КАЛЯДЫ Ў КЛІЎЛЭНДЗЕ
Няма, напэўна, сярод беларусаў у Кліўлэндзе такога чалавека, хто не пакаштаваў цудоўных страваў, прыгатаваных сп-няю Еваю Яраховіч. Зграбная гаспадыня, ветлівая жанчына, цудоўная маці - яна была "ахмістрыняю" Каляднае вячэры ў царкве Сьв. Жыровіцкае Божае Маці, што ў Стронгсвіле.
Пасьля Літургіі й зьяўленьня на небе "першае зоркі" болей за сто парафіянаў пачалі вячэру са смачнае куцьці. І гэтая салодкая страва прыпомніла многім маленства, чаканьне сьвята ў бацькоўскай хаце, калі на "шчодры вечар" і "багатую куцьцю" зьбіралася сям'я. Калі зь цёплае печы даставалі смачныя стравы, калі за вокнамі мароз, і дым з коміна суседняе хаты відаць уначы на асьветленым месяцам небе. Вечарына была цудоўная і "шчодрая".
А праз тыдзень "моладзь" наладзіла сьвяткаваньне "старога Новага году". Сабраліся каля двух дзесяткаў сем'яў "новых эмігрантаў" у зале пры царкве. Кожная жонка прыгатавала свой "каронны" пачастунак. Мужчыны ў сваю чаргу паклапаціліся пра якасныя напоі. А таленавіты музыка Хведар Паўлавец забясьпечыў сьвяточны настрой. Яго гармоніка не змоўкала на працягу больш шасьці гадзінаў, і пад музыку гэтага прафэсыйнага акампаніятара працягваліся песьні й танцы. А на заканчэньні вечарыны баяніст віртуозна іграў трымаючы баян за сьпіною.
Урэшце ўсе разьвіталіся стомленыя і ў добрым настроі ды сардэчна дзякавалі Сьвятлане Белай і Іне Прузыні за арганізаванае сьвяткаваньне.
У наступную раніцу ў царкве была і сьвяточная ялінка для дзяцей, і пачастункі, і падарункі.
Дзякуючы Богу, справа, закладзеная заснавальнікамі беларускага асяродку Сяргеем Карніловічам і Кастусём Калошам, жыве і прадаўжаецца.

Сяргей Васілец з Кліўленду