Гісторыя газэты "Беларус"
Першы нумар нашае газэты быў 4-х бачынкавы, вялікага фармату - такім выдавалася ў тыя часы "Бацькаўшчына". Нумар каштаваў 10 цэнтаў, абвяшчалася падпіска на год, кошт якой плянаваўся ў два даляры.
Пра што пісаў той нумар?
Цэнтральныя матар'ялы нумару - прамова прэзыдэнта БНР М. Абрамчыка на банкеце ў Чыкага "Беларускі вызвольны рух - зьява прыродная - Боскіх законаў", а таксама паведамленьне пра ягоную англамоўную кнігу "Абвінавачваю Крэмль у забойстве майго народу", дзе на падставе сакрэтных дакумэнтаў НКВД расказвалася пра забойства 13.325 беларусаў. Сярод іншых матар'ялаў - паведамленьне пра афэнзыву Задзіночаных Нацыяў у Карэі, а таксама - на падставе нямецкай газэты "Ноес Тагеблят" - пра нядаўні 4-гадзінны бой у Вільні "паміж адзьдзеламі беларускіх партызанаў "Чорнага Ката" з бальшавіцкай паліцыяй", артыкулы "Аб беларускіх вайсковых фармацыях" Вайскоўца (праўдападобна, Ф. Кушаля), "Камунізм і расейцы" ды "Натуральны каўчук у Беларусі" М. Д.
Цэлую старонку займала інфармацыя "Беларусы ў сьвеце". Расказвалася пра зьезд беларускіх студэнтаў і матурыстаў у "Беларускай Хатцы" ў Брукліне з мэтаю заснаваньня арганізацыі (увайшло каля 50 асобаў) і пра сходку навукоўцаў, пісьменьнікаў, мастакоў (каля 20 чалавек), на якой было пастаноўлена зарганізаваць Беларускую Вольную Акадэмію Навукаў і Мастацтваў. Эміграцыя павялічвалася, гуртавалася, пра тое казалі весткі адусюль. БАЗА: за апошнія тры месяцы стараньнямі арганізацыяў прыехала зь Нямеччыны каля 200 сем'яў, сярод якіх А. Каханоўскі, Фр. Кушэль, Н. Арсеньнева, А. Адамовіч, М. Мірановіч, М. Куліковіч, А. Каптуровіч. Кліўлянд: калі год назад там жыў адзін М. Белямук, дык цяпер у аддзеле БАЗА больш за 50 асобаў і чакаецца яшчэ 100. Бруклін: з ініцыятывы Задзіночаньня Беларускіх Жанчын зарганізаваная "Беларуская Хатка", "якая цяпер стала месцам сходак і забаваў ня толькі для бруклінскага аддзелу, але й суседніх аддзелаў, як Маспэт, Мангатэн". Разбудоўвалася царкоўнае жыцьцё: 26-га жніўня быў выбраны Беларускі Царкоўны Камітэт, прыехалі два сьвятары БАПЦ.
Немалая ўвага надавалася культурнаму жыцьцю эміграцыі, нацыянальнай адукацыі. Гэтак, М. Рагуля прачытаў рэфэрат, прысьвечаны 32 угодкам абвешчаньня БНР, украінец М. Кэкало выступіў з рэфератам "Салавецкія канцэнтрацыйныя лягеры й беларускія спэцперасяленцы ў Паўночным Краі", актыўна выступаў Янка Станкевіч з дакладамі "Паходжаньне й нормы гаспадарствавае мовы Вялікага Княства Літоўскага", "Беларускія плямёны й іхныя гаспадарствы" ды іншымі. Адбыліся літаратурныя вечары з удзелам Янкі Юхнаўца, Ул. Клішэвіча, Н. Арсеньневай, Я. Шакуна, канцэрты М. Куліковіча.
Друкаваліся і весткі з замежжа: прыезд у Аўстралію Ўладыкі Сергія, высьвячэньне ў Англіі Ўладыкам Васілём сьвятара Аляксандра Крыта, аднаўленьне выхаду "Беларускіх Навінаў" у Парыжы, беларуска-украінскі канцэрт у лягеры ДП у Нямеччыне, кароткая інфармацыя з Аргентыны й Бэльгіі.
Натуральна, першы нумар выданьня ня мог абысьціся без рэдакцыйнага звароту да чытачоў. У прыватнасьці, там пісалася наступнае: "Пачынаючы выдаваньне часопісу "Беларус", рэдакцыя хоча выказаць паважнаму чытачу тыя прычыны, што спанукнулі нас да гэтага: што сабою прадстаўляюць ініцыятары выдаваньня і якія яны сабе стаўляюць заданьні. [..] Беларуская старая эміграцыя атрымала цяпер у васобе гэтае новае эміграцыі вялікую сабе падмогу. Каб выйсьці цяпер у шырокі сьвет, каб стаць у вадзін шэраг зь іншымі ў ЗГА, засталося адно: моцна, па-брацку ўзяцца за рукі старой і новай эміграцыі ды йсьці тым сьвятым беларускім шляхам, прызначаным нам Богам, на які стаў ўжо ўвесь Беларускі народ у краі - шляхам да Вольнай і Незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.
Рукою гэтай, якая працягвая новая беларуская эміграцыя да старой і ёсьць наш часапіс - "Беларус".
Найважнейшай, аднак, прычынай, што панукнула нас да выдаваньня газэты - гэта неабходнасьць інфармаваць увесь цывілізаваны сьвет аб падзеях у Беларусі, выясьняючы праўду аб імкненьнях і ідэалах Беларускага Народу ў ягоным змаганьні з акупантам, ды змагацца з усёй той маною, хвальшам і баламуцтвам нашых ворагаў, якую яны сеюць праз сваю прэсу сярод нашых людзей у Амэрыцы".
Рубрыку вядзе Лявон ЮРЭВІЧ