ДЭМАНСТРАЦЫЯ Ў НЬЮ ЁРКУ
4-га траўня на Першай Авэню нью ёрскі аддзел БАЗА правёў дэманстрацыю пратэсту супраць палітыкі рэжыму Лукашэнкі, скіраванай на вынішчэньне культуры й мовы беларускага народу і на ігнараваньне патрэбаў людзей, што апынуліся ў зоне чарнобыльскай радыяцыі. Старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка адзначыў, што беларусы Амэрыкі салідарныя са змаганьнем нацыянальных дэмакратычных сілаў на Бацькаўшчыне за свабодную й сапраўды незалежную Беларусь, за спыненьне этнацыду і забесьпячэньне нармальнага нацыянальна-культурнага разьвіцьця, за годныя эканамічныя і сацыяльныя ўмовы жыцьця для людзей. Усяму гэтаму перашкаджае дэмагагічны рэпрэсыўны рэжым, што карыстаецца неабмежаванай падтрымкай Расеі, і дзеля гэтага барацьба супраць рэжыму і ягоных маскоўскіх паганятых ёсьць барацьбой ня толькі за незалежнасьсьць, мову ды культуру, але й за фізычнае выжываньне нацыі.
Сп. Зянон Пазьняк у свім выступе адзначыў, што праз 16 гадоў пасьля Чарнобыльскай аварыі асабліва выразна бачнае стаўленьне рэжыму Лукашэнкі да беларускага народу, калі праз масавыя сродкі на ўсю краіну ідуць заявы пра тое, што быццам ніякай небясьпекі ў пацярпелых ад Чарнобылю раёнах ужо няма, і там можна бяз шкоды для здароўя жыць і вырабляць сельскагаспадарчыя прадукты. Рэжыму напляваць на людзей, іхнае здароўе і дабрабыт. Фактычна ідзе эксплюатацыя цэлай краіны для патрэбаў малой купкі прайдзісьветаў, што на сьлязах і пакутах людзей залатвяюць свае пэрсанальныя, "шкурныя" патрэбы. І каб людзі не змаглі ачуняць, выйсьці з трансу, зразумець, што яны ёсьць народам, гаспадарамі, а ня служкамі - рэжым нішчыць культуру гэтага народу, выкараняе беларускую мову, імкнецца ўбіць у галовы, што зьнявага ўсяго свайго і ўсхваленьне чужога, расейскага - гэта добра.
Разбурэньні Чарнобыля радыяцыйнага ідуць поруч з разбурэньнямі, што нясе Чарнобыль духовы. І таму мы мусім змагацца з гэтымі разбурэньнямі й з рэжымам, які адказны за гэтыя разбурэньні, каб нашыя людзі здолелі збудаваць для сабе вольнае, заможнае, шчасьлівае жыцьцё.
Удзельнікі дэманстрацыі з плякатамі й нацыянальнымі беларускімі сьцягамі ў руках скандавалі лёзунгі: "Беларусь-так! Лукашэнка-не!", "Жыве вольная незалежная Беларусь!", "Далоў расейскі імпэрыялізм", сьпявалі беларускія патрыятычныя песьні, раздавалі мінакам улёткі пра мэты дэманстрацыі. Быў прыняты зварот да амэрыканскіх уладаў.

Віталь Зайка