РЭЖЫМ ЛУКАШЭНКІ РЫХТУЕ КАНГРЭС БЕЛАРУСАЎ ЗАМЕЖЖА
Напачатку сьнежня была распаўсюджаная інфармацыя пра падрыхтоўку т. зв. Кангрэсу Беларусаў Замежжа. З інфармацыі вынікала, што прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Чэхіі сустрэліся з другім сакратаром амбасады Рэспублікі Беларусь (чытай: рэжыму Лукашэнкі) сп. Казловым. Ен паінфармаваў пра тое, што ў траўні 2003-га году ў Менску зь ініцыятывы ўладаў плянуецца вышэй названы Кангрэс, і прапановы пра ўдзел у ім накіроўваюцца ва ўсе суполкі беларускай дыяспары. Сп. Казлоў, прамаўляючы па-беларуску, заклікаў "наладжваць супрацоўніцтва на падставе не таго, што нас разьядноўвае, а на падставе таго, што нас аб'ядноўвае". Гэтая вестка, а таксама інфармацыя пра гэтую сустрэчу д-ра Ганны Бартуль і сп. Сяржука Сокалава-Воюша даюць падставы для наступных разважаньняў.
Першае - нідзе не было паведамлена нічога канкрэтнага пра мэты Кангрэсу. Прадстаўнікам дыяспары было прапанавана адказаць, ці яны "згодныя ўзяць удзел, і якія тэмы яны хацелі-б прадставіць для разгляду на Кангрэсе". Гэта наводзіць на выснову, што факт удзелу дыяспары ў Кангрэсе для беларускіх уладаў больш важны, чым ягоны парадак дня, што гэта проста спроба скарыстаць дыяспару аднабакова, для стварэньня ўражаньня аб падтрымцы ёю беларускага рэжыму.
Другое - якія-б не былі афіцыйна названыя мэты Кангрэсу, якіх абяцаньняў не давалі-б прадстаўнікі рэжыму адносна ўмоваў удзелу дыяспары, пры цяперашнім рэжыме гэта ня будзе мець істотнага значаньня. Добра ведама, што Лукашэнка і ягоныя памагатыя не трымаюць сваіх словаў і ня дбаюць пра нават элемэнтарныя нормы прыстойнасьці й цывілізаванага захаваньня. Інфармацыя імі заўсёды падаецца ў скажоным і перакручаным выглядзе, як у нядаўнім выпадку з амэрыканскімі кангрэсмэнамі ў Менску.
Трэцяе - да сваіх паслугаў рэжым Лукашэнкі мае шэраг арганізацыяў расейскамоўных выхадцаў зь Беларусі (пераважна на пост-савецкім абшары), што падтрымліваюць усе крокі й дзеяньні рэжыму. Шляхам нескладаных маніпуляцыяў нацыянальна-дзяржаўніцкая дыяспара, напэўна, апынецца на Кангрэсе адціснутаю ў кут сэрвілісцкімі пра-маскоўскімі прадстаўнікамі, і будзе толькі прысутнічаць на прыняцьці выгадных рэжыму рэзалюцыяў, гэтым санкцыянуючы іх.
І апошняе - рэжым Лукашэнкі, слушна называны ў вольным сьвеце апошняю дыктатураю ў Эўропе, ня ёсьць свабодна абраным легітымным прадстаўніцтвам беларускага народу. Гэты рэжым гандлюе незалежнасьцю Беларусі, зачыняе беларускія школы, беларускія газэты, разганяе рэдакцыі часапісаў, арыштоўвае журналістаў, праводзіць татальную русыфікацыю, працягвае парушаць правы чалавека, зьдзекваецца з дэмакратычных правоў і свабодаў. На сёнешні дзень няма амаль ніводнай пазыцыі, па якой рэжым і беларуская дыяспара мелі-б блізкія погляды.
У сьвятле вышэй сказанага зусім лягічным ёсьць заклікаць усе беларускія арганізацыі замежжа, а таксама індывідуальныя асобы - ня мець нічога супольнага з плянаванаю рэжымам імпрэзаю пад назваю "Кангрэс Беларусаў Замежжа".
У сёнешняй сытуацыі будзе разумна ўстрымлівацца ад асабовых кантактаў з прадстаўнікамі рэжыму, настойваючы на дасыланьні інфармацыі ў пісаным выглядзе - праз пошту або е-мэйл.

Віталь ЗАЙКА