Ангельскія газэты аб Беларусі
У сталіцы Ўзьбекістану Ташкеньце 4-5 траўня праходзіла канфэрэнцыя пад эгідаю Эўрапейскага Банку па Рэканструкцыі й Паляпшэньню. У ёй бралі ўдзел 27 краінаў былога савецкага блёку. Для васьмі зь іх, Латвіі, Летувы, Польшчы, Славакіі, Славеніі, Вугоршчыны, Чэхіі й Эстоніі, гэта была, можна сказаць, разьвітальная канфэрэнцыя, бо яны ўступаюць у Эўразьвяз. А нашая Беларусь застаецца і надалей адкінутаю ад інтэграцыйных працэсаў у Эўропе. Гэтая сустрэча была дэталёва апісаная ў трох артыклах у газэце "The Times" ад 05.05.03. Найбольш месца было прысьвечана Ўзьбекістану, але ўспаміналася і Беларусь, зноў зь вельмі крытычнымі заўвагамі. У адным месца аўтар артыкулу Робін Шэпгард называе Беларусь і Ўкраіну "парыйнымі" дзяржавамі. Аб Лукашэнку ён піша: "У Беларусі пагарда прэзыдэнтам Лукашэнкам да правоў чалавека прывяла да таго, што ён заслужыў тытул апошняга дыктатара Эўропы." Далей аўтар цытуе іранічнае выказваньне палітолягаў, што Беларусь і Ўкраіна зрабілі пасьпяховы пераход ад краінаў Другога Сьвету да Трэйцяга Сьвету.
29.05.03 яшчэ адна ўплывовая ангельская газэта "The Guardian" зьмясьціла артыкул пад красамоўным загалоўкам "Беларускі лідар патэнтуе свой тытул". Гаворка ідзе пра новы беларускі закон аб ужываньні слова "прэзыдэнт". Лукашэнка ўважае, што гэтае слова можа адносіцца ў Беларусі толькі да ягонае асобы. З-за гэтага ад жніўня месяца ў Беларусі будзе забаронена ўжываньне гэтага слова ў адносінах усіх іншых афіцыйных асобаў і кіраўнікоў. Такая забарона ня ёсьць нечым новым. Колішні дыктатар і тыран афрыканскай Уганды таксама ў свой час забараніў ужываньне слова "прэзыдэнт" іншымі асобамі й прысвоіў яго сабе. Газэта ўспамінае беднасьць у Беларусі й татальны кантроль КГБ. Заканчваецца артыкул сьцьвярджэньнем, што рэфэрэндум, праведзены ў Беларусі ў другой палове 90-х гадоў, які пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі ня быў дэмакратычным.
Няхай будзе мне дазволена даць некаторыя заўвагі. У дэмакратычных краінах слова "прэзыдэнт" ёсьць шырока пашыраным і ўжываецца акрамя галоваў дзяржаваў рознымі дырэктарамі фірмаў, старшынямі й нават царкоўнікамі. Гэта нікому не перашкаджае, і ніхто не імкнецца манапалізаваць ужываньне гэтага слова. А ў Францыі нават адзін з гатункаў сыру называецца "Прэзыдэнт". Нажаль, у нашай шматпакутнай Беларусі робіцца інакш. Замест таго, каб вырашаць важнейшыя эканамічныя праблемы, ліквідоўваць наступствы Чарнобыля, абараняць незалежнасьць, падтрымліваць разьвіцьцё культуры й навукі кіраўнік дзяржавы займаецца такімі дробязямі.
У газэце "The Times" ад 21.06.03 быў кароткі артыкул аб затрыманьні тыража "Белорусской Деловой Газеты", якая была закрытая за "абразу прэзыдэнта Лукашэнкі". Выдаўцы газэты вырашылі друкаваць газэту ў Смаленску (Расея), каб потым прывозіць у Беларусь. Пасьля перасячэньня мяжы на мініаўтобус, які вёз газэту, быў зьдзейсьнены напад міліцэйскага атраду "Тайфун", які сканфіскаваў ўсе асобнікі. Прычынаю нападу стала падазрэньне, што ў газэце былі заклікі да дзяржаўнага перавароту ў Беларусі.
Міхась ШВЭДЗЮК,
Ангельшчына