БЕЛАРУСКАЯ ТЭМАТЫКА НА КАНФЭРЭНЦЫІ Ў НЬЮ ЁРКУ
11-13-га красавіка ў Калюмбійскім унівэрсітэце прайшла Канфэрэнцыя Асацыяцыі Вывучэньня Нацыянальнасьцяў (АВН), што яднае дасьледчыкаў у розных галінах вывучэньня нацыянальных рухаў і разнастайных асьпэктаў палітычнага, грамадскага, эканамічнага жыцьця й гісторыі краінаў Усходняй Эўропы й Эўразіі, што некалі ўваходзілі ў камуністычны блёк пад кіраваньнем савецкай Расеі. Канфэрэнцыя ладзіцца АВН раз на год супольна з Інстытутам Гарымана пры Калюмбійскім унівэрсытэце. На канфэрэнцыю звычайна прыяжджаюць навукоўцы, палітычныя дзеячы й аналітыкі з розных краінаў. Гэта ёсьць ці не адзіная навуковая імпрэза ў Паўночнай Амэрыцы, на якой разглядаюцца й абмяркоўваюцца пытаньні, зьвязаныя з беларусаведай, а менавіта: зь беларускім нацыянальным рухам і палітыка-эканамічным станам у Беларусі.
Канфэрэнцыя праходзіла ў Міжнародным будынку Калюмбійскага ўнівэрсытэіу.
Як заўсёды, было сэкцыйнае паседжаньне, прысьвечанае Беларусі й шэраг дакладаў на беларускую тэматыку на іншых сэкцыях. Гэтым разам сэкцыйнае паседжаньне мела назву "Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў", хаця даклады на ім не былі абмежаваныя толькі гэтай тэмай.
Вольга Бялова зь Ейльскага ўнівэрсытэту і парыскага Інстытуту палітычных досьледаў у сваім дакладзе "Прэзыдэнцкія выбары ў кантэксьце палітычнай кансалідацыі рэжыму ў Беларусі" разгледзела функцыянаваньне афіцыйных палітычных інстытуцыяў у Беларусі, прааналізавала іх дзейнасьць падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Дакладчыца адзначыла, што сыстэма інстытуту ўлады збудаваная па прынцыпе палітычнага патранажу. І такая сыстэма ня мае нічога агульнага з інтарэсамі дзяржавы й нацыі ў цэлым. Найбольш яскравыя прыклады - прэзідэнцкая вертыкаль і дзяржаўныя масавыя сродкі. Найгалаўнейшая умова функцыяваньня такой сыстэмы - падаўленьне канкуруючых структураў, ужываючы ўсе наяўныя сродкі ўлучна з фальсыфікацыяй і тэрорам.
Прафэсар з канадыйскага ўнівэрсытэту Албэрты, аўтар некалькіх кнігаў пра Беларусь Дэвід Марплз выступіў з дакладам, падрыхтаваным разам з Уладзімерам Падголам зь Беларускага Народнага унівэрсытэту, пра дынаміку прэзыдэнцкіх выбараў. Дакладчык ахарактэрызаваў кандыдатаў у прэзыдэнты й прааналізаваў тактыку апазыцыі й рэжыму. На думку праф. Марплза апазыцыя запозьнена вылучыла адзінага кандыдата, не прапанавала дэталёвай праграмы, інфармацыя пра апазыцыю была фактычна заблякаваная. Апазыцыя ня здолела скарыстаць інфармацыю аб зьнікненьні палітычных апанэнтаў рэжыму для ўзмацненьня сваіх пазыцыяў. Акрамя ўсяго, Лукашэнка меў да сваіх паслугаў усе дзяржаўныя масавыя сродкі, тысячы функцыянэраў, што ў працоўны час і за грошы падаткааплатнікаў вялі ягоную перадвыбарчую кампанію і кантралявалі ход галасаваньня. Ён шырока карыстаў папулісцкія жэсты як падвышэньне сярэдняй зарплаты да 100 даляраў, і кантраляваў своечасовую выплату пэнсіяў. Лукашэнка панаваў у масавых сродках і ў дзяржаўным друку, і на тэлевізіі выглядаў значна прывабней за апанэнтаў. Адным з вырашальных чыньнікаў у перамозе Лукашэнкі была, на думку дакладчыка, падтрымка Расеі.
Надзя Лісоўская з Манчэстарскага унівэрсытэту ў сваім дакладзе распавяла пра эканамічную трансфармацыю ў постсавецкіх краінах на прыкладзе Беларусі. Асноўная праблема краінаў зь пераходнай эканомікай - манэтарны вакуум або адсутнасьць капіталаў для разьвіцьця эканомікі, што ёсьць наступствам пераходу ад цэнтральнага плянаваньня да рынку. Беларусь мае некаторыя адмысловыя рысы - немажлівасьць цалкам легальнага прыватнага прадпрыймальніцтва дзеля непрапарцыянальнага падаткавага ціску й адсутнасьці субсыдыяў, працяг адміністрацыйнага разьмеркаваньня рэсурсаў. Меры па дэманапалізацыі эканомікі, што пачалі праводзіцца ў першай палове 1990-х гг., фактычна спыненыя. Усё гэта, разам з адсутнасьцю канкурэнцыі, прывяло да таго, што беларуская прадукцыя саступае замежным таварам, не дае прыбытку, а значыць і заробкаў.
Алекс Даніловіч з Казахскага Інстытуту Мэнэджмэнту выступіў з дакладам аб уплыве традыцыйнай культуры на дэмакратызацыю ў Беларусі. На думку дакладчыка, няўдача Беларусі ў пераходзе ад аўтарытарнага кіраваньня да прадстаўнічай дэмакратыі палягае ў свеасаблівых культурных рысах беларускага грамадства, што ўлучаюць эгалітарызм, калектывісцкае мысьленьне, тэндэнцыю дзейнічаць у грамадзе. Такі тып культуры надзяляе лідараў бескантрольнай уладай. Прамоўца адзначыў, што Лукашэнка скарыстаў гэтыя рысы насельніцтва каб прыйсьці да ўлады й кансалідаваць яе ў сваіх руках.
Нажаль, дакладчык не акрэсьў свайго канкрэтнага вызначэньня беларускай традыцыйнай культуры й нават улучыў туды нібыта ўласныя беларусам непавагу да закону і "саборнасьць" (расейскі праваслаўны канцэпт, што яднае патэрналізм і калектывісцкае мысьленьне). Непераканаўча прагучаў і тэзіс, што Канстытуцыя 1994-га гаду. была быццам адрынутая народам як занадта празаходняя.
З дыскусыйным аглядам прачытаных дакладаў выступіла Аляксандра Гужон, дактарант Цэнтру Дэвіса па Расейскіх Досьледах пры Гарвардзкім унівэрсытэце. Яна выказала свае думкі па дакладах і датычных тэмах і паставіла шэраг пытаньняў выступоўцам.
На пытаньне аб скарыстаньні справы зьніклых праф. Д. Марплз адказаў, што калі-б апазыцыя больш абгрунтавана прадставіла факты, дык справа магла-б мець большы ўплыў на насельніцтва.
Сп. А. Даніловіч на пытаньне, чаму праваслаўная і былая камуністычная краіна Баўгарыя рухаецца зусім у іншы бок, чым роднасная ёй па шмат якіх паказчыках традыцыйнай культуры Беларусь, адказаў, што гэта ёсьць тэма для асобнага, дужа вартага ўвагі, дасьледваньня. На маё пытаньне, ці варта гарнуць беларусаў з расейцамі й украінцамі ў адзін кантынуум па рысах традыцыйнай культуры, а таксама прыпісваць ім генэтычную непавагу да законаў, сп. Даніловіч адказаў, што ягоны даклад ёсьць пэўным спрашчэньнем і акцэнтуе ўвагу на дзеяньнях рэжыму.
Пытаньне пра скарыстаньне нацыянальнай ідэі да праф. Марплза задала студэнтка Калюмбійскага ўнівэрсытэту Каця Салавей. Праф. Марплз адказаў, што ў Беларусі ўжываньне нацыянальнай ідэі ня можа зрабіцца самадастатковай палітыкай. Аднак тое, што нацыянальную ідэю яшчэ зарана высоўваць у якасьці перадвыбарчай стратэгіі, характэрна для ўсіх постсавецкіх краінаў. З часам гэта безумоўна зьменіцца.
Зь іншых дакладаў на канфэрэнцыі варта адзначыць "Нацыянальнае адраджэньне ў ідэялёгіі Ўкраінскага Руху і Беларускага Народнага Фронту ў апошнія гады СССР" Алясандры Гужон (Гарварцкі унівэрсытэт); "Гульня эканамічных інтарэсаў у працэсе інтэграцыі паміж Расеяй і Беларусьсю" Юліі Шукан і Альвару Артыгаса (Парыскі Інстытут палітычных досьледаў); "Ацэньваючы моўную палітыку ў Беларусі: рэабілітацыя ці пагібель беларушчыны?" Тоні Браўна (Брын Маўр Калэдж); "Мы ці яны? Беларусы й чыноўная Расея, 1863-1914" Тэадора Ўыкса (Паўдзённа-Ілінойскі ўнівэрсытэт); "Бюракратычнае мысьленьне як перашкода нацыяналізму: Русыфікацыя Паўночна-Заходняга краю Расейскай імпэрыі ў 1860-я гг." Міхаіла Далбілава (Варонескі дзяржунівэрсытэт).
Наагул канфэрэнцыя стала заўважнай зьявай у навуковым жыцьці Паўночнай Амэрыкі, і колькасьць дакладаў, прысьвечаных беларускай тэматыцы, дае спадзяваньні адносна далейшага росту цікавасьці да беларусаведнай дасьледчай працы, якой гэтак бракуе паўсюль (нават у самой Беларусі яна далёка не задавальняльная), але асабліва тут, у Амэрыцы.

Віталь Зайка