ДЭМАНСТРАЦЫЯ ПРАТЭСТУ Ў НЬЮ ЁРКУ
23-га сакавіка нью ёрскі аддзел БАЗА ладзіў акцыю пратэсту супраць анты-беларускага рэжыму Лукашэнкі й экспансыянісцкай палітыкі Расеі ў Беларусі. Акцыя пачалася перад гмахам штаб-кватэры Аб'еднаных Нацыяў на 1-й Авэню. Напачатку старшыня аддзелу сп. Зайка павіншаваў усіх з надыходзячым нацыянальным сьвятам 25-га Сакавіка і адзначыў, што Ўстаўныя Граматы Рады БНР, прынятыя 84 гады таму, праклямавалі свабоду слова, свабоду друку, свабоду сходаў ды іншыя дэмакратычныя правы й свабоды. Нажаль, сёньня Беларусь так і не здабыла гэтых свабодаў, і ня мае сапраўднай волі й незалежнасьці. "Таму сёньня мы выходзім выказаць слова пратэсту супраць манархічнай улады Лукашэнкі, супраць даўгіх рук ягоных маскоўскіх гаспадароў, што вырашаюць лёс нашага краю і ўлезьлі ў кожную дзялянку палітычнага, эканамічнага й грамадзкага жыцьця Беларусі. Нажаль, ня ўсім бачная небясьпека для ўсяго сьвету з боку аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, і шмат якія краіны, асабліва ў Радзе Эўропы, праз пальцы глядзяць на рэжым у Менску і на ягоную падтрымку Расеяй. Таму мы ўдзячныя ўраду ЗША за ўвагу да падзеяў у Беларусі, але разам з тым заклікаем больш жорстка паставіцца да Расеі як асноўнага й адзінага апірышча рэжыму. Мы падтрымліваем змагароў супраць рэжыму ў Беларусі, патрабуем спыніць зьнішчэньне беларускай мовы й здушэньне беларускай культуры!"
Старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелойць нагадаў асноўныя этапы змаганьня за апошнія 84 гады й сказаў: "Справа змаганьня за вольную Беларусь каштавала многіх тысячаў жыцьцяў, і сёньня мы ўспамінаем усіх, хто загінуў за Бацькаўшчыну. Але справа гэтая прыцягвае новыя й новыя сілы, і мы верым, што яна пераможа. У нашых сілах - наблізіць гэтую перамогу". Прамоўца асабліва падкрэсьліў небясьпеку апошніх захадаў рэжыму на здушэньне свабоды друку й перасьлед незалежных газэтаў і нагадаў пра неабходнасьць падтрымаць ахвяраў перасьледу. Удзельнікі дэманстрацыі трымалі беларускія нацыянальныя сьцягі, плякаты з выказамі пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі й расейскага імпэрыялізму, скандавалі лёзунгі "Жыве Беларусь", "Далоў Лукашэнку".
Дэманстранты са сьцягамі й плякатамі прайшлі на 67-ю вуліцу, да беларускай і расейскай місыяў пры ААН, дзе працягнулі акцыю пратэсту, скандуючы лёзунгі, сьпяваючы нацыянальныя песьні й раздаючы мінакам улёткі пра акцыю. Прадстаўнікі місыяў адмовіліся прыняць ліст пратэсту, і супрацоўнік "ворганаў" пачаў фатаграфаваць удзельнікаў акцыі. Наагул прайшла яна ўдала, і кіраўніцтва аддзелу дзякуе ўсім, хто прыйшоў падтрымаць братоў і сёстраў у Беларусі й выказаць пратэст супраць дыктатуры.

Віталь Зайка