Газэты Англіі аб Беларусі й беларусах
Я ўжо пісаў, што ў Англіі выходзіць польская газэта "Дзеньніку Польскім", у якой часта ўспамінаецца Беларусь. У ёй было доўгае інтэрв'ю з Аляксандрам Калышкам, кіраўніком Таварыства Польскай Культуры Лідзкай Зямлі (ТПКЛЗ). Гэтая незалежная арганізацыя была заснаваная ў 1987-м годзе і ніяк не зьвязаная з Саюзам палякаў Беларусі.
Першапачатковаю мэтаю ТПКЛЗ было наладжваньне навучаньня польскае мовы сярод беларускіх палякаў. Зьвярніце ўвагу, як палякі адносяцца да навучаньня свае роднае мовы. Сп. Калышка ўважае, што праз некалькі гадоў колькасьць польскіх суполак у Беларусі пачне зьніжацца, бо сярод беларускіх палякаў адбываецца моцная асыміляцыя, і гэты працэс незваротны. Прычынай гэтаму нізкая нацыянальная сьведамасьць. Мала гэтага, шмат палякаў Лідчыны лічыць, што калі яны жывуць у Беларусі, то зьяўляюцца беларусамі.
ТПКЛЗ займаецца выдавецкаю справаю: выдае часапіс "Земя Лідзка", надрукавала некалькі кнігаў.
Сябры таварыства даглядаюць магілы паўстанцаў 1863-га году, польскіх легіянэраў, якія загінулі ў 1919-м годзе, і магілы АКоўцаў, устанаўліваюць розныя мэмарыяльныя табліцы.
Пры ТПКЛЗ ёсьць хор, які нядаўна стаў называцца Польскім Народным Калектывам, і мае назву "Крэсавякі". Мяркую, што такую назву палічылі-б правакацыйнаю ў Летуве ці Ўкраіне, але беларускія ўлады пагадзіліся зь ёю.
Апошнім часам у "Дзеньніку Польскім" некалькі разоў пісалі аб маладым і здольным піянісьце Кірыле Кэдуку. Гэты 15-гадовы музыка нарадзіўся ў Горадні й тры гады таму пераехаў жыць у Гданьск, дзе прадаўжае сваю музычную навуку. У Англіі Кірыл даваў некалькі канцэртаў, у тым ліку ў польскай амбасадзе. Газэта не абыйшлося без таго, каб ня ўспомніць "Крэсы Ўсходнія", дзе вельмі цяжкая сытуацыя з маладымі талентамі.
У газэтах Англіі рэдка сустракаюцца суцяшальныя артыкулы аб Беларусі й беларусах. Таму вельмі праемна было прачытаць 19.06.03 у вышэйназванай польскамоўнай газэце артыкул, дзе пішацца пра ўзнагароджаньне беларускага пісьменьніка Сакрата Яновіча , які жыве ў Польшчы. Прэстыжную ўзнагароду імя Андрэя Дравіча, якую заснавала фундацыя Samper Polonia (Заўсёды Польшча), ўрычыў прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі. Гэтая ўзнагарода прысуджаецца раз на год асобам, якія зрабілі асаблівы ўнёсак у разьвіцьцё партнэрскіх кантактаў паміж палякамі й іншымі народамі ў духу талерантнасьці, узаемапаразуменьня і шанаваньня нацыянальных асаблівасьцяў.
Сёлета было 37 кандыдатаў на гэтую ўзнагароду з цэлага сьвету. Сярод іх былі перакладчыкі, бібліятэкары, дыпляматы. А сам патрон узнагароды Андрэй Дравіч быў ведамым пісьменьнікам, перакладчыкам, дасьледчыкам расейскай літаратуры й ўсходняй праблематыкі.
Міхась ШВЭДЗЮК, Англія