25-я СУСТРЭЧА БЕЛАРУСАЎ ПАЎНОЧНАЙ АМЭРЫКІ
У суботу 31-га жніўня ў Нью Брансвіку, штат Нью Джэрзі, пачала сваю працу 25-я Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі. У канфэрэнц-залі гатэлю "Гаят-Рыджэнсы" сабраліся некалькі соцень прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў ЗША і Канады, госьці зь Беларусі. Сустрэчу адкрыў старшыня аддзелу БАЗА на штат Нью Джэрзы сп. Юрка Азарка, які быў старшынём арганізацыйнага камітэту Сустрэчы. Ён павіншаваў прысутных і адзначыў у сваім уступным слове, што сёлетняя Сустрэча зьяўляецца юбілейнай, адзначае 50 гадоў традыцыі правядзеньня гэтага найвышэйшага форуму беларускіх арганізацыяў заходняе паўкулі. Шмат было зроблена за гэтыя 50 гадоў, і шмат застаецца яшчэ зрабіць. Тэма Сустрэчы была: "Роля беларускай эміграцыі ў дэмакратызацыі Беларусі й захаваньні незалежнасьці", і гэтая Сустрэча павінна паспрыяць выпрацоўцы агульнай пазыцыі й новых падыходаў да сытуацыі на Бацькаўшчыне. Удзельнікаў прывіталі кароткім словам старшыня Рады БНР сп-ня Івонка Сурвіла, старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелойць, старшыня грамадзкай арганізацыі "Беларуская Перспэктыва" сп-ня Валянціна Трыгубовіч; былі зачытаныя прывітаньні ад шэрагу арганізацыяў, у тым ліку ад беларусаў Аўстраліі, ад Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі, ад арганізацыі "Бацькаўшчына".
Затым прайшоў сымпозыюм "Роля беларускай эміграцыі ў дэмакратызацыі Беларусі". Прысутныя далучыліся да трох дыскусійных групаў або "круглых сталоў" пад назвамі:
- аналіз сучаснай палітычнай сытуацыі ў Беларусі й перспэктывы дэмакратызацыі;
- уздым беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў змаганьні за дэмакратычную і незалежную Беларусь;
- справа пераемнасьці пакаленьняў па-за межамі Беларусі й захаваньня культурнай і гістарычнай спадчыны.
Першы круглы стол вялі сп. Віталь Зайка, старшыня нью ёрскага аддзелу БАЗА, і сп-ня Валянціна Трыгубовіч, старшыня аб'еднаньня "Беларуская Перспэктыва". Прысутныя разгледзелі ход апошніх падзеяў у Беларусі, прааналізавалі стан палітычных сілаў і дзейнасьць міжнароднай супольнасьці ў дачыненьні да Беларусі. Было канстатавана, што нягледзячы на пэўны спад палітычнай актыўнасьці, у Беларусі даволі памысна ідзе фармаваньне грамадзянскай супольнасьці й тое, што найбольш патрэбна цяпер - гэта каардынацыя дзеяньняў дэмакратычных сілаў, грамадзкае паразуменьне. Нягледзячы на пагрозу незалежнасьці, нацыянальныя сілы мусяць працягваць барацьбу і супраць рэжыму, і супраць расейскай экспансыі, бо менавіта Лукашэнка і ягонае атачэньне сьведама падвялі краіну да страты незалежнасьці, якую яны прызнавалі, і тое не заўсёды, толькі на словах.
Для абароны Беларусі ў Вольным Сьвеце, нам трэба шукаць палітыкаў, якія ўважаюць, што дзяржаўнасьць мае нацыянальныя асновы. Прадстаўнікамі такой плыні ёсьць Джэсы Гэлмс і Крыстафэр Сьміт, якія пасьлядоўна выступаюць у абарону незалежнасьці й свабоды Беларусі. Трэба даводзіць усім іншым палітыкам, што без трывалай нацыянальнай асновы, на якой грунтуецца стабільнасьць і бесперашкоднае разьвіцьцё нацыянальных дзяржаваў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, Беларусь застанецца нестабільным дзяржаўным утварэньнем, крыніцай патэнцыйных канфліктаў у Эўропе. Асабліва моцна прысутныя выказаліся за адзінства, за яднаньне сілаў і намаганьняў усіх нацыянальных беларускіх сілаў і ўсіх, хто падтрымлівае незалежнасьць, свабоду і захаваньне нацыянальнай культуры незалежна ад палітычнай арыентацыі. Таксама было заяўлена аб неабходнасьці найшырэйшага далучэньня моладзі да працы ў беларускіх арганізацыях, аб аднаўленьні працы моладзевых арганізацыяў беларускай эміграцыі. У працы круглага стала ўзялі актыўны ўдзел намесьнік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык, старшыня БІНіМ Вітаўт Кіпель, старшыня Галоўнай Управы БАЗА Антон Шукелойць, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі, журналіст Уладзімер Левін ды іншыя.
На другім круглым стале, які вялі сп. сп. Віктар Тур і Юрка Азарка, разглядаліся пытаньні актывізацыі дзеяньняў амэрыканскіх беларусаў другога пакаленьня, каардынацыя працы з сэнатарамі, кангрэсмэнамі й урадам ЗША.
Трэці круглы стол быў прысьвечаны пытаньням захаваньня й пераемнасьці беларускай культуры на эміграцыі, і яго вялі сп.сп. Серж Трыгубовіч і Ванкарэм Нікіфаровіч. Кіраўніком Сымпозыюму быў сп. Трыгубовіч, а вынікі дыскусіяў былі прынятыя за аснову для выпрацоўкі рэзалюцыяў 25-й Сустрэчы.
Увечары ўдзельнікі сабраліся ў Беларуска-Амэрыканскім Цэнтры ў Саўт Рывэры на баль-сустрэчу. Забава з пачастункам, музыкаю трыё Казакоў і танцамі прайшла надзвычай удала.
1-га верасьня раніцою з удзелам Мітрапаліта Ізяслава прайшло набажэнства ў царкве Маці Божай Жыровіцкай у Гайланд Парку, якое азнаменавала яднаньне раней падзеленай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
Тэма яднаньня і пераадоленьня супярэчнасьцяў паміж беларускімі арганізацыямі й паміж асобнымі людзямі гучала і ў прамовах на ўрачыстым банкеце ў гатэлі "Гаят-Рыджэнсы". З уступным словам выступіў сп. Юрка Азарка, а потым сп-чня Вольга Казак засьпявала амэрыканскі гімн. Затым а. Вячаслаў Логін прамовіў малітву, а прысутны Мітрапаліт Ізяслаў асьвяціў сход. Ад Рады БНР з прамовай выступіла Старшыня сп-ня Івонка Сурвіла, ад БАЗА - сп. Антон Шукелойць, ад ЗБК - сп. Пётра Мурзёнак. Былі зачытаныя прывітаньні ад амэрыканскіх кангрэсмэнаў Фрэнка Палоўна і Крыстафэра Сьміта, а таксама ад сэнатара Джорджа Войнавіча, беларускіх дзеячоў у Канадзе Кастуся Акулы й Раісы Жук-Грышкевіч, старшыні БНФ Вінцука Вячоркі ды іншых. Далей з прамовамі выступілі ганаровыя госьці Сустрэчы зь Беларусі: гісторык і выдавец, рэдактар часапісу "Беларускі Гістарычны Агляд" сп. Генадзь Сагановіч і старшыня грамадзкага аб'еднаньня "Беларуская Перспэктыва" сп-ня Валянціна Трыгубовіч. Прысутныя з увагай выслухалі старшыню кліўлендзкага аддзелу БАЗА Пола Васілеўскага, заступніка старшыні Рады БНР Сяргея Навумчыка, старшыню Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямёна Шарэцкага.
Пасьля банкету адбыўся канцэрт, падрыхтоўкай якога займалася сп-ня Ала Орса-Романо, у якім прынялі ўдзел трыё Казакоў у складзе Валянтыны Пархоменкі, Вольгі Казак і Алеся Казака, а таксама Валянціна Якімовіч, Ліда Кано, Уладзімер Гуткоўскі; ансамбаль з Таронта "Яваровы людзі", Ксеня Капытка, Ірына Мозылева.
У фае гатэлю была разгорнутая выстава жывапісу пэнзлю мастачкі сп-ні Валі Якімовіч.
За выдатнае арганізаваньне Сустрэчы падзяка належыць арганізацыйнаму камітэту ў складзе: Юркі Азаркі (старшыня), Янкі Азаркі, Алы Кузьміцкай, Алы Орса-Романо, Сержа Трыгубовіча, Віктара Тура, Антона Шукелойця, старшыня Пётры Мурзёнка.

Віталь ЗАЙКА