ГІСТОРЫЯ ГАЗЭТЫ "БЕЛАРУС"
Першы нумар нашае газэты пабачыў сьвет 20 верасьня 1950 году, рэдагаваў яго Леанід Галяк. Напачатку яна выходзіла нерэгулярна, кожныя 2-4 месяцы. Быў час, калі не выходзіла зусім: паміж 20 верасьня 1958 году (нумар 70) і лістападам 1961 году (нумар 71), а таксама паміж 2000 і 2002 гадамі.
І калі сам назоў газэты не мяняўся ад часу заснаваньня, англамоўныя падзагалоўкі выданьня адлюстроўвалі цікавыя працэсы: статус газэты ў беларускім грамадзтве на выгнаньні, з аднаго боку, і статус Беларусі, ейнага назову ў грамадзтве амерыканскім. Гэтак, на нумары 2 (26) ад 24 студзеня 1953 году пазначана "Whiteruthenian (Byelorussian) newspaper in the USA", на нумары 71 за лістапад 1961 году "Bielarus. Byelarussian Newspaper", а з нумару 80 за лістапад 1963 году новага, пабольшанага фармату, калі зьявілася старонка "Весткі з Канады", - "Часапіс беларусаў Паўночнае Амэрыкі. Bielarus. Byelorussian Newspaper of North America - New York-Toronto". Былі й далейшыя зьмены: з нумару 136 за ліпень-жнівень 1968 - "Газэта беларусаў у вольным сьвеце. Bielarus. Byelorussian Newspaper in the Free World", а з нумару 393 за верасень 1992 году - "Belarusan Newspaper in the Free World".
Леанід Галяк (31.10.1910, Вільня - 3.04.1980, Стамфорд, Канэктыкут), першы рэдактар газэты, сябра Рады БНР, быў выхаванцам юрыдычнага факультэту Віленскага Ўнівэрсытэту. Падчас вайны жыў у Менску, працаваў юрыстам. Улетку 1944 году выехаў у Нямеччыну, пазьней апынуўся ў ангельскай зоне, дзе стаўся адным з заснавальнікаў Саюзу Беларускіх Журналістаў, часапісу "Летапіс Беларускай эміграцыі". У 1949 годзе пераехаў у ЗША. Ен пакінуў малаведамыя ў нашай грамадзе цікавыя, кантраверсыйныя двутамовыя "Ўспаміны", дзе апісаў і сваю працу ў рэдакцыі, і прычыны выхаду з Рады БНР у 1955 годзе, распавёў гісторыю паўстаньня Камітэту Вызваленьня Беларусі, даў сваё, адрознае ад прынятага, бачаньне і разуменьне падзеяў ды асобаў.
Акрамя Л. Галяка, у газэце на працягу гадоў працавалі А. Адамовіч, Н. Арсеньнева, Ул. Бортнік, Я. Запруднік, В. Кендыш, В. Кіпель, З. Кіпель, М. Кунцэвіч, Ф. Кушаль, М. Міцкевіч, М. Рагуля, Л. Савёнак, З. Станкевіч, Ст. Станкевіч, В. Тамашчык, В. Тумаш, А. Шукелойц ды іншыя. Кожны больш-менш прыкметны дзяяч на эміграцыі спрычыніўся да ейнага выхаду, уклаў нешта сваё. Таму гэтак важна зрабіць напісаньне гісторыі газэты справаю агульнаграмадзкаю - каб не згубілася ніводнае імя, каб захаваліся ўсе дэталі больш як 50-гадовай гісторыі.
Сёньня, друкуючы справаздачу Натальлі Арсеньневай, мы дзякуем сп. А. Шукелойцю за перададзеныя матар'ялы ды спадзяемся, што гэта толькі пачатак, што на наш заклік-прапанову адгукнуцца іншыя. Рэдакцыя газэты забавязваецца весьці сталую рубрыку, прысьвечаную гісторыі нашага выданьня, а вас, шаноўныя чытачы ды аўтары, просім дасылаць успаміны, архіўныя матар'ялы, здымкі на адрас "Беларуса".
Рубрыку вядзе Лявон Юрэвіч
"У 1950-1951м годзе газэту "Беларус" выдаваў сп. Галяк. Газэта выходзіла нерэгулярна, бо вылучна на грамадзкія грошы. Прыкладам, нумар 2, датаваны 21 красавіка 1951 г., нумар 3 за 20 верасьня 1951 г., а нумар 4 за 25 сьнежня гэтага-ж году. Нумары 1 і 2 за 1952 г. выдаваў др. Тумаш, які згадзіўся быў на просьбу Прэзыдэнта Абрамчыка быць рэдактарам "Беларуса" напачатку 1952 году.
У гэты бо якраз час пад вясну сп. Прэзыдэнту ўдалося атрымаць на выданьне газэты данацыю ад Амэрыканскага Камітэту "Свабода" (тады яшчэ "Вызваленьне"). Гэткія-ж данацыі, але ў шырэйшых памерах і раней за нас атрымалі ад Амэрыканскага Камітэту іншыя нацыянальнасьці (найбольш скарысталі Ўкраінцы).
Частка нашага грамадзтва ў гэтым часе ставілася да Амэрыканскага Камітэту вельмі варожа, лічачы яго русафільскім, таму атрымоўваньне якое-колечы грашовае дапамогі ад яго лічыла ледзь ня здрадаю беларускае справы. Маючы гэта на ўвазе, сп. Прэзыдэнт Абрамчык прасіў як найменш аб гэтай данацыі на газэту гаварыць. Але гэткая ягоная палітыка сябе не апраўдала, а мела вынікам сваркі й непаразуменьні сярод нашага грамадзтва ды цяжкасьці з выдаваньнем газэты. Гутаркі бо й абвінавачваньні ўсё адно шырыліся.
Выдаўшы два нумары "Беларуса", сакавіковы й Вялікодны, др. Тумаш ад рэдагаваньня адмовіўся. Афіцыйна газэта была ўвесь час выдавецтвам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў ЗША, і Задзіночаньню якраз давялося шукаць новага рэдактара.
Старшынём БАЗА ў пачатку 1952 г. быў выбраны сп. Ф. Кушаль. Яго сп. Прэзыдэнт і папрасіў пераняць усю справу, сфармаваць новую рэдакцыйную калегію й знайсьці рэдактара. Гэта й было зроблена. Прыканцы красавіка 1952 году сп. Кушаль склікаў арганізацыйны сход (іх было колькі), на які запрасіў: сп. А. Махноўскага ад рады БНР, Уладыку Васіля, сп. М. Гарошку, др. Тумаша як папярэдняга рэдактара, сп. Арсеньневу, якую сп. Прэзыдэнт прапанаваў перад сваім чародным ад'ездам з ЗША, калі-б гэта было магчыма, на новага рэдактара "Беларуса", сп. М. Тулейку, які кальпатраваў газэту працягам мінулых год, сп. Я. Ніхаёка, які яму ў гэтым дапамагаў, сп. П. Манькоўскага, які быў тады, здаецца, сакратаром БАЗА, ды сп. Б. Данілюка. Ведама, быў прысутны й старшыня БАЗА сп. Ф. Кушаль.
Усе запрошаныя, апрача др. Тумаша, занятага тады працаю, на сход прыбылі і, пасьля дакладнага абмеркаваньня справы, сп-ня Арсеньнева была зацьверджаная рэдактарам газэты, Ул. Васіль - заступнікам, сп. Манькоўскі - сакратаром, сп. Гарошка - скарбнікам, сп. Тулейка й надалей экспэдытарам ды, побач із сп.сп. Данілюком і Ніхаёнкам, - сябрамі рэдакцыйнае калегіі.
Аднак адразу-ж на першым паседжаньні ўзьніклі непаразуменьні. Сп. Махноўскі выступіў з войстрым пратэстам супраць таго, што выдаваць газэту мае, як і дагэтуль, БАЗА, а ня БНР. Ен уважаў таксама, што рэдактарам павінен быць ён сам. Дарма прысутныя тлумачылі яму, што сп. Прэзыдэнт Абрамчык адмыслова падаў якраз БАЗА, а ня БНР, беларускую грамадзкую, з амэрыканскім чартарам, а не палітычную арганізацыю дзеля атрымоўваньня данацыі Амэрыканскага Камітэту на выдаваньне газэты. Сп. Махноўскі стаяў на сваім і ледзь нарада скончылася, пакінуў яе вельмі незадаволены, а на наступнае, скліканае неўзабаве паседжаньне, ужо не прыйшоў наагул, паставіўшыся варожа й супроць Амэрыканскага Камітэту, і супраць старшыні БАЗА, й супраць рэдакцыйнае калегіі "Беларуса". Трэба тутака зазначыць, што пратаколы згаданых вышэй арганізацыйных паседжаньняў газэты, зьвязаныя зь ягоным выдаваньнем, Прэзыдэнт Абрамчык працягам году перахоўваў у сваіх асабістых архівах, а тады перадаў іх на часовае перахаваньне сп-ні Арсеньневай, тагачаснага рэдактара, якая, пакідаючы Нью Ёрк у 1967 годзе, згодна з жаданьнем сп. Прэзыдэнта, перадала іх сп. Я. Запрудніку.
Першы нумар "Беларуса", выданы новай рэдкалегіяй, нумар 3-ці паводле новае нумарацыі, пачатае ў 1952 годзе (а 9-м ад заснаваньня "Беларуса" наагул), выйшаў 30-га травеня 1952 году, 4 (10) - 14 чырвеня, і адгэтуль выходзіў пад рэдакцыяй сп-ні Арсеньневай і новае рэдакцыйнае калегіі акуратна двойчы на месяц. Усяго імі былі выданыя 38 нумароў, пасьля чаго, у выніку канца другое кадэнцыі старшынства БАЗА сп. Кушаля й выбарам новым старшынём БАЗА сп. Тулейкі, справа выданьня "Беларуса" перайшла ў ягонае веданьне.
Тымчасам Амэрыканскі Камітэт "Вызваленьне" быў рэарганізаваны ў Камітэт Радыя "Свабоды" і ўсе данацыі на выдавецтвы паасобных нацыянальнасьцяў былі спыненыя. Была спыненая й данацыя (у верасьні 1953 году) на "Беларуса". Аднак, ён выходзіў пад старой рэдакцыяй яшчэ да вясны 1954-га году. Адно што пачынаючы ад лістападу 53-га году "Беларус" пачаў выходзіць раз у месяц. Пасьля-ж красавіка 54-га году рэдагаваньне "Беларуса" было перададзенае сп. Тулейку, новаму старшыні БАЗА, разам із заашчаджанымі папярэдняй рэдкалегіяй грашыма, за якія сп. Тулейка выдаваў "Беларус" яшчэ да восені 1954 году (разам яшчэ 6 ці 8 нумароў). Сталася-ж гэта магчымым таму, што прадбачачы спыненьне некалі Амэрыканскім Камітэтам данацыі на "Беларуса", рэдакцыя ад самых першых дзён выдаваньня газэты пачала строга ашчаджаць. Выглядала справа так:
У палове кажнага месяцу трэба было прадстаўляць Амэрыканскаму Камітэту каштарыс выдаткаў за 2 нумары газэты, якія й аплачваліся згодна з далучанымі да яго рахункамі й квітамі. Так што грошы даваліся фактычна не наперад, а ўзад. За атрыманую суму (якая не магла перавышаць 1000 даляраў) выдаваліся наступныя два нумары й гэтак далей. Газэта друкавалася ў друкарні сп. Крупкі на 2-ой Авэню ў Мангатэне. Цана друку за нумар вагалася паміж 175-180 далярамі, часам болей, залежна ад колькасьці клішаў. Камітэт-жа прызначыў на друкаваньне нумару 250 даляраў (500 намесяц). Розьніца была ашчаднасьцяй. На аплату рэдактара Камітэт прызначыў 250 даляраў на месяц, рэдактар-жа браў толькі 150 даляраў, хоць распісваўся за 250. Розьніца - 100 даляраў - была ашчаднасьцяй. Таксама й за гэтак званую ломку газэты ў друкарні й карэкту прызначалася Камітэтам 100 даляраў. Плацілася-ж 60 даляраў. 40 даляраў былі ашчаднасьцяй. Амэрыканскі Камітэт прадугледжваў у каштарысе выдаваньня газэты й ганарары супрацоўнікам. На іх рэдакцыя ашчаджала таксама, бо плаціла (а плаціць нешта мусіла, бо гэта было ў каштарысах Камітэту) вельмі малыя, хутчэй сымбалічныя, чымся рэальныя сумы. Гэтак, за перадавіцу плацілася пераважна 10 даляраў, за артыкул - 10-20 даляраў, за карэспандэнцыю 5 даляраў і гэтак далей. Распісваліся-ж некаторыя аўтары сьведама за большыя сумы. І гэта таксама было цімалой для нашае рэдакцыі ашчаднасьцяй. Фінансавымі справамі "Беларуса", аплатай друкарні ды інш. Рахункаў ведаў скарбнік рэдакцыі сп. Гарошка. Ул. Васіль рабіў карэкту й ломку газэты ў друкарні. Ен-жа складаў для кожнага нумару агляд палітычных падзеяў за мінулыя два тыдні. Супрацоўнікаў у "Беларуса" было шмат, часам больш як трэба. Рэдка хто адмаўляў рэдактару ў ягонай просьбе напісаць перадавіцу ці адмысловы артыкул і гэткая шчырая й ахвочая падтрымка вельмі палягчала працу рэдактара, які мусіў і сам кінуць заробкавую працу й лічыцца зь вялікай расьцярушанасьцяй нашага грамадзтва па краінах сьвету, цяжкімі ўмовамі жыцьця ды матар'яльнымі нястачамі першых год жыцьця нашае эміграцыі ў гэтак званым "вольным сьвеце". І бясспрэчна, усім, хто гуртаваўся вакол "Беларуса", належыцца самае вялікае прызнаньне й падзяка.
Рэдактар "Беларуса" ў 1952-54 г."