ПРА ДАМЕЙКУ НІ СЛОВА
Нейкі час назад шмат гаварылі пра колішняга чылійскага дыктатара Піначэта, які вярнуўся зь Вялікай Брытаніі, дзе на працягу пару гадоў лячыўся, а пасьля адмахваўся ад розных камуністычных дзеячоў, што намагаліся яго зацягнуць у Гішпанію, каб адказваў за колішнія злачынствы падчас свае дыктатуры ў Чылі. У сваёй краіне цяпер яго таксама могуць пацягнуць за колішнія зьдзекі над апазыцыяй, інсьпіраванай камуністамі - пераважна на загад цэнтру, з Масквы. Чылійскі суд пазбавіў Піначэта імунітэту ад іску "пакрыўджаных".
У 60-х гадох мінулага стагодзьдзя, асабліва пасьля перамогі Фідэля Кастро на "востраве Свабоды", у разгары г. зв. "халоднае вайны", хвалі, інсьпіраваныя з маскоўскага цэнтру, хлынулі на розныя дзяржавы Паўднёвай Амэрыкі. У Чылі зьявіўся ў выбарах на чале дзяржавы прэзыдэнт Альендэ, што пры помачы розных "дзялкоў" з "дзяржаваў сацыялістычнай садружнасьці" ўзяўся на савецкі лад перабудоўваць дзяржаву. На помач яму Масква выслала і ведамага нам зь Пількаўшчыны Максіма Скурко-Танка. У 1967-71 гадох ведамы паэт і шмат маскалямі ўдэкараваны камуніст быў старшынём Вярхоўнага Савету БССР. Галава "сувэрэннай" бэсэсэрыі ў сваім "дзёньніку" ("Полымя", Мн. нр. 3, 1997 г.) дзеліцца ўспамінамі з падарожжа на помач прэзыдэнту Альенду:
"1971. 16.VІІ. Быў на пленуме ЦК КПБ. Мо заўтра пад'еду ў Пількаўшчыну. Схаджу пакланіцца старым і сьвежым магілам.
29. VІІІ. Гасьцініца "Масква". У фае сустрэў членаў нашай парламенцкай дэлегацыі, якая ляціць у Чылі. Зноў узмацнілася мая арытмія. Добра, што з намі ляціць кіеўскі доктар Д. Д. Драздоў."
Далей апісваецца, як ляцелі. Але вось:
"Вальпараіс - даліна руж. Пальмы, эўкаліпты, тунэлі, віражы. Сустрэча з гарнізонам і ўскладанне вянкоў ля манумента нацыянальнага героя Чылі - Артура Прада.
Вілядэльмэль - райская даліна. Сустрэчы з дэпутатамі, рабочымі медзеплавільнага завода і нафтапрыёмніка, якія працуюць на глыбіні 50 мэтраў пад вадой. Тут багацейшыя залежы руды, зь якой выплаўляюць медзь, золата, плаціну, серабро, нікель. Вечарам пазнаёміліся з выступленнямі самадзейных калектываў, з іх надзвычай каларытнымі танцамі, уборамі і песьнямі.
Рэвалюцыя працягваецца, але аб яе поўнай перамозе гаварыць яшчэ рана. Кампартыя налічвае ўсяго 117 тысяч чалавек. Падзеі ў Балівіі павінны завастрыць пільнасць чылійскіх рэвалюцыянераў. Аб гэтым пры сустрэчы з імі гаварыў Л. Карвалан. Вялікае невядомае - армія. Забойства генерала Шнейдара гаворыць аб тым, што рэакцыя стараецца зрабіць яе сваёй ударнай сілай.
На сьцяне палаца прэзідэнта надпіс: "Куба ўжо не самотная". Былі на прыёме ў Алькаледа Вальпараіса, які сустракаўся з Леніным.
4. ІХ. Учора за абедам сядзеў з нейкім генералам, які, даведаўшыся, што я зь Беларусі, пачаў прыпамінаць нашы гарады. Ен, здаецца, у ваеннай школе выкладае геаграфію.
У парку імя Леніна пасадзілі малыя ёлачкі, пальмы.
5. ІХ. Былі на адкрыцці сельскай школы, пабудаванай парламентарамі-камуністамі.
6. ІХ. ...прыляцелі ў Канцэпсіон на сустрэчу з рабочымі сталеліцейнага заводу, на якім працуе каля шасьці тысяч рабочых. Тут самыя багатыя на свеце запасы руды, з самым высокім працэнтам жалеза.
5. ІХ. Вяртаемся ў Сант'яга. У пяць гадзін прыём у прэзідэнта Альенды. Сустрэў ён нас у сваім палацы. Пачалася цікавая бяседа: "Я хацеў Вас запрасіць да сябе... Не зважаючы на ўсе перашкоды мы ідзём наперад. Нацыянальны даход вырас на 7%... Нашы непрыяцелі думалі нас ізаляваць. Мы прарвалі гэтую ізаляцыю... Кожны народ мае права мець урад, які хоча мець. Мы адчуваем пагрозу з боку імперыялістаў. І мы ведаем, што нас чакае самы цяжкі час, бо сілы апазіцыі аб'ядналіся. Але мы за імі сочым. Паглядзім, як будзе далей... Мы прыйшлі да ўлады законным шляхам... Народ нас падтрымлівае, аб чым гаворыць праведзены гэтымі днямі мітынг на аэрадроме, аб якім вы, напэўна, чулі. Перажываем пераходны перыяд, які паможа нам выйсьці на шлях сацыялістычнага будаўніцтва..."
Максім Танк нідзе не ўзгадвае пра Ігната Дамейку, пра якога, пэўне, гутаркі былі. Гэты наш слаўны суродзіч, роджаны ў маёнтку Нядзьведка ў Наваградчыне ў 1802-м годзе, магчыма й быў прычынай таго, што Танкавы натхніцелі выслалі менавіта яго, у той час старшыню Вярхоўнага Савету БССР, на помач камуністу Альенду і ягонай рэвалюцыі ў Чылі.
Вось што чытаем у "БелСЭ", Мн. т. 4, бач. 131: "Дамейка Ігнат... геолаг, даследчык Чылі. Скончыў Віленскі ўніверсітэт, быў пад арыштам як член гуртка Філаматаў. Удзельнік паўстаньня 1830-31 г.г. у Польшчы і на Беларусі, пасьля яго разгрому інтэрніраваны прускімі ўладамі. Скончыў горную школу ў Парыжы (1837 год), з 1838 году прафесар мінералогіі ў Какімба і Сант'яга (Чылі). Арганізаваў шырокае вывучэньне геалогіі і мінералогіі Андаў Чылі, пустыні Атакама, Араўканіі, заснаваў метэаралогію ў Чылі, стварыў этнаграфічны музей. У 1884 годзе наведаў радзіму. Памёр 23.І.1889 году ў Сант'яга. Навуковыя працы Д. Надрукаваны ў 5 тамах. Яго імем названы мінерал дамейкіт, выкапнёвы сьлімак Nautilus Dameycus, фіялка Viola Domeykiana, аманіт чылійскі Amonites Domeykanus, рабочы пасёлак на Поўначы Чылі, хрыбет у Андах.
Літ.: Грицкевич В. П. Путешествия наших земляков. Мн. 1968, ст. 96 - 119.
Альендавы "рэвалюцыянеры", агітаваныя цемрашаламі з "імпэрыі зла", неўзабаве загналі эканоміку Чылі ў тупік. Масавыя дэманстрацыі ў краіне спрычыніліся да зьмены ўлады. Піначэта, які пераняў уладу гвалтоўнай сілай арміі, падтрымала бальшыня нацыі, гаспадарка краіны скора паправілася. Камуністы рабілі сусьветна-гудкі вэрхал, што дыктатар Піначэт іх вязьнічыць, вынішчае...
І ў Канадзе зьявіліся Альендавы "рэвалюцыянеры", грамада розных паўдзённа-амэрыканскіх імігрантаў у нас вырасла.
Памятаю, у гэны час атрымаў я запросіны ад найстарэйшай таронцкай газэты "Глоб энд мэйл" сустрэцца зь іхным карэспандэнтам. Ідэя: паінфармаваць яго пра дыктатара ці рэпрэсіі ў маёй бацькаўшчыне Беларусі.
Сустрэча адбылася, трывала дзьве гадзіны. У часапісе газэты, што выдаваўся раз на тыдзень у сыботу, галоўная ўвага прысьвячалася Піначэту й іншым дыктатарам з трэцяга сьвету. Пра Беларусь з таго абшырнага інтэрвію - ані слова.
Гэтак вось "вольная" канадыйская дый іншая прэса заходніх дзяржаваў тады плялася дый цяпер яшчэ крочыць левымі палітычнымі сьцежкамі.
К. Акула
Сёлета ў ліпені спаўняецца 200 гадоў зь дня нараджэньня нашага славутага земляка Ігната Дамейкі.

На здымку: Кастусь Акула ля сваего дому ў Таронта.