Разьвітаньне з сьв. пам. Паўлам Гузам
З смуткам паведамляем аб вялікай страце беларускага грамадзкага дзеяча і патрыёта нашай Бацькаўшчыны Беларусі. 17-га жніўня 2003-га году пасьля цяжкай хваробы Павал Гуз адыйшоў ад нас назаўсёды. 21-га жніўня беларусы штату Вікторыя разьвіталіся з адданым дзеячом грамадзкага жыцьця ў Аўстраліі.
Павал Гуз нарадзіўся 15-га жніўня 1924-га году ў вёсцы Дуброва Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Усё сваё жыцьцё прысьвяціў дабрабыту свае сям'і й беларускай грамадзкай працы. На працягу 54-х гадоў у Аўстраліі ён займаў шматлікія адказныя пасады ў беларускіх арганізацыях, якія выконваў шчыра і добрасумленна. Беларусы ў Аўстраліі будуць яго заўсёды памятаць зь вялікаю павагаю.
Настаяцель царквы Сьвятых Віленскіх Мучанікаў БАПЦ у Мэльбурне а. Аляксандар Кулакоўскі адслужыў пахавальны абрад за ўпакой душы сьв. пам. Паўла Гуза. Пахаваны Павал на беларускіх могілках у раёне Фокнэр. Вялікі натоўп сабраўся, каб аддаць належны гонар паважанаму сябру і супрацоўніку. Перад труною, пакрытаю бел-чырвона-белым сьцягам, усе прысутныя прасьпявалі жалобны марш "Сьпі пад курганам герояў". Затым ад Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі разьвітальныя словы сказаў сп. Аўген Груша, ад Беларускага Цэнтральнага Камітэту ў Вікторыі сп. Янка Барысевіч, ад Беларускага Вызвольнага Фронту сп. Алег Шнэк і брат памерлага а. Аляксандар Грыцук. Малодшы сын Паўла Мікалай намагаўся разьвітацца з бацькам, але жаль і сьлёзы не далі яму сказаць ніводнага слова.
Труну апусьцілі ў магілу, і кожны сыпнуў жменьку роднай зямлі, прывезенай зь Беларусі.
Беларуская грамада выказвае глыбокія спачуваньні ўсім родным сьв. пам. Паўла Гуза.
Алег ШНЭК