РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ


ПРЭЗЫДЫЮМ

ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ Ў ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ

27-га лістапада 2002-га году Атава, Канада
Дарагія суродзічы!
Ад тмя Рады Беларускае Народнае Рэспублікі вітаю Вас з угодкамі слаўнага Слуцкага Збройнага Чыну. Наш народ мае права ганарыцца Слуцкімі героямі, якія былі гатовыя аддаць свае жыцьці, каб жыла Бацькаўшчына!
Небясьпека незалежнасьці Беларусі значна завастрылася ў гэтым 2002-м годзе. Пасьля сямі гадоў гульні ў саюз з Расеяй і недапушчальнай замежнай палітыкі ў дачыненьні да вольнага сьвету, Лукашэнка давёў наш край ня толькі да поўнай ізаляцыі, але і да адмоўнага стаўленьня да Беларусі з боку нават найбольш дабразычлівых заходніх дзяржаваў. Маскве толькі гэтага і патрэбна. Беларусь цяпер ізаляваная нагэтулькі, што Пуцін не пасаромеўся прапанаваць уключыць яе ў склад Расеі.
Калі наш народ не дакажа, што ён зьяднаны ў змаганьні за сваю незалежную і дэмакратычную дзяржаву, і што ён не дазволіць, каб усходні сусед зноў паняволіў яе, Захад можа даць Пуціну вольную руку. А тут няма патрэбы прыпамінаць, як Масква адносіцца да народаў свае імпэрыі, якія жадаюць з-пад яе вызваліцца. Хопіць глянуць на падзеі ў Чачні.
І таму, дарагія Суродзічы, карыстаю гэтую нагоду, каб заклікаць Вас да салідарнасьці з усімі тымі, хто бароніць незалежнасьць, дэмакратыю і добрае імя нашага краю. Шануйце тых, хто змагаецца за Ваш дабрабыт, за Вашую годнасьць. Выказвайце ім сваю падтрымку. Трэба, каб сьвет пабачыў, што народ наш не прадасьць ужо сваёй душы за некалькі "чырвонцаў". А там, дзе моцная душа, і зброя можа аказацца непатрэбнаю. Самая моцная сіла ў адзінстве. У салідарнасьці вакол ідэалу свабоды будзе найбольш пасьпяховая нашая абарона перад агрэсыяй адкуль-бы яна не ішла.
Ведаю, што гэта вымагае з Вашага боку мужнасьці й адвагі. Але-ж гэтую мужнасьць і адвагу мелі нашыя папярэднікі, у тым ліку гераічныя ўдзельнікі Слуцкага Збройнага Чыну. Няўжо у нас яе ня стане? Дык дапамажы нам Божа!
Жыве Беларусь!
Івонка СУРВІЛЛА
Старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі