АБ КАНКРЭТНЫХ ДЗЕЯНЬНЯХ. ПЕРШЫ ЧЫН
Небясьпека над беларускай незалежнасьцю навісла з 1994-га году. Цяпер, пасьля грубых заяваў Масквы пра пляны анэксіі Беларусі, гэтая небясьпека набывае агрэсыўныя формы.
Галоўнай першачарговай задачай для беларускага грамадзтва ёсьць абарона суверэнітэту і незалежнасьці Беларусі, змаганьне супраць расейскае агрэсіі.
Беларусы ва ўсім сьвеце мусяць выступіць адзіным фронтам у абароне незалежнасьці нашае дзяржавы. Змагаемся ўсюды, дзе мы ёсьць: ад глухога беларускага мястэчка да Менску, ад Менску да Нью-Ёрку, Отавы, Парыжу, Лёндану і Сыднэю. Жыве нашае беларускае Адраджэньне, жыве Рада БНР, жыве Беларусь!
Асновай змаганьня супраць расейскай агрэсіі й прарасейскага акупацыйнага рэжыму ёсьць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Палажэньні артукула 1-га Канстытуцыі абавязваюць нас стаць на абарону нашай краіны перад пагрозай расейскай акупацыі.
"Артыкул 1. Рэспубліка Беларусь -- унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.
Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыцьцяўляе ўнутраную і зьнешнюю палітыку.
Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць, канстутыцыйны лад, забясьпечвае законнасьць і парадак." (арт.1)
"Не дапускаецца заключэньне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі", - гаворыцца ў артыкуле 8.
"Тэрыторыя Беларусі адзіная і неадчужальная", - вызначае артыкул 9.
"Абарона Рэспублікі Беларусь -- абавязак і сьвяты доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь", - сказана ў артыкуле 57.
Рэспубліка Беларусь зьяўляецца сябрам Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў і мае права на міжнародную падтрымку супраць агрэсара.
Цяпер, калі Масква адкрыта аб'явіла пра плян і тэрмін захопу Беларусі, у той час, калі рэжым узурпатара Лукашэнкі здрадзіў беларускаму народу і Беларускай дзяржаве, стаў выканаўцам расейскіх захопніцкіх плянаў, справу абароны дзяржавы ад зьнешняй агрэсіі, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, павінен узяць у свае рукі беларускі народ на Бацькаўшчыне і ва ўсім сьвеце (куды вымушана закінуў беларусаў лёс і прывяло змаганьне з расейскім імпэрыялізмам).
Першыя крокі мусяць быць зробленыя ў Рэспубліцы Беларусь.
З мэтай абароны ад расейскай агрэсіі паўсюдна (у гарадах, раёнах, вёсках, на прадпрыемствах, ва ўстановах) ствараюцца грамадзкія Камітэты па абароне ад расейскай агрэсіі (Камітэты па абароне).
ПРАГРАМА ДЗЕЙНАСЬЦІ КАМІТЭТАЎ:
- адсочваньне дзеяньняў і кантроль за антыканстытуцыйнай дзейнасьцю чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, навучальных установаў, камандзіраў вайсковых фармаваньняў, сродкаў масавай інфармацыі;
- папярэджваньне аб крымінальнай адказнасьці асобаў, якія праводзяць яўную або ўскосную антыканстытуцыйную дзейнасьць, накіраваную на ліквідацыю незалежнасьці й суверэнітэту Беларусі, на асіміляцыю маладога беларускага пакаленьня, на зьнявагу нацыянальнага гонару і годнасьці беларусаў, на дыскрымінацыю беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў;
- інфармаваньне грамадзянаў пра сутнасьць і небясьпеку для беларусаў хлусьлівай прапаганды пра "шчасьлівую будучыню" у так званай "саюзнай дзяржаве" пад крамлёўскім кіраўніцтвам;
- інфармаваньне беларускага грамадзтва пра неабходнасьць ігнараваньня любых выбараў і рэфэрэндумаў, арганізаваных рэжымам;
- інфармаваньне грамадзянаў, якіх рэжым уцягвае ў свае нібыта "выбарчыя" арганізацыі й "выбарчыя" мерапрыемствы, пра адказнасьць перад дзяржавай Рэспубліка Беларусь і беларускім народам за супрацоўніцтва з акупацыйным рэжымам на карысьць іншаземнай дзяржавы (Расеі);
- інфармаваньне беларускага грамадзтва пра неабходнасьць правядзеньня новых выбараў прэзыдэнта Беларусі пад міжнародным пратэктаратам (без удзелу Расеі як агрэсіўнай краіны);
- інфармаваньне грамадзянаў пра неабходнасьць стварэньня па месцы жыхарства і на прадпрыемствах Камітэтаў самакіраваньня, грамадзкіх ворганаў аховы парадку і самаабароны. Спрыяньне і дапамога ў іхнай арганізацыі.
Беларусам неабходна згуртавацца. Мы павінны пазнаваць адзін аднаго паўсюдна, дзе-б мы ні былі. Трэба гаварыць па-беларуску, насіць і карыстацца нашай сымболікай.
Усім беларусам трэба памятаць пра падступнасьць расейскай агрэсіі й маскоўскага пляну захопу нашай тэрыторыі. Яны прагаварыліся (Селязьнёў, Вішнякоў і іншыя), што стварэньне "саюзу" Беларусі з Расеяй было-б першым этапам на шляху да анэксыі. Тады (пасьля загнаньня ў "саюз") захапіць Беларусь ім было-б ужо лягчэй.
Мы павінны быць цьвёрдымі ў абароне сваёй жыцьцёвай прасторы, сваёй культуры, спадчыны, дзяржавы й незалежнасьці.
Мы мусім заўсёды даваць рашучы адпор нахабству, хамству, варварству акупантаў, чужой агентуры, якая быццам-бы "разважае", што, маўляў, яны ня супраць незалежнасьці, але за "саюз" з Расеяй. Нельга дазваляць антыбеларускую агітацыю.
Трэба брацца за працу і рыхтавацца да змаганьня.

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне"