Слова чытача
На бачынах нашай газэты "Беларус" падымаліся й падымаюцца цікавыя тэмы, якія не пакідаюць нас, беларусаў-эмігрантаў, абыякавымі. Але неяк да гэтага часу не вялася гутарка пра стан нашае сучаснае беларускае літаратуры. Магчыма, гэтая тэма, праблемы сучаснай беларускай літаратуры, не абыходзіць чытачоў "Беларуса". Але мне здаецца, што я памыляюся, бо ня можа стан беларускай літаратуры не хваляваць беларуса. Няхай сабе і не такога заядлага чытача і аматара кнігі як аўтар гэтых радкоў.
Тыя з чытачоў, якія маюць доступ да Інтэрнэту і больш-менш стала наведваюць www.litara.net, бачыну, прысьвечаную праблемам беларускай літаратуры, мабыць зьвярнулі увагу на тое, якія часамі там ідуць дыскусіі, асабліва, калі гаворка заходзіць пра масавую літаратуру, якую яшчэ завуць "поп-літаратураю". Хоць сярэдні беларускі чытач толькі пацісьне плячыма і зьдзівіцца таму, як можна спрачацца наконт таго, чаго няма. Ну няма ў нас сучаснай беларускай масавай літаратуры. Пад "сучаснай" маецца на ўвазе тая літаратура, якая створаная за апошнія дзесяць гадоў ці пасьля здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці.
Размаўляючы са сваімі сябрамі, прыпамінаецца нават дыскусія з доктарам Алаю Орса-Романо. Мне ўвесь час тыкаюць у нос тым фактам, што, маўляў, у Беларусі прыціскаецца беларускае кнігавыдавецтва. Здаецца, ну пра што спрачацца? Мы ўсе ведаем, што рэжым Лукашэнкі не спрыяе беларускай мове, беларускай культуры. Але так адразу казаць пра прыціск... Каб крыху высьвятліць гэтую сытуацыю зьвярнуўся я да асобных сваіх сяброў у Менску, Горадні, нават Гомелі, зьвярнуўся да асобных беларускіх пісьменьнікаў, крытыкаў, зь якімі стала лістуюся. Атрыманая інфармацыя пераканаўча сьведчыць, што на гэты момант з боку дзяржаўных структураў Беларусі няма такога асаблівага прыціску на беларускія кнігавыдавецтвы. Ціснуць іх, як і ўсе бізнэсы: падаткамі, рознымі паборамі. Але асобныя зь іх, выдавецтва Адама Глёбуса, напрыклад, жывуць і нават квітнеюць, кнігі рэгулярна друкуюцца.
Вядома, мне могуць запярэчыць, што справа не такая ўжо бясхмарная, што ёсьць факты. Вось пра гэтыя факты, бязумоўна, было-б цікава пачуць і мне, бо я ні ў якім разе ня зьбіраюся выступаць у ролі адваката дыктатуры Лукашэнкі.
Культура любой нацыі мае пад сабою трывалы падмурак, адным з асноўных складнікаў якога зьяўляецца мова. Прынамсі, мова - гэта тое, што аб'ядноўвае асобных людзей у нацыю. Дзяржаўныя межы, прынамсі ў Эўропе, далёка не заўсёды справядліва, адлюстроўваюць арэал той ці іншай мовы. І калі беларускія мастацтва і музыка толькі апасяроднена грунтуюцца на беларускай мове, то беларуская літаратура - гэта дрэва, якое ўсімі сваімі каранямі ў беларускай мове.
Вось давайце і пагаворым пра "плады з гэтага дрэва". Я адразу хачу папярэдзіць чытачоў газэты, што мае нататкі вельмі суб'ектыўныя. Я з задавальненьнем выслухаю меркаваньні іншых беларусаў, якія цікавяцца літаратураю таксама як і я, для якіх чытаньне кнігаў зьяўляецца адным зь любімых відаў баўленьня часу. Перакананы, што рэдакцыя газэты з задавальненьнем дасьць магчымасьць выказацца маім апанэнтам, як з дыяспары, гэтак і зь Беларусі. Спадзяюся, што такія знойдуцца.
Дык вось, вяртаючыся да тэмы нашай гутаркі, якія "плады" мне, як чытачу, пры гэты вельмі заўзятаму чытачу, можна "зьняць і зьесьці" з гэтага "дрэва". Пазьбягаючы алегорыяў, што мне, канкрэтнаму беларускаму чытачу, можна набыць і пачытаць зь беларускай літаратуры. Сказаць, што кнігі беларускай белетрыстыкі, а менавіта пра яе я і вяду гутарку, не друкуюцца і не выходзяць, было-б адкрытаю хлусьнёю. Кнігі беларускай мастацкай літаратуры працягваюць выходзіць ў Беларусі. Хай сабе і не шматтысячнымі накладамі, але друкуюцца.
Значыцца ня ўсё так дрэнна? Значыцца літаратура жыве? Але тут вельмі цяжка даць адназначны адказ. Калі друкуецца накладам па трыста асобнікаў, як тады? Так, такі стан інакш як "ні жывы, ні памерлы" назваць цяжка.
Задаеш пытаньні беларускім пісьменьнікам і атрымліваеш адказ, што наклады такія маленькія, бо такі попыт. А чаму такі попыт невялікі? Давайце зробім невялікае матэматычнае дасьледаваньне. Увесь час кажуць, што, маўляў, у Беларусі ёсьць 20% нацыянальна-сьведомага насельніцтва. Ну вось давайце палічым. 20% ад 10-ці мільёнаў дасьць нам два мільёны. Ад іх адкінем тры чвэрці (жонкі й дзеці). Застаюцца 500000 спажыўцоў. Ну хай сабе толькі 20% адсоткаў зь іх могуць сабе дазволіць набыць кнігу, то атрымліваецца стотысячны натоўп спажыўцоў. Ну добра, зьменшым і яго ў два разы. Усяроўна застаецца пяцьдзесят тысяч спажыўцоў. Дык чаму наклады па трыста асобнікаў?
Калі ізноў мне скажуць пра нясьведамасьць беларускага чытача, ці пра ягоную эканамічную беднасьць, то я і тады дазволю не пагадзіцца. Бо адведваў я, падчас маёй вандроўкі па Беларусі ў 2000-м годзе, шмат каго зь беларусаў. І ня пераставаў дзівіцца, як мірна ўжываліся на адной кніжнай паліцы кнігі "Беларускага Кнігазбору" (зусім нетанныя) і расейскія баявікі Бушкова ды расейскія пераклады амэрыканскіх фантастаў. Менавіта адна пабачаная там кніга з майго любімага жанру "альтэрнатыўнай гісторыі" й падштурхнула мяне самога ўзяцца за пераклады. Але ня бачыў кнігаў сучаснай беларускай літаратуры. Гэта прымусіла мяне задаваць пытаньні.
Адказы, якія я атрымаў, можна зьвесьці ў адзін сказ з трох словаў: "Беларуская літаратура - нудоціна." Я, вядома, не пагаджаўся, прыводзіў прыклады Караткевіча, Маўра і... Вось на гэтым "і" я і спыняўся, бо больш ня мог згадаць. Пачаў цікавіцца, пачаў задзіраць пісьменьнікаў на розных беларускіх форумах. І вось з майго двухгадовага дасьледаваньня паўстала зусім няпрыгожая карціна: сучасная масавая беларуская літаратура адсутнічае.
Нельга казаць, што ў нас няма таленавітых пісьменьнікаў, якія здольныя гэтую літаратуру ствараць. Дык у чым-жа тады справа? А справа, як мне падказаў адзін з маіх сяброў-пісьменьнікаў, зусім простая. Шмат беларускіх літаратараў жывуць з таго, што пішуць ці выдаюць расейскамоўную масаваую мастацкую літаратуру. А выклаўшыся, - бо расейскія выдавецтвы халтуры й "нудоціны" ня прымуць, тым больш не заплацяць грошы, - на рэштках таленту пачынаюць ствараць беларускую белетрыстыку, бо трэба-ж нацыянальны абавязак выканаць і даказаць сабе і іншым, што ты беларускі патрыёт. І гэта толькі адная з прычынаў.
Здаецца, справа ўжо зусім безнадзейная. Але я-б не стаў рабіць такі змрочны прагноз. Бо апрача гэтага бачу, як падрастае новая гэнэрацыя беларускіх пісьменьнікаў, якія ствараюць беларускую вострасюжэтную літаратуру. З узорам такой літаратуры чытачы газэты "Беларус" і мелі магчымасьць пазнаёміцца ў папярэднім нумары газэты. Мы, беларускія эмігранты, можам і павінны далучыцца сваім цяжка заробленым далярам да зьяўленьня гэтай кнігі ў сьвет. Бо Беларускае Нацыянальнае Адраджэньне пераможа тады, калі беларусы па ўсяму сьвету будуць набываць і чытаць беларускія кнігі. А як іх набываць, калі іх чытаць нецікава?
Раман КАРДОНСКІ