ІЛЮЗЫІ ДЭМАКРАТЫІ
Чаму заходнія дэмакратыі думаюць, што яны могуць перамагчы сваіх таталітарных ворагаў з дапамогаю палітыкі саступак? Чаму вераць, што ў крытычны момант іхная усьмешка пераможа ворагаў?
Гістарычны вопыт нам падказвае адваротнае. У 1930-х гадох кіраўнікі Ангельшчыны й Францыі верылі ў тое, што анэксыя Чэхаславаччыны зможа задаволіць дыктатарскую агрэсыўнасьць Гітлера. У 1970-я гады амэрыканскія прэзыдэнты думалі, што загульваньне з Брэжневым зробіць магчымым пабудову амэрыкана-савецкага міру. Тое самае было ў 1990-х гадох у Ізраілі, дзе "мірныя перамовы" абяцалі так шмат.
Кожная з гэтых памылак дыпляматыі пашкодзілі інтарэсам дэмакратычных дзяржаваў. У 30-х гадох патураньне Гітлеру выклікала пазьней Другую сусьветную вайну. Гульні з Брэжневым спрыялі ўмацаваньню савецкай вайсковай сілы й падмацоўвалі авантурызм Крамля, пікам якога стала ўварваньне ў Аўганістан. Перамовы на Бліжнім Усходзе сталі для палестынцаў пацьверджаньнем слабасьці Ізраіля і прывялі да хвалі выбухаў, зьдзейсьненых самазабойцамі, і другага насільля.
Цяпер гэтым-жа шляхам спрабуе ісьці Паўднёвая Карэя, якая з 1997-га году праводзіць падобную палітыку ў адносінах з Паўночнай Карэяй, якая, можа за выключэньнем гусэйнаўскага Іраку, ня мае сабе роўных у сьвеце па рэпрэсыях супраць сваіх грамадзянаў і агрэсыўнасьці супраць суседзяў.
У адносінах да драбнейшых і не такіх "праблемных" дыктатараў палітыка яшчэ менш рашучая, асабліва, калі не закранаюцца наўпрост інтарэсы моцных дзяржаваў, якія ўплываюць на фармаваньне міжнароднай палітыкі. Ня гледзячы на шмат крытыкі, беларускі ўзурпатар улады й фальсыфікатар выбараў і рэфэрэндумаў "прэзыдэнт" Лукашэнка пачуваецца адносна спакойна, бо эўрапейскія ды амэрыканскія дэмакраты працягваюць шукаюць шляхоў ачалавечыць ды легітымізаваць ягоны рэжым, зьнімаючы такім чынам гэтае пытаньне. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі-2002 ўжо доўга чакае свайго прыняцьця ў Кангрэсе ЗША. Як доўга яшчэ?
Па гэтых-жа прычынах столькі разнагалосьсяў выклікаў заклік прэзыдэнта ЗША раз і назаўсёды вырашыць пытаньне з Садамам Гусэйнам. Праціўнікаў рашучых дзеяньняў шмат. І гэта вяртае нас да першага пытаньня. Чаму дэмакратыі суцяшаюць сябе думкамі, што да перамогі над ворагамі вядуць усьмешкі, дабрата і добры прыклад? Выглядае, што асноўных прычынаў некалькі:
- няздольнасьць правільна ўявіць зло: грамадзяне дэмакратычных краінаў не дапускаюць думкі, што варожы бок можа моцна адрозьнівацца ад іх;
- стомленасьць: бясконцая пільнасьць вымушае бачыць жадаемае там, дзе яго няма;
-самаабвінавачваньне: тэндэнцыя лічыць сябе тою прычынаю, якая выклікае нянавісьць ворагаў.
Ведаючы ўрокі гісторыі даводзіцца толькі зьдзіўляцца, назіраючы за падзеямі ў сьвеце.

Я. ЗАБАЛІНСКІ