Нашыя дзяды - заўсёды з намі
Дарагія землякі!
2-га лістапада вялікае для беларусаў сьвята - Дзяды. Дзень Памяці, час размоваў і сумоўя з продкамі. Нам ёсьць пра што пагаварыць. Нашы нявінна забітыя дзяды ёсьць цяпер нашая духоўная сіла.
Ніхто ня можа зрабіць нам крыўды, не абмінуўшы магілаў нашых дзядоў. Таму ўсе непрыяцелі Беларусі стараюцца іх абыйсьці, ня ўспомніць, затаптаць, зьнішчыць, ці хоць-бы забыць, сьцерці памяць пра генацыд. Бо ведаюць, здагадваюцца, што няма праўды ў тых, хто забіў і зьневажае пахаваньні забітых.
Яны цьвердзяць, блюзьнераць услых. Непатрэбна, маўляў, беларусам беларуская мова, і зачыняюць школы, і паляць падручнікі, і кажуць: "Глядзіце, беларусы маўчаць, яны ня хочуць сваёй мовы".
Але тады трэба сказаць гэтым нягоднікам - хай яны спытаюць у тых, хто не маўчаў, хто быў разумным, працавітым і добрым, хто любіў мову і Беларусь, і каго яны (іхнія папярэднікі) за гэта забілі.
Дзе яны? Яны ляжаць у Курапатах.
А чаму? Хто іх забіў? І за што?
Тутака іх сотні тысячаў, а па Беларусі, па мерзлым Сібіру, па стэпах Казахстану, за Палярным Кругам - іх мільёны. Гэта мільёны беларускіх галасоў, што вечна гучаць за нашую Бацькаўшчыну, Мову і праўду.
У іх не пыталіся. Іх забілі, бо вядомы быў іхны адказ.
І ў гэтых магілах, таксама ёсьць нашая сіла.
Так збудаванае жыцьцё, што той, хто забівае, хто праводзіць вынішчэньне і генацыд, - той ніколі не дасягае праўды. Праўда застаецца не ў забойцаў, а ў тых, каго забілі. І гэтая праўда расстраляных мільёнаў беларусаў ёсьць нашаю агульнаю праўдаю, перададзенаю нам у спадчыну.
Гэта ёсьць наш пакутніцкі незьнішчальны капітал нашай несьмяротнай ідэйнай сілы. І ніякае пытаньне беларускага лёсу ня можа быць вырашана без уліку гэтай сілы, без мільёнаў галасоў Беларускай праўды, за якія заплочана жыцьцямі.
Вось хай гэтыя нашчадкі забойцаў падымуць з магілаў мільёны забітых імі беларусаў і спытаюць у іх, ці хочуць яны вольнай Беларусі, ці хочуць яны беларушчыны (ці, можа, расейшчыны)? Бо мы, хто абараняе іхныя магілы ад нашчадкаў забойцаў, ведаем, за што забівалі наш народ. Забітыя - з намі. І мы ўлічваем іхную волю.
Гэта той аспэкт сьмерці, пра які ведаюць усе духоўна разьвітыя народы, але - не разумеюць бязбожнікі й забойцы. Лёсы народаў важацца ня толькі на Зямлі, але і на Небе, і Курапаты вельмі паказна адчыняюць заслону гэтай глыбокай і павучальнай ісьціны.
Трэба шанаваць дзядоў.
Кожная забітая душа мусіць мець свой Крыж над супольнай магілай, свой знак нашай памяці. І крыжы гэтыя, рукатворныя, трэба прынесьці на руках, бо гэта - ахвяра. Толькі тады будзе вечна вырастаць Народны Мэмарыял і вечна існаваць у гісторыі Беларусі. Народны Мэмарыял расстраляных у Курапатах - гэта ёсьць абавязак жывых.
Калі хто думае, што прымацаваўшы сваю таблічку на крыж, пастаўлены іншымі людзьмі, гэтым самым ён ужо склаў сваю ахвяру, - той глыбока памыляецца. Такі чалавек дэманструе сваю няшчырасьць і ляноту. Дзяды не пачуюць яго. Бо нельга быць няшчырым з памерлымі.
Ёсьць аднак людзі, якія па розных прычынах ня маюць магчымасьці і ня ў стане самы зрабіць крыжовую ахвяру. Тады трэба, каб ім дапамаглі іншыя. І тут патрэбная нашая Беларуская салідарнасьць, нашыя агульныя фонды й зборы на Сьвятую справу Памяці Курапатаў.
Мы павінны памятаць таксама, што з Курапатаў пачаўся Беларускі Народны Фронт і новае беларускае Адраджэньне. Таму ворагі беларушчыны й нашчадкі НКВД ня спыняцца ў сваёй агрэсіі супраць Курапатаў, пакуль будзе існаваць іхняя ўлада ў нашай краіне. Мы мусім быць гатовымі ўвесь час абараняць магілы продкаў.
Мы павінны несьці па ўсёй Беларусі зьвесткі пра Курапаты, пра існаваньне Народнага Мэмарыялу, пра ягонае значэньне для лёсу краіны. Беларусы павінны пра Курапаты ведаць, падтрымліваць нашу мэмарыяльную памяць, абараняць яе ад зламысьнікаў і дапамагаць сабе.
Хай-жа заўсёды гараць агні нашай памяці. Хай нішто і ніхто ня будзе ніколі забыты. Хай гучыць наш духоўны гімн і наша сьвятая Беларуская мова. Хай вечна жыве Беларусь!
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня БНФ "Адраджэньне"