АДЧУВАНЬНЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ЕДНАСЬЦІ
У Менску адбыўся ўрачысты вечар, прысьвечаны 85-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці БНР. На жаль, толькі некалькі сотняў чалавек сталі відавочцамі гэтай цікавай і важнай падзеі. Не знайшла яна адлюстраваньня і на старонках СМІ. Таму я хацеў-бы падзяліцца сваімі ўражаньнямі з чытачамі "БЕЛАРУСА".
Арганізатарам вечарыны ў ДК "Сукно" выступіў Аргкамітэт па святкаванні ўгодкаў, у які ўвайшлі МГА "Згуртаваньне Беларусаў Сьвету "Бацькаўшчына", Беларускі Гэльсінскі Камітэт, Кансэрватыўна-Хрысціянская партыя БНФ, Аб'еднаная Грамадзянская партыя. Узначаліў камітэт народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў.
Распачалося мерапрыемства выкананьнем гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", які яшчэ завецца "беларускаю марсэльезаю". Вядучая вечару - жывая легенда айчыннага тэлебачаньня і беларускага адраджэнцкага руху Зінаіда Бандарэнка. Усе зь задавальненьнем слухалі аудыё-віншаваньні з Прагі ад Васіля Быкава і Івонкі Сурвіллы.
З урачыстымі прамовамі выступалі прэзыдэнт "Згуртаваньня Беларусаў Свету" Бацькаўшчына" прафэсар Анатоль Грыцкевіч, акадэмік Радзім Гарэцкі. Палымяную і, як заўсёды, злабадзённую публіцыстыку народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча зала вітала ўжо стоячы.
Урачысты сход сабраў ведамых грамадзкіх і палітычных дзеячаў, навукоўцаў: акадэміка-беларусіста Адама Мальдзіса, лідэра сацыял-дэмакратычнай партыі Станіслава Шушкевіча, паэта Сяргея Законьнікава, Старшыню Таварыства Беларускай Мовы імя Ф.Скарыны Алега Трусава, навукоўца-гэральдыста Леаніда Акаловіча… Асабліва прыемна, што ў залі было шмат моладзі.
Усьлед за афіцыйнаю часткаю распачалася музычная імпрэза, якая магла задаволіць густ кожнага прысутнага. На сцэне з посьпехам выступалі: славуты фальклёрны гурт "Ветах" зь вясновымі песнямі й карагодамі, легенда беларускага абрадавага фальклёру гурт "Ліцьвіны", гурт сярэднявечнай беларускай музыкі "Стары Ольса", мужчынскі хор "Унія" з творамі беларускіх кампазытараў мінулага і сучаснасьці, а таксама лаўрэат міжнародных конкурсаў тэатр танца "Карагод".
Вечарына набліжалася да заканчэньня, а пакідаць гэтую "казку" зусім не хацелася. Бо ў гэтыя паўтары гадзіны душэўнага яднаньня мы адчулі сябе НАРОДАМ - БЕЛАРУСАМІ!
Над заляю луналі бел-чырвона-белыя сьцягі й панаваў па-сапраўднаму сьвяточны настрой. На разьвітаньне прысутныя разам з "Уніей" прасьпявалі гімн нацыянальнага Адраджэньня на музыку Міколы Равенскага і словы Натальлі Арсеньевай "Магутны божа".
Дык будзьма-ж вернымі ідэалам БНР!
Жыве Беларусь!

Кастусь ЛАШКЕВІЧ, Менск