У ГОРАДЗЕ ВЯСНЫ
Чытаю я газэту "Беларус" і бачу, што большасьць навінаў і абвестак зь Нью Ерку. Гэта і зразумела, большасьць беларускай эміграцыі тамака і жыве. У Нью Ерку ды Нью Джэрзі. Але-ж ёсьць нашыя людзі й у іншых штатах, ці ня так? Усюль, дзе бываў дагэтуль, сустракаў я беларусаў. Хіба можа ня так шмат як у Нью Ерку. Вось надумаўся распавесьці крыху пра Каліфорнію і яе насельнікаў.
Па прыезьдзе ў Сан Францыска ўсё навокал здаецца дзіўным, не такім як на ўсходнім узьбярэжжы ЗША. Вялікі горад, а будынкі не высокія, як на Мангэтане, тралейбусы на вуліцах, трамвайчыкі цягнуцца пад горку поўныя людзей на падножках. Ну і, безумоўна, надвор'е - заўжды вяснавое, не гарачае і не халоднае.
Адразу адшукаліся старыя сябры й знаёмыя, студэнты Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Нехта ўжо ажаніўся, у кагосьці дачка малая па хаце бегае. Людзі навокал адукаваныя, але першае, што кідаецца ў вочы - гэта парачкі: хлопцы з хлапцамі пад руку, дзяўчаты зь дзяўчатамі - сусьветная сталіца меншасьцяў усё-ж такі. Ды надта міралюбівымі падаліся мне мясцовыя жыхары. У кастрычніку, а пасьля ў студзені я трапіў на дэманстрацыі супраць вайны з Іракам. Людзі йшлі па галоўнай вуліцы з музыкаю і плякатамі. А на плякатах тых такія вострыя карыкатуры на амэрыканскага прэзыдэнта. О-ёй! Паліцыянтаў-жа амаль ня бачна. Хіба што наперадзе рэгулююць рух, каб натоўп ішоў без перашкодаў па праежджай частцы. І ўсё гэта пад музыку званочкаў, барабанаў, духавога аркестру, пэрформансы пераапранутых актораў. Старэйшыя папрыводзілі дзяцей, папрыяжджалі інваліды на возіках і, вядома, не абыйшлося без гарадзкіх жабракоў, якімі сёньня поўніцца Сан Францыска. Шэсьце спынілася перад мэрыяй, дзе выступалі прамоўцы, раздавалася дармавая ежа і пітво. У думках міжволі ўзгадваліся беларускія акцыі пратэсту, азьвярэлыя міліцыянты, хапун, спалоханыя сумныя твары. Уявіце сабе тых інвалідаў у возіках ці жабракоў на прспэкце Скарыны ў Менску, калі людзей валакуць па аўтобусах - сумнае было-б відовішча…
Між іншым, што тычыцца бяздомных, то іх тутака цэлая процьма. Не прайсьці па вуліцы, каб не папрасілі дробязі. Але затое, якія яны калярытныя, быццам пэрсанажы казачныя! Аднаго сустрэў, які быў аднаногі, росту незвычайна высокага з доўгім кіём ды каўпак на галаве - бачна здальля і чуваць, як стукае па асфальце ягоны кій. У кожнага бяздомнага па супэрмаркетнаму возіку з розным скарбам, коўдрамі... Яны перасоўваюцца з месца на месца, ходзяць па горадзе. Кажуць пра іх, што яны ня проста так ходзяць, а гуляюць у манаполію: зьбіраюцца ўвечары ў якім пратулку, кідаюць косткі, глядзяць на мапе, а зранку абыходзяць квартал за кварталам. Нехта прапускае ход каля віна-гарэлачнай крамы, другому выпадае месца багатае на пустыя бутэлькі ды бляшанкі. Калі не прайшоў за дзень свой маршрут застаешся начаваць там, дзе ноч засьпее. Няпраўда, канешне, але сьмешная гарадзкая байка.
Вяртаўся я на днях з крамы ды сустрэў чалавека на галоўнай вуліцы. Той стаяў асобна, побач матацыкал, а на сьпіне мапа, уся скрэсьленая алоўкам. Аказаўся ён падарожнікам зь Менску, які на матацыкле аб'езьдзіў амаль увесь сьвет. Уладзімер Ярац глуханямы й падарожнічае з мэтаю патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса. Чалавек ён унікальны. Возіць з сабою стос фатакартак, сшыткі з нататкамі й водгукамі людзей, якіх ён сустрэў. Спыняюцца мінакі, глядзяць на мапу, пытаюцца, ці на гэтым матацыкле ён столькі праехаў. Той не разумее, але ветліва ўсьміхаецца ды з радасьцю фатаграфуецца. Падыйшоў высокі хлопец у скуранцы, пільна углядваецца ў мапу. "Беларус?" - пытаюся я. Той станоўча ківае галавою, з нечаканасьці ня ведаючы на якой мове мне адказаць. Паказваю пальцам Уладзімеру на хлапца, на сябе ды на Беларусь на мапе - той усхваляваўся, паціснуў хлапцу руку, вынуў стос фатакартак. Мінак усьміхнуўся, маўляў, няма часу, даў грошай і зьнік у людзкой плыні.
Падыходзілі да беларускага падарожніка турысты й мясцовыя людзі, усе цікавіліся, адкуль ён. Чулі пра далёкую краіну Беларусь ды ахвяроўвалі грошы на наступныя падарожжы. Я паабяцаў патэлефанаваць сыну Ўладзімера ў Менск ды перадаць, што бацька жывы й здаровы, заўтра адлятае на Гаваі.
Заўсёды прыемна сустракаць суайчыньнікаў, пагаварыць пра сваю краіну, спытацца, хто чым займаецца ды пра пляны на будучыню. Ды вось што адметна, нашыя ў Каліфорніі, у каго не пытаўся, кажуць, што пераяжджаць нікуды не зьбіраюцца. Можа таму, што штат такі прыцягальны: прыехаць сюды лёгка, а разьвітацца зь ім цяжка.

ДРЭЙ

На здымках: аўтар артыкулу з падарожнікам зь Менску Ўладзімерам Ярцам; пацыфісты пратэстуюць супраць вайны ля гарадзкой мэрыі ў Сан-Францыска.