ДРЭННАЕ СТАНОВІШЧА Ў ІНФАРМАЦЫІ
Праўдзівай і дакладнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ёсьць там вельмі няшмат, паколькі ідзе сплянаваная вайна за валоданьне Беларусяй, якую вядзе, у асноўным, расейскі КГБ, што поўнасьцю захапіў уладу ў Расеі й таксама ў Беларусі. Арганізаваныя сілы беларускай незалежнасьці ня могуць эфэктыўна ўплываць на інфармацыйныя цячэньні з прычыны агрэсыўнай палітыкі антыбеларускага рэжыму і адсутнасьці сваіх СМІ. Таму на паверхні плавае прапагандная дэзынфармацыя, інфармацыйнае аматарства (з прымітыўнаю падачаю падзеяў) і псэўдаінфармацыя, калі замоўчваецца (альбо падмяняецца) сутнасьць і падаюцца пэрыфэрыйныя дзеяньні й значэньні (тыповы прыклад - беларуская рэдакцыя Радыё "Свабода"). У гэтакіх абставінах інфармацыя пра падзею залежыць ад таго, хто піша і распавядае.
23-га сакавіка я глядзеў у Вільні тэлерэпартаж Беларускага тэлебачаньня аб сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці. Пра Дзень Незалежнасьці - ні слова. Паказвалі кадры, як АМОН (спэцыяльная міліцыя для здушэньня дэманстрацыяў) наступае на натоўп людзей пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Людзі ўпіраюцца, шчапіўшыся за рукі, і бязгучна варушаць губамі. (У рэальнасьці сьпявалі гімн "Магутны Божа"). Гук выключаны. На фоне "карцінкі" асуджальна-пракурорскі голас дыктара, які паведамляе, што вось гэта адшчапенцы, якія выйшлі на дэманстрацыю, каб падтрымаць... "амэрыканскую агрэсыю ў Іраку".
Далей, быццам незнарок, запыняюць на вуліцы гэтакага "простага чалавека":
- Як вы адносіцеся да гэтых людзей, што падтрымліваюць вайну ў Іраку?
- Ды як вам сказаць, - адказвае па-расейску "прасты чалавек", - можа гэта ўвогуле ня людзі.
Потым пытаюць дзябёлую расейскую "жэншчыну" (з выгляду афіцэрскую жонку):
- Як вы адносіцеся... і г. д.
- Да это вообще не люди, - ківае "жэншчына" ў бок дэманстрантаў.
Гэтак робіцца "інфармацыя" ў лукашэнкаўскіх сродках масавай прапаганды.
Радыё "Свабода" таксама падрыхтавала свой звыклы інфармацыйны кіч. "Нібыта інфармацыя" заключалася ў тым, што "апазыцыя" сабралася ля пачтамту ў Менску (хаця там якраз былі тыя, хто змагаюцца з так званаю "апазыцыяй"), і што міліцыя арыштавала людзей. Удакладненьні - неістотныя. Адным словам - "апазыцыя". (Якраз як той жаўнер у расейскага пісьменьніка Льва Талстога. "Служыў я, - кажа, - у горадзе Горадні, дык там народ усё ня наш, ня рускі, адным словам - басурманы".)
Нядаўна ў Кліўлендзе я быў сьведкам размовы двух нашых кліўлендзкіх сяброў пра інфармацыю ў красавіцкім нумары "Беларуса" аб сьвяткаваньні 25-га Сакавіка на Бацькаўшчыне. "Чаму такі непрыхільны тон, і ўсё ахаяна? Так пра Сакавік пішуць толькі чужыя людзі", - абураліся ў Кліўлендзе.
Прычына тут відавочная. "Уласны карэспандэнт" чэрпаў, як відаць, інфармацыю з рускамоўнага, так званага "незалежнага" друку ў Беларусі (які ў асноўным антыбеларускі) і, адпаведна, трапіў пад уплыў ацэнак і стылю гэтага друку, для якога няма ў Беларусі нічога сьвятога і вартага павагі (і нічога свайго).
Паведамленьне ў газэце "Беларус", нажаль, тыповае інфармацыйнае аматарства. Карэспандэнт піша так, быццам Беларусь вольная дэмакратычная краіна, ён нібы зваліўся зь Месяца і ня ведае, што адбываецца ў гэтай краіне. Таму і напісаў, што ўсё нібыта дрэнна арганізавалі, усё было кепска, кепска зьбіраліся ("хтосьці ў раёне Галоўпачтамту, хтосьці ля Чырвонага касьцёлу"), што "акцыі прайшлі крайне няўдала", "найгоршае сьвяткаваньне" і г. д., што "калісьці (!?) самае галоўнае нацыянальнае сьвята зьбірала дзесяткі тысячаў"...
А вінаваты, маўляў, ва ўсім Грамадзкі Аргкамітэт, які "ня здолеў", "не аб'яднаў" і г. д.
Тым часам у сапраўднасьці становішча іншае і іншыя прычыны цяжкасьцяў. Гэта кожнаму мусіць быць зразумела.
Сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі даўно сталі прыладаю маніпуляцыяў і жывуць асобна ад рэальнасьці па сваіх патрэбах і інтарэсах (дарэчы, збольшага, як і ва ўсім сьвеце), ператварыўшы інфармацыю ў сваеасаблівы жанр палітычнай (ці прадпрыймальніцкай, бізнэсовай) дзейнасьці. І ў гэты "жанр" (які існуе па сваіх законах) падбіраюць рэальнасьць.
Акцыя 23-га сакавіка не была дазволеная рэжымам на Плошчы Незалежнасьці. Ва ўсіх прылеглых дварах і вуліцах стаяла поўна крытых машынаў са "спэцназам" і "амапам". Усе хады-выхады былі перакрытыя. Чакалі дэманстрантаў. У такіх выпадках людзей звычайна хапаюць на падыходзе да пляцу. Кідаюцца на гук беларускай мовы альбо на групы, альбо калі хто нясе доўгі скрутак (сьцяг) і г. д. Таму дэманстранты зьбіраюцца звычайна ў розных месцах, каб дэзарыентаваць міліцыю і потым злучыцца. (Нават такія прастыя рэчы, аказваецца, невядомыя былі нашаму карэспандэнту.)
У такіх умовах Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя - БНФ ня можа прымушаць выходзіць на дэманстрацыю ўсіх фронтаўцаў. Бо гэта значыць, што трэба ісьці пад палкі, пад дубінкі, на пабіцьцё і зьнявагу, "на пасадку", пад арышт, пад непамерны штраф і г. д. І людзі (хто рашыўся) ідуць сьведама, каб падняць Сьвяты Беларускі Сьцяг, каб адзначыць Дзень Незалежнасьці й засьведчыць сваёю ахвярнасьцю, што Беларусь жыве, што жыве Ідэя і Дух. Гэта ўчынак. Таму выходзяць ня тысячы, а сотні. Вядома, гэта сьведчыць пра прыгнечаны стан грамадзтва. Але так ёсьць на сёньняшні дзень. І гэта зусім не азначае, што так будзе заўсёды.
Пры гэтым падсылаюць правакатараў (звычайна агентуру з асяродзьдзя "дэмакратаў"), каб справакаваць нападзеньне міліцыі й пабіцьцё. 23-га правакатары ня мелі посьпеху, але, тым ня менш, міліцыянты схапілі кіраўніцтва і актывістаў, некаторых зьбівалі.
Выдатна на ўздыме прайшоў юбілейны вечар і канцэрт у гонар 85-й гадавіны БНР, арганізаваны Грамадзкім Аргкамітэтам. (Мне прыходзілася непасрэдна гаварыць з рознымі ягонымі гледачамі.) Асабліва адзначалі, між іншым, узьнёсласьць і беларускі пафас Зінаіды Бандарэнкі, нашай славутай тэлезоркі, якая вяла канцэрт.
У гэтыя-ж дні на вельмі добрым узроўні адбылася ўжо другая па ліку штогадовая навукова-практычная канфэрэнцыя "Ідэалы БНР і Адраджэньне Беларусі", падрыхтаваная Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыяй - БНФ. Гэтая канфэрэнцыя ёсьць тэарытычнаю кузьняю беларускага Адраджэньня. Да яе пачатку быў надрукаваны зборнік дакладаў 1-й канфэрэнцыі. Рыхтуецца наступны зборнік. Канфэрэнцыя згуртавала пад сваімі ідэямі навуковую эліту беларускага Адраджэньня.
Пра юбілейны сход і выдатны вечар наш карэспандэнт выказаўся кепска, а пра навуковую канфэрэнцыю ўвогуле не ўспомніў. Чаму? Таму што пра яе ня кажа лібэральнае радыё, ня піша так званы "незалежны" друк, і не ўспамінае, нават праз зубы, нейкі прамаскоўскі "дэмакрат", якому вельмі нялюбае ўсё гэтае беларускае Аджраджэньне і беларускі "нацыяналізм". Таму робіцца выгляд, што не існуе такой падзеі ў інфармацыйнай прасторы, і наш карэспандэнт, адпаведна, пра яе ня ведае. Хоць гэтая канфэрэнцыя ёьць істотнаю зьяваю, бо тут асэнсоўваецца адраджэнскі вопыт з пазыцыяў цяпершчыны, складваецца тэорыя беларускага Адраджэньня, запаўняюцца прабелы, незапоўненыя раней.
Дарэчы, каб дастаць памешканьне для правядзеньня канфэрэнцыі ці канцэрта беларусам трэба выцярпець доўгае хаджэньне па пакутах, якое часта заканчваецца нічым, хоць заляў у Менску хапае.
Праца арганізатараў у акупацыйных умовах страху і беззаконьня - гэта грамадзкі чын. Гладка тут не атрымліваецца.
Асноўным повадам для ахайваньня юбілею БНР паслужыў той факт, што частка сяброў БНФ (прагматыкі) насуперак рашэньню Аргакімітэту не захацела ўдзельнічаць у сумесным мітынгу ў нядзелю 23-га сакавіка і сабралася вечарам 25-га. Хоць адасабленьне выклікала нараканьні, але вялікай шкоды яно не зрабіла з прычыны нямасавасьці акцыяў. Абходы ўгодкаў БНР доўжацца ў Менску некалькі дзён, арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы (выставы, канцэрты, мітынгі, шэсьці, канфэрэнцыі й г. д.).

* * *
Падсумоўваючы свае заўвагі, адзначу, што паварот газэты "Беларус" тварам да падзеяў у Беларусі й выкарыстаньне інфармацыйных матэрыялаў з Бацькаўшчыны - гэта ёсьць станоўчы паварот. Але, па-першае, не павінна забывацца эміграцыйная тэматыка. Яна - асноўная. Па-другое, падсьцерагае небясьпека трапіць у палон псэўдаінфармацыі, якая сьведама створаная і прадукуецца групамі арганізаваных імітатараў (тыпу "Хартыі", БДГ, "Белорусской газеты" і г. д), якія запрудзілі палосы, эфір, інтэрнэт і нават палітычную фразэалёгію.
У гэтакім становішчы ад падману ніхто не гарантаваны. Але варта было-б выстаўляць рэпарцёрам пэўныя патрабаваньні (агульныя для эміграцыйнай журналістыкі) і ставіць канкрэтныя задачы. Бо нават звычайны рэпартаж у складаных палітычных абставінах не такая лёгкая справа, як, магчыма, можа здавацца тым, хто бярэцца за гэты занятак.
Зянон ПАЗЬНЯК