ПРА МІХАСЯ ГАНЬКА І ЎСЕВАЛАДА РОДЗЬКУ
Напярэдадні праваслаўнага Вялікадня, едучы з Польшчы ў Беларусь, памёр беларускі грамадзкі дзяяч і літаратар, вэтэран нацыянальнага руху Янка Жамойцін (1922 - 2003). Ен не дажыў да 60-х угодкаў стварэньня Саюзу Беларускай Моладзі...
Я. Жамойцін нарадзіўся на Лідчыне ў 1922-м годзе. Вучыўся ў Варшаве і Наваградку. У сьнежні 1942-га ўступіў у падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю, быў ёю пасланы на працу ў СБМ, ачоліў Наваградзкую акруговую арганізацыю. У 1944-м годзе Жамойцін выехаў на Захад, але праз год перабраўся ў Польшчу. У 1949-м годзе быў арыштаваны й асуджаны на 25 гадоў канцлягероў. У Польшчу вярнуўся толькі празь сем гадоў. У 1996-м годзе ў Беластоку ў зборніку "Лёс аднаго пакаленьня" былі надрукаваныя ўспаміны Янкі Жамойціна "З перажытага". Не пра ўсё аднак ён рашыўся ў іх напісаць. Напрыклад, пра тое, што пасьля вайны спатыкаўся ў Польшчы з былым кіраўніком СБМ Міхасём Ганьком.

Ганько ішоў у Беларусь праз Украіну
У сваёй публікацыі "Што новае ў гісторыю СБМ уносяць "Вырваныя бачыны" Лявона Юрэвіча", зьмешчанай у "Беларускім дайджэсьце" (2001, № 10, кастрычнік; гэтая-ж публікацыя пазьней зьявілася ў часапісе "Bialoruskie Zeszyty Historyczne" (2002, № 17), Жамойцін пісаў: "Лёс Міхася Ганька да канца не выясьнены, аднак з выказваньняў Міколы [Ганька] і іншых улікаў вынікае, што "Доктар" (псэўдонім Міхася) прабываў у Польшчы... Праўдападобна, ня час яшчэ на поўнае выясьненьне".
У прыватнай размове ў чэрвені 2001-га году Янка Жамойцін распавёў мне, што ў 1947-м годзе ў адным з польскіх гарадоў на вуліцы спаткаў былога шэфа СБМ. Праўдападобна, адбылося гэта ва Ўроцлаве. Ганько быў апрануты ў плашч і капялюш, рукі трымаў у кішэнях. Яны пазналі адзін аднаго, але не загаварылі й кожны пайшоў сваёю дарогаю. Больш яны не спатыкаліся. Пра гэтую сустрэчу Я. Жамойцін прасіў мяне нідзе ня згадваць, таму раблю гэта толькі цяпер, пасьля ягонай сьмерці.
Янка Жамойцін браў пад сумнеў магчымы ўдзел Ганька ў антыбальшавіцкай партызанцы на Бацькаўшчыне, лічыў, што той хаваўся ў Польшчы. "Дасюль ніхто з групы Родзькі, адыходзячай з Чэхаславакіі ў Беларусь не назваў сярод адступаючых прозьвішча Ганька, не згадана пра яго і сярод паветраных дэсантнікаў, нікому не ўдалося напаткаць яго рэальныя сьляды побыту на Бацькаўшчыне пасьля вайны", пісаў ён у згаданай публікацыі. Сапраўды, рэальныя сьляды нам пакуль што невядомыя, але вядомы шлях, якім Ганько мог патрапіць у другой палове 1945-га ў Беларусь.
Брат Міхася Мікола Ганько ў інтэрвію Лявону Юрэвічу (Вырваныя бачыны. Менск, 2001, с. 26) распавядаў, што разьвітаўся зь ім у пачатку траўня 1945-га ў Чэхіі. "Яны пайшлі праз Карпаты, а там у Белавежу", казаў ён. Разам зь Міхасём была група сяброў СБМ. Гэтую вэрсію пацьвярджае ўкраінская крыніца. І. Федзік у лёнданскай газэце "Украінська думка" 25-га студзеня 1996-га году (перадрук - "Зважай" (Таронта), 1996, № 4, чэрвень) пісаў: "Беларускія нацыяналістычныя партызаны падтрымлівалі сувязь з УПА. Адзін з беларускіх атрадаў, што прарваўся зь Нямеччыны акружным шляхам, апынуўся ў Карпатах. І тут украінскія паўстанцы дапамаглі беларусам, чым маглі, а потым праз Галіччыну і Валынь пераправілі іх у родныя лясы". Зусім магчыма, што тут маецца на ўвазе менавіта аддзел Міхася Ганька.
Пра лёс шэфа СБМ пасьля спыненьня партызанкі існуюць шмат вэрсіяў. Яго, нібыта, бачылі ў савецкім канцлягеры, шукалі ў 1950-х на ўсіх абшарах СССР. А яго брат быў упэўнены, што Міхась не патрапіў у рукі чэкістаў, прынамсі, жывым. І схіляўся да думкі, што ён спакойна жыў, так і не выкрыты, у Польшчы. Зноў-жа, па чутках, М. Ганько здолеў перабрацца ў Заходнюю Нямеччыну, дзе жыў, аж пакуль у 70-х гадох не загінуў у аўтакатастрофе.

Родзька жыў у Расеі
Янка Жамойцін у згаданай вышэй публікацыі заўважыў, што нічым не даказаная інфармацыя пра расстрэл бальшавікамі Ўсевалада Родзькі. Жамойцін спасылаецца на сьведчаньне зямлячкі Родзькі, жыхаркі Варшавы Надзеі Рамановіч (Сіўко), пра яго знаходжаньне ў савецкім канцлягеры. Пры той размове зь ёю прысутнічаў і я, запісваючы ўспаміны на дыктафон.
Па словах Рамановіч, яе стрыечная сястра Ірма Зайко ў час нямецкай акупацыі пабралася шлюбам з старшынём Менскага павету Мечыславам Контаўтам. Жылі яны ў Менску. Тады Зайко-Контаўт і пазнаёмілася з Родзькам. Увосень 1943-га М. Контаўт адправіў жонку ў Варшаву, сам-жа выехаць не пасьпеў - быў забіты савецкімі партызанамі. У канцы вайны ў Ірмы Зайко зьявіўся новы муж - савецкі афіцэр, зь якім яна выехала ў Кіеў. Адтуль спрабавала нелегальна перайсьці мяжу ў Польшчу, да маці, але была затрыманая. Дзяржбясьпека выкрыла яе мінулае і асудзіла на 15 ці 20 гадоў канцлягероў.
І. Зайко адбывала пакараньне ў Сібіры (на жаль, Рамановіч ужо не памятае дакладнай мясцовасьці). У 1956-м годзе па амністыі яе вызвалілі і яна прыехала ў Менск. Праз год з Польшчы ў Менск прыехала да сваякоў Надзея Рамановіч, спаткалася і з Ірмаю.
"Ведаеш, я там Родзьку спаткала, - сказала Зайко. - Ужо пасьля амністыі, калі мяне вызвалілі. Яго ці на работу, ці з работы гналі, і я яго ўбачыла, пазнала. І ён мяне пазнаў. "Ну, Вова, вызваліліся мы!", - кажу. А ён кажа: "Ты вызвалілася, а я то не. Я пад амністыю не пападаю". Родзька сказаў, што дастаў 25 гадоў турмы. "Мала таго, - казаў ён. - Пасьля адбыцьця тэрміну я маю забарону вяртацца на Радзіму. Мушу тут застацца".
Гэта ўсё, пра што распавяла Рамановіч Ірма Зайко. Толькі праз 14 гадоў гэтая вестка дайшла да сям'і Родзькі ў ЗША. Надзея Рамановіч у 1971-м годзе гасьціла ў сяброўкі ў Дэтройце ды патэлефанавала бацьку Ўсевалада, Філарэту Родзьку. Так вестка пра знаходжаньне Ў. Родзькі ў Сібіры пашырылася на эміграцыі.
Калі Родзька выжыў у канцлягеры й застаўся жыць у Сібіры, ён мог пашукаць сваіх старых сяброў. Найлягчэй гэта было зрабіць праз Вільню, дзе жылі браты Юрка і Лявон Луцкевічы, Антон Шантыр. Аднак іх і іншых (Янку Гінько, Рыгора Зыбайлу) ён не шукаў, не спрабаваў перадаць вестку і за мяжу, дзе знаходзілася ягоная сям'я. Альбо Ўсевалад загінуў у зьняволеньні, альбо ён ня мог дараваць сабе "ўласнаручных паказаньняў" у турме дзяржбясьпекі, якія падстаўлялі некаторых сяброў БНП, што засталіся ў Беларусі. Таму і распачаў новае жыцьцё, магчыма, з новаю сям'ёю, спрабуючы забыцца пра сваё мінулае. Кажуць, што ў 70-ыя гады, калі дзяржбясьпека, па адной былой справе выклікала на допыты сяброў БНП, галоўным "кансультантам" быў Я. Гінько, які жыў у Маскве (да яго, паралізаванага, езьдзіў сьледчы), а пра Родзьку нічога ня згадвалася...
Сяргей Ерш

На здымках: перад сваімі выхаванцамі прамаўляе Міхась Ганько. Менск, 1944 г.; Алесь Пушкін. Партрэт Усевалада Родзькі.