Дасьледуецца жыцьцё

Гутарка з доктарам Юрыем Гарбінскім у рэдакцыі газэты.

Доктар Гарбінскі, спачатку колькі словаў пра сябе.
Ну што-ж, як казала ў такіх выпадках мая выкладчыца беларускай мовы са студэнцкіх гадоў, станьма "тварам да вёскі". Нарадзіўся я ў заходнебеларускім мястэчку Камаі, што на Пастаўшчыне. Гэта той маляўнічы куток нашай бацькаўшчыны, які хтосьці аднойчы трапна акрэсьліў Беларускім Паазер'ем. І сапраўды, тут куды ні зірні - на ўсход, захад, поўнач ці поўдзень - вазёры. Да найпрыгажэйшага зь іх - Нарачы, якога інакш як морам і не назавеш, - рукою падаць. Камаі - адно са старажытных мястэчак на Беларусі. Аднатавана яно й на эўрапейскіх мапах скарынаўскай пары, і ў сучасных беларускіх энцыкляпэдычных даведніках, дзе зацікаўленая асоба прачытае пра гісторыка-архітэктурныя помнікі мястэчка Камаі - вялікі каменны крыж ды храм Сьвятога Яна Хрысьціцеля з пачатку ХVІІ стагодзьдзя. Празь вякі жылі тут ў згодзе беларусы, габрэі й татары. Тут прайшло маё маленства й дзіцячыя гады. Тут адкрываў неўпрыкмет чароўны сьвет беларускіх народных казак і мясцовых паданьняў. Пасьля заканчэньня камайскай дзесяцігодкі паступіў на філялягічны факультэт Менскага пэдінстытуту, настаўнічаў на роднай Пастаўшчыне. Потым вярнуўся ў Менск. Займаўся ў аспірантуры й працаваў асыстэнтам на кафедры гісторыі беларускай літаратуры ў пэдунівэрсытэце. У 1993-м годзе выехаў на далейшую вучобу ў Польшчу. Студыяваў ў Кракаве і Варшаве. Пад кіраўніцтвам праф. Аляксандра Баршчэўскага ў варшаўскім унівэрсытэце абараніў доктарскую дысэртацыю, прысьвечаную жыцьцю й творчасьці паэта нашаніўскай пары Алеся Гаруна. Ад восені 1997 года працую старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце Славістыкі Польскай Акадэміі Навук у Варшаве.
Інстытут Славістыкі Польскай Акадэміі Навук у Варшаве дастаткова вядомая інстытуцыя ў навуковым сьвеце. Маё пытаньне датычыцца наступнага: якое месца ў навукова-дасьледчыцкай дзейнасьці вашага інстытута займае беларусістыка?
Найперш, хацеў-бы адзначыць тое, што супрацоўнікі Інстытуту Славістыкі ПАН маюць актыўныя творчыя сувязі з калегамі зь іншых славянскіх краінаў, а таксама рэалізуюць сумесныя навуковыя праекты зь нямецкімі, французкімі, скандынаўскімі, літоўскімі навуковымі ўстановамі славістычнага профілю.Поруч з балканскім, расейскім, славацкім, украінскім і чэскімі аддзеламі
ў Інстытуце Славістыкі ПАН створаны таксама аддзел беларускай літаратуры й культуры. Мы актыўна супрацоўнічаем зь Інстытутам Літаратуры й Інстытутам Мовазнаўства НАН Беларусі. Цешуся, што гэтае супрацоўніцтва не папяровага, але рэальнага кшталту. Лепшым сьведчаньнем таму - падрыхтоўка да друку творчай спадчыны Зосі Манькоўскай, паэткі беларуска-польскага культурнага сумежжа. Для гісторыкаў беларускай літаратуры і польскай яна больш вядомая як паэт і перакладчык Адам М-скі (Adam M - ski). На чарзе - выданьне літаратурна-крытычных артыкулаў беларускага філёзафа й літаратурнага крытыка Ўладзімера Самойлы, якія былі апублікаваны ў Нямеччыне ў міжваенны перыяд. Дарэчы, чынны ўдзел у гэтым прымае ягоны сын - Уладзімер Самойла-малодшы.
Увогуле-ж, калі гаварыць пра асноўны накірунак дзейнасьці беларускага аддзелу, то ён у асноўным зьвязаны з манаграфічнымі дасьледваньнямі гісторыка-культуралягічнага кшталту, якія ахопліваюць беларуска-польскія культурныя й літаратурныя ўзаемадачыненьні, а таксама беларускую гісторыю і рэлігію.
Як сталася, што Вы зацікавіліся рэлігійнай праблематыкай?
Тут няма вялікага сакрэту. Да маіх зацікаўленьняў рэлігійнай праблематыкай, і ў прыватнасьці гісторыяй беларускага хрысьціянскага руху, у многім спрычынілася знаёмства з працамі кс. Адама Станкевіча. Апасродкавана вынікалі яны яшчэ й з таго факту, што якраз ў камайскай парафіі пачынаў сваю сьвятарскую дзейнасьць кс. Канстанцін Стэповіч. На Пастаўшчыне ў апошняе перадваеннае дзесяцігодзьдзе працаваў сьвятаром а. Аляксандар Коўш. Тут нарадзіліся архімандрыт Мадэст Яцкевіч і кс. Дзяніс Малец. А па суседзтву на Глыбоччыне - а. Іван Кушнер, адзін з ініцыятараў і ўдзельнікаў Усебеларускага Царкоўнага Сабору, што адбыўся ў жніўні 1942 году ў Менску. Бліжэй да Браслава і Міёраў - родныя мясьціны кс. др. Ільдэфонса Бобіча, а таксама кс. др.Часлава Сіповіча. Зь Вялейшчыне - а. Мікалай Лапіцкі. У хуткім часе стануць сьвятарамі й два сыны майго колішняга суседа К. Півавара з Камаяў, якія цяпер вучацца ў духоўных сэмінарыях на Бацькаўшчыне. Хачу спадзявацца, што гэтая традыцыя прадоўжыцца.
Вы - адзін з аўтараў і навуковых рэдактараў (сумесна з Л. Юрэвічам) кнігі "Вяртаньня маўклівая споведзь": Постаці творцаў беларускай гісторыі ў кантэксьце часу (Менск 1994). Думаю, што беларускаму чытачу вядомыя і такія Вашыя фундамэнтальныя працы як анталёгія "Беларуская думка ХХ стагодзьдзя: Філасофія, рэлігія, культура" (Варшава 1998 г.) і энцыклапедычны даведнік "Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагодзьдзя": Жыцьцярысы, мартыралогія, успаміны (Менск-Мюнхэн 1999). Ведамы філёзаф і літаратурны крытык праф. Уладзімер Конан назваў іх "грунтоўнымі, важкімі па зьмесьце й нават вонкавым абліччы". А як Вы ацэньваеце зробленае?
Безумоўна, я ўдзячны прафэсару Уладзімеру Конану за такую высокую ацэнку майго сьціплага даробку ў беларусазнаўстве. Асабіста аднак не ўважаю гэтыя пералічаныя працы за "фундамэнтальныя". Тое, што ёсьць у гэтых кнігах вартаснага заўдзячваю супрацоўніцтву з нашымі беларускімі навукоўцамі на бацькаўшчыне і на эміграцыі. З тым жа праф. Уладзімерам Конанам ці др. Вітаўтам Кіпелем, а яшчэ з такімі ж кампэтэнтнымі ды саліднымі дасьледчыкамі як праф. Аляксей Каўка, др. Віталь Скалабан, др. Юры Туронак, Лявон Юрэвіч ды многімі іншымі. Натуральна, цешуся, што кнігі заўважылі й па-за Беларусьсю. Ведамы польскі крытык і публіцыст на эміграцыі, творца парыжскай "Культуры" Ежы Гедройц у лісьце на імя дырэктара Інстытута Славістыкі напісаў, што зь вялікай зацікаўленасьцю пераглядае анталёгію "Беларускай думкі" і плянаваў даць на яе водгук у сваім часапісе. Аглядныя рэцэнзіі зьмясьцілі югаслаўскія навуковыя выданьні, расейская, польская прэса.
Наколькі можна здагадвацца, мэта прыезду ў ЗША пэўным чынам зьвязана з Вашымі папярэднімі дасьледаваньнямі?
Так, Вы не памыліліся. Мой побыт у Злучаных Штатах зьвязаны з навукова-дасьледчым праектам, прысьвечаным вывучэньню беларускага рэлігійнага жыцьця на эміграцыі. Сталася гэта магчымым дзякуючы агульнаеўрапейскай навуковай праграме, у якой бярэ ўдзел Інстытут Славістыкі Польскай Акадэміі Навук і якая цалкам фінансавала мой побыт у ЗША. Ня менш важная роля ў гэтай справе належыць таксама й Беларускаму Інстытуту Навукі й Мастацтва, які сумесна зь Нью Ерскім гарадзкім унівэрсытэтам даў згоду навуковага кіраўніцтва працай. Асабіста ўважаю, што такое супрацоўніцтва дазволіць глыбей асэнсаваць рэлігійнае жыцьцё беларускай эміграцыі й па-належнаму ацаніць зробленае.
Пры нагодзе хачу выказаць словы асаблівай ўдзячнасьці дырэктару БІНІМа др. Вітаўту Кіпелю, а таксама ягоным супрацоўнікам др. Янку Запрудніку, Лявону Юрэвічу й праф. Томасу Бэрду.
Адначасна хацеў бы адзначыць тую ўвагу, дабразычлівасьць, жаданьне дапамагчы кваліфікаванымі парадамі й кансультацыямі сяброў царкоўных радаў беларускіх парафіяў у Гайленд Парку (А. Сільвановіч, В. Дубяга, Я. Азарка, а. В. Логін), у Брукліне (Б. Данілюк), Квінсе (К. Мерляк, В. Шчэцька, А. Шчэцька), а таксама ў Саўт Рывэры (М. Сенька, В. Цярпіцкі, Э. Літаровіч) ды Таронта (парафія Сьв. Кірылы Тураўскага - І. Цітавец, М. Ганько, Н. Дробіна, Р. Жук-Грышкевіч; парафія Сьв. Еўфрасіньні Полацкай - А. Рымша, М. Жыбуль, Э. Пітушка, М. Сьцепановіч), пастару Юрку Рапэцкаму. Словы падзякі хачу скіраваць і да нью ёркаўскага аддзелу БАЗА (А. Шукелойць, А. Міцкевіч, Ф. Бартуль, Э. Рыжы). Глыбока ўдзячны др. Алене Юрэвіч і Навуму Кацнельсону зь Нью Ерку, а. Паўлу Вялікаму і матушцы Зоф'і з Бэры, а таксама Міхалу і Валяньціне Пашкевічам з Таронта.
Напрыканцы хацеў-бы зьвярнуць увагу на наступнае. Беларускае рэлігійнае жыцьцё ў цэлым, і асабліва тут, на эміграцыі, - тэма складаная і шматплянавая. Паўната і аб'ектыўнасьць ягонага насьвятленьня ў многім будзе залежыць ад наяўнасьці фактаграфічнага матар'ялу. Маючы за мэту напісаньне кнігі пра беларускае рэлігійнае жыцьцё на эміграцыі (Аргентына, Аўстралія, Заходняя Эўропа, ЗША і Канада) буду удзячны за дасланыя матэрыялы (успаміны, архіўныя дакументы, фотаздымкі), а таксама за кансультацыі й парады.

Ад рэдакцыі: матэрыялы й лісты для др. Ю. Гарбінскага дасылайце, калі ласка, на адрас газэты:
Bielarus
P.O. Box 3225
Farmingdale, NY 11735