Беларуская дыяспара ў сьвеце
(Слова "дыяспара" ўзятае з грэцкае мовы й абазначае частку народу, якая жыве разцярушана па сьвеце па-за межамі сваёй айчыны.)
Беларуская дыяспара жыве па цэлым сьвеце, у некаторых краінах вялікімі грамадамі, у іншых - амаль адзінкамі. Яна цяпер знаходзіцца ў большай колькасьці ў наступных краінах сьвету: ЗША, Канадзе, некаторых краінах Паўднёвай Амэрыкі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Францыі, Бэльгіі, Галяндыі, Гішпаніі, Італіі, Швайцарыі, Нямеччыне, Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы, Баўгарыі, Летуве, Латвіі, Эстоніі, у краінах Скандынавіі, Расеі, Украіне і шэрагу іншых краінаў былога СССР.
У 16-ці з гэтых краінаў беларуская дыяспара мае свае арганізацыі й установы. У 14-ці зь іх жывуць сябры Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Існуе 7 Сэктараў Рады БНР і прадбачыцца заснаваньне яшчэ некалькіх.
У гэтых краінах праводзяць сваю дзейнасьць дзесяткі розных арганізацыяў і ўстановаў. Сярод іх ёсьць грамадзкія, палітычныя, культурна-асьветныя, навуковыя, выдавецкія, камунікацыйныя, арганізацыі моладзі й студэнтаў, розныя фонды й фундацыі, рэлігійныя ўстановы розных веравызнаньняў і юрысдыкцыяў, дабрачынныя ўстановы ды дзесяткі, калі ня сотні, прадпрыемстваў, уласьнікамі якіх альбо кіраўнікамі зьяўляюцца прадстаўнікі беларускай дыяспары.
Гэта магутны чалавечы й арганізацыйны рэсурс. Часткі яго розьняцца сваёю важнасьцю, сваімі поглядамі, даўжынёю свайго існаваньня, некаторыя нават варожыя між сабою, аднак лучыць іх адное - гэта жаданьне бачыць Беларусь незалежнаю і свабоднаю дзяржаваю. Гэта тыя людзі й арганізацыі, якія патрэбныя, каб выканаць так пільныя цяпер заданьні вакол незалежнасьці Беларусі. Хоць гэткія арганізацыя часта фармальна не зьвязаныя паміж сабою, яны здольныя да кантактаў і супрацоўніцтва, каб дасягнуць тую агульную мэту - захаваньне незалежнасьці Беларусі.
Цяперашняе актуальнае заданьне Рады БНР - гэта ведаць аб іх, інфармаваць іх ды трымаць сталую сувязь з імі.
(На мінулай Сэсіі Рады БНР была прынятая пастанова скласьці як найшырэйшую сусьветную базу дадзеных беларускага замежжа. Просім прысылаць такія дадзеныя на адрас газэты.)
Вячка СТАНКЕВІЧ