстава новых беларускіх кнігаў, газэтаў, часапісаў. Завершылася сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці выкананьнем славутай песьні "God Bless America", пры гэтым было ўзгадана, што аўтар яе, Ірвінг Бейлін, родам зь беларускага Магілёва. Прагучаў таксама і беларускі духоўны гімн "Магутны Божа".
Чым асабіста для вас зьяўляецца гэтае сьвята - Дзень Волі?" - з такім пытаньнем зьвярнуўся карэспандэнт "Беларуса" да некаторых удзельнікаў сьвяткаваньня.
Вера Рамук, ветэран беларускай эміграцыі, адна з кіраўнікоў Беларускага каардынацыйнага камітэту ў Чыкага:" Я ад'язджала зь Беларусі ў 1944-м годзе яшчэ дзіцём. А калі ў 1993-м праз столькі гадоў паехала на радзіму, мне хацелася плакаць: я ўбачыла, як бедна людзі жывуць, якая бедная наша Беларусь у параўнаньні з многімі краінамі сьвету. Таму гэтае сьвята - мост, які злучае нас з радзімай. Мы хацелі-б быць у пастаяннай сувязі з радзімай, падтрымліваць яе, хацелі-б, каб яна была такая-ж свабодная як Амэрыка."
Анатоль Упарт, мастак:"Гэтае сьвята дае магчымасьць такім як я, хто жыве далёка ад Беларусі, сабрацца і сказаць: мы памятаем пра радзіму, увесь час думаем пра тое, як там людзі жывуць. Пра тое, што было, і пра тое, як павінна ўсё быць. Калі я званю сябрам у Менск і расказваю, як мы сьвяткуем Дзень Незалежнасьці, яны мне зайздросьцяць, зайздросьцяць нашаму актыўнаму духоўнаму жыцьцю. А ўвогульле, менавіта ў гэты дзень у мяне такое адчуваньне, што мае сябры жывуць не за акіянам, а праз вуліцу."
Міхась Кукабака, у нядаўнім мінулым - вядомы дысыдэнт, актыўны змагар за правы чалавека. Я многа гадоў марыў, ня толькі марыў, але і змагаўся, як мог, за тое, каб беларусы маглі ўрачыста адзначаць гэтае сьвята. Я семнаццаць гадоў правёў у савецкіх лягерох, змагаючыся супроць камуністычнай дэспатыі, супроць савецкай імпэрыі. Па сваіх перакананьнях я - антыімпэрыяліст, я супроць любога імпэрыялізму, хай гэта ў Расеі, Кітаі альбо Індыі. І тое, што мы сёньня тут сьвяткуем Дзень Незалежнасьці Беларусі, я разглядаю як некаторы вынік і ўсяго майго жыцьця.
Ванкарэм Нікіфаровіч

У БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЕ СЬВ. ЮРЫЯ
Губэрнатар штату Ілінойс Джордж Раян да 84-х угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі выдаў праклямацыю, якою аб'явіў дзень 25-га Сакавіка Днём Незалежнасьці Беларусі ў штаце Ілінойс.
Памочніца губэрнатара па этнічных адносінах сп-ня Пат Міхальскі адмыслова наведала Беларускую Праваслаўную царкву Сьв. Юрыя, каб ўручыць праклямацыю сп. Ю. Каленіку, старшыні царкоўнай ўправы.

На здымку: Пат Міхальскі і Ю. Каленік падчас перадачы праклямацыі губэрнатара штату Ілінойсу.