Юбілейны год Максіма Гарэцкага
Леташні год у культурным жыцьці Беларусі быў адзначаны юбілеямі нашых клясікаў Коласа і Купалы. Сёлета мы шануем памяць Натальлі Арсеньневай і Франьцішака Аляхновіча, Вацлава Ластоўскага і Янкі Маўра...
18-га лютага споўнілася 110 гадоў зь дня народзінаў Максіма Гарэцкага (1893-1939). Нажаль, гэтае сьвята для большасьці беларусаў так і засталося незаўважаным, а цэлы шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да ўгодкаў, ахапіў толькі вузкае кола навукоўцаў і заўзятараў. Дзень сёньняшні
Пачалося сьвяткаваньне ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры з традыцыйных, адзінаццатых па ліку, Гарэцкіх навуковых чытаньняў, ладжаных Фондам імя Братоў Гарэцкіх (старшыня - акадэмік Радзім Гарэцкі). Там жа, у Траецкім прадмесьці ў Менску, адбылася прэзентацыя кнігі доктаркі філялягічных навук Тэрэзы Голуб "У творчай майстэрні клясіка", адкрылася музэйная экспазыцыя з унікальнымі рэчамі сям'і Гарэцкіх.
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы прайшла спецыялізаваная выстава, на якой былі выстаўленыя для нешматлікіх наведвальнікаў арыгіналы рукапісаў і першых выданьняў Максіма Гарэцкага. З прычыны слабой паінфармаванасьці, усе вышэйназваныя акцыі наведала зусім невялікая колькасць самых адданых прыхільнікаў творчай спадчыны выдатнага пісьменьніка. Між тым, беларус, які ня ведае Гарэцкага, - гэта тое-ж самае, што брытанец, які ня чуў пра Шэкспіра, ці расеец - пра Талстога. Ці павінна так быць?
Зусім нядаўна ў сэрыі "Беларуская літаратура XX-га стагодзьдзя" накладам 2 тыс. асобнікаў у сьвет выйшла кніга апавяданьняў і аповесьцяў Максіма Гарэцкага "Прысады жыцьця" (укладаньне Т. Голуб). З 1995-га году ў Беларусі былі выдадзеныя ўсяго толькі чатыры кнігі з творамі пісьменьніка, i ўсе - малымі накладамі. Застаецца і пытаньне поўнага Збору твораў Гарэцкага.
На хвалі пераменаў
Зараз мы не ўяўляем сабе нашае літаратуры бяз постаці Максіма Гарэцкага, чалавека трагічнага лёсу, сапраўднага незалежніка. "Гадуйцеся на чытаньні клясікаў...", - заклікаў ён сваіх братоў-літаратараў. Час расставіў усё належным чынам.
Прамова Хрушчова на XX-м зьезьдзе КПСС надала новы штуршок зацкаванаму сталінскімі рэпрэсіямі савецкаму грамадзтву. Расстраляны 10-га лютага 1938-га году, Максім Гарэцкі быў цалкам рэабілітаваны ажно праз 21 год. Але ці шмат зьмянілася ў стаўленьні ідэялягічнай машыны? Генэрацыі 50-х, 60-х, 70-х ня мелі аніякай магчымасьці чытаць і вывучаць сапраўднага Гарэцкага. У школе праходзілі толькі аповесьць "Ціхая плынь" ды колькі апавяданьняў. Нарэшце, у 1984-86 г.г. быў выдадзены 4-тамовы Збор твораў, праз чатыры гады яшчэ адна кніга - "Творы". Яна дала магчамасць пазнаёміцца з забароненаю спадчынай Гарэцкага. Шлях да паразуменьня
Мастацкія творы пісьменьніка сталі праўдзівым люстэркам драматычных дзён, якія ўвабралі падзеі рэвалюцыяў, войнаў, польскую і нямецкую акупацыі і, нарэшце, абвешчаньне БНР, а пасьля - БССР. Менавіта тады нацыянальна сьвядомымі беларусамі быў закладзены першы каменьчык у сьвятую справу рэінкарнацыі беларускага Адраджэньня.
У дадатак да ўжо існаваўшага ў літаратуры стэрэатыпу беларуса-мужыка Гарэцкі стварыў шэраг шматгранных і глыбокіх вобразаў інтэлігентаў, галоўная рыса якіх - нацыянальная адметнасьць. Упершыню ў беларускай літаратуры зьявіўся герой, які праз жыцьцё крочыў разам з газэтаю "Наша ніва", крыніцай гісторыі й Адраджэньня беларусаў пачатку XX-га стагодзьдзя. Вачыма Лявона Задумы мы назіраем за ўнікальнай зьявай: нараджэньнем беларускай інтэлігенцыі як плыні ў грамадзтве. Творы Гарэцкага даюць цікавыя зьвесткі пра цэнтар адраджэнцкага руху ў Вільні, разагнаны бальшавікамі І-ы Ўсебеларускі зьезд, нацыянальныя і псэўдапатрыятычныя суполкі... Быць Беларусам!
Унікальнае прароцтва Максіма Гарэцкага ў тым, што для ўсіх "тутэйшых" людзей ён бачыў адзіную будучыню: БЫЦЬ БЕЛАРУСАМ! Годна над галавой несьці цудадзейны сьцяг нацыянальнага Адраджэньня, паважаць і захоўваць уласную гісторыю і культуру. Бо яны - галоўныя складнікі нацыянальнай самабытнасьці й гаранты сьветлай будучыні кожнай дзяржавы.
Кастусь ЛАШКЕВІЧ