Хто такі Эссон - прыяцель Алеся Гаруна?
У газэце "Наша Ніва" (Менск, 8 жніўня) у рубрыцы "Культура" выдрукаваны кароткі агляд-рэцэнзія Анатоля Сідарэвіча на нядаўна выдадзеную кнігу Алеся Гаруна "Выбраныя творы" (Менск, Беларускі Кнігазбор, 2003).
У новай кнізе, як выглядае (нажаль, самой кнігі я яшчэ не займеў), ёсьць разьдзел успамінаў, сярод якіх зьмешчаныя мэмуары Эссона, каторы, як правідлова заўважае А. Сідарэвіч, беларускаму грамадзтву няведамы. Цьверджаньне слушнае. І гэтая зацемка мае на мэце тое цьверджаньне крыху "расьсьвятліць".
Эссон - псэўдонім А. Зураева, каўказкага дасьледніка і дзеяча, асеціна па нацыянальнасьці, аўтара колькіх працаў па этнаграфіі й гісторыі Асеціі. Я зь ім пазнаёміўся ў 1960-x гадох у Нью Еркаўскай Публічнай Бібліятэцы, дзе я працаваў, а Эссон быў чытачом. Калі сп. Эссон даведаўся, што я - беларус, ён сказаў, што некалі, у маладосьці, быў добра знаёмы й нават сябраваў зь іншым беларусам - Aлесям Прушынскім.
У мяне ў той час амаль заняло дух: я пазнаёміўся з чалавекам, які ведаў нашага вялікага паэта-пачынальніка, палітычнага дзеяча Алеся Гаруна! Гэтак паўсталі, выплылі з памяці Эссона згаданыя ўспаміны.
Некалькі словаў пра Эссона. Ен зь Сібіры, пасьля 1917-га году трапіў у ЗША, скончыў інжэнерны факультэт унівэрсітэту. Доўгі час працаваў па фаху ды паралельна дасьледваў розныя аспэкты гісторыі Асеціі. У гадох 70-x Эссон адведаў Каўказ, быў у роднай Асеціі. Прынцыпова ніколі не зьмірыўся з савецкім ладам. Эссон-Зураеў быў прыхільнікам нацыянальных дзяржаваў, а не імпэрыі.
Я з Эссонам сябраваў даўгавата. Ен мне хацеў аддаць сваю бібліятэку, у якой былі кнігі Карскага, Карамзіна ды іншыя цікавыя выданьні. Нажаль, я ўсё адкладаў свой візыт да яго, пакуль Эссон не адыйшоў у лепшы сьвет у 70-x. Адну кнігу ягонага аўтарства я перадаў у Нацыянальную Бібліятэку Беларусі.
Вось хто быў Эссон - прыяцель Алеся Гаруна, аўтар успамінаў пра яго.
Вітаўт КІПЕЛЬ