З думкай пра радзіму


Новыя музычныя творы Міхася Клейнера
Сярод людзей, каго добра ведаюць сёньня ў нашым імігранцкім асяродзьдзі ў Чыкага, я-б вылучыў імя Міхася Клейнера, паэта, перакладчыка, кампазытара й выканаўцы ўласных песьняў. Нядаўна ён завяршыў працу над новай вакальна-музычнай кампазыцыяй: напісаў вялікую колькасьць песьняў і рамансаў на апошнія творы вядомых беларускіх паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна.
- Я нарадзіўся ў Парычах, выхоўваўся ў беларускім і яўрэйскім асяродку, - расказаў Міхась Клейнер карэспандэнту "Беларуса". - Лічу сябе сынам Беларусі. Ніколі не забываў беларускай мовы, мне вельмі блізкая тэма Беларусі, тэма радзімы. Ужо болей за дзесяць гадоў жыву ў Амерыцы, і ўвесь час імкнуся не адрывацца ад беларускай культуры й беларускай духоўнасьці. Яшчэ да ад'езду я напісаў лірычны раманс "Дагэтуль незабытая" на словы Рыгора Барадуліна. Памятаю, як я тады пазваніў яму, прасьпяваў гэты раманс, і ён яму вельмі спадабаўся. Першую песьню на словы Генадзя Бураўкіна я напісаў недзе ў 1993-м годзе, перад тым, як ён прыехаў да нас у Чыкага ў сакавіку на сьвяткаваньне Дня Волі, тады ён быў прадстаўніком Беларусі ў ААН. Пасьля гэтага я штогод пісаў новыя песьні й рамансы на словы беларускіх паэтаў, прычым я выбіраў тое, што было мне па зьместу вельмі блізка, што, як кажуць, было да сэрца. Так зьявілася мая музыка да "Я ад вас далёка" Янкі Купалы, "О Беларусь, мая шыпшына" Уладзімера Дубоўкі, "Сьпявай мне, дзяўчына, пра кветкі, пра гай" Міхася Чарота, "Мой алень" Аляксея Пысіна, "Ціха плыў месяц" і "Люблю я сонца залатое" Натальлі Арсеньневай, "Мне на вас не глядзець…" Алеся Салаўя, "Два промні" Сяргея Панізьніка й шэраг іншых твораў. Я ўсё гэта выконваў на імпрэзах ня толькі ў беларускім, але і ў расейскамоўным і яўрэйскім асяродках ў нас у Чыкага, і заўсёды гэтыя песьні й рамансы мелі посьпех. Я не думаў пра гэта, але аказалася, што тэксты бальшыні зь іх - пярліны нашай беларускай паэзіі, прычым пярліны сусьветнага ўзроўню. Часам такой пярлінай можа стацца пераклад, як, напрыклад, верш "Вечар. І цёплыя росы…" выдатнага яўрэйскага паэта Ізі Харыка, які бліскуча пераклаў на беларускую мову Пятро Глебка. Гэты пераклад я таксама выконваю на ўсіх сваіх канцэртах.
А нядаўна мне давялося прачытаць новыя кніжкі: "Лісты ў Хельсінкі" й "Зорка спагады" Рыгора Барадуліна ды "Паміж зоркай і сьвечкай" Генадзя Бураўкіна. Шчыра прызнаюся: я ўбачыў нібы зусім новага Барадуліна, адчуў зусім новыя лірычныя інтанацыі ў яго паэзіі. Многае проста зьдзівіла: аказваецца, ён вельмі глыбокі лірык, у яго творах спалучаюцца шчырасьць пачуцьцяў з глыбокім філязофскім роздумам.
На радзіме расьце трава
Няпрытуленага блуканьня.
На радзіме ня спіць сава
Дакараньня і дараваньня…
Радкі накшталт гэтага (я цытаваў "Ліст дзесяты"), зьвернутыя да Васіля Быкава, адразу западалі ў душу і сэрца… Я быў вельмі ўзрушаны, усхваляваны, і амаль за два месяцы напісаў музыку да 17 рамансаў на вершы Рыгора Барадуліна. Перад гэтым я праслухаў дыск з запісам музыкі Алеся Камоцкага да вершаў зборніка "Зорка спагады", і мне захацелася зрабіць нешта сваё, у іншай стылістыцы, нібы праз роздум маіх ужо сталых гадоў. Вельмі добрае ўражаньне пакінулі вершы Генадзя Бураўкіна ў зборніку "Паміж зоркай і сьвечкай", я адкрыў для сябе многае ў гэтым цікавым паэце і таксама напісаў музыку да яго дванаццаці вершаў. Асабліва ўзрушыў мяне ягоны паэтычны перагук "Шумела Нарач…" са славутай пастэрнакаўскай "Свеча горела…" ды й многія іншыя творы.
Нам застаецца дадаць, што прэзэнтацыя новага вакальна-музычнага цыклу Міхася Клейнера на словы Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна адбылася ў Чыкага падчас сакавіцкіх сьвяткаваньняў у праваслаўнай царкве сьвятога Юр'я і ў грамадзка-культурным цэнтры пры каталіцкай царкве Хрыста-Збаўцы, а таксама на адмысловай вечарыне, якая адбылася 30-га сакавіка ў вялікай зале чыкагскага ОРТ-інстытута. Вечарына гэтая была таксама прысьвечаная прэзэнтацыі зборніка вершаў і перакладаў Міхася Клейнера, які толькі што надрукаваны й мае назоў "Мелёдыі любові".
З Міхасём Клейнерам гутарыў
Ванкарэм Нікіфаровіч
(Чыкага).