Рэдкая кніга
Кнігі - сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё..
І потым,
Галодныя,
Перш за ўсё зноў пачынаюць заводзіць.
Згарэлі бібліятэкі прадзеда,
Дзеда,
Бацькі,
Твая..
Але ты копіш

Ул. Караткевіч
Больш за 500 гадоў існуе друкаваная кніга, і толькі невялічкая частка рахуецца спэцыялістамі як рэдкая. Лічыцца, што кніга набывае сваю рэдкасьць, калі попыт на яе перавышае прапанову. Натуральна, гэткае азначэньне суб'ектыўнае й дае надта шырокую прастору падставаў да залічэньня кнігі ў катэгорыю рэдкіх, што й прымушае калекцыянэраў, бібліятэкараў, антыквараў шточасна пераглядаць ўласныя ацэнкі кнігаў, ад якіх раней яны самі-ж адмовіліся. На жаль, простай формулы вызначэньня рэдкасьці няма. І век кнігі мае мала агульнага зь ейнай каштоўнасьцю. Разам з тым спэцыялісты ўсталявалі пэўныя часавыя межы тае рэдкасьці. Гэта ня толькі ўсе кнігі, выдрукаваныя да 1501 году (так званыя інкунабулы), але й: ангельскія - да 1641 г., амэрыканскія - да 1801 наагул і да 1850 г. на захад ад Міссіссыпы.
Што робіць канкрэтную кнігу важнаю - у бібліяфільскім значаньні? Найбольш жаданыя ў заходнім сьвеце, які хто-ніхто чамусьці лічыць вінаватым перад намі ў бездухоўнасьці, пра якую гэтак любяць казаць расейцы, - першадрукі значных літаратурных і гістарычных працаў, кнігі з новымі ілюстрацыямі, што даюць новае прачытаньне твораў або зробленыя вядомымі мастакамі, першыя друкаваныя кнігі пэўнай мясцовасьці.
Мара кожнага калекцыянэра - першавыданьне, яно мае найбольшую каштоўнасьць. Праз гэта амэрыканскія спэцыялісты, напрыклад, увялі некалькі тэрмінаў для падзелу друкаў у межах аднаго выданьня: first edition, state, issue, point. Сотні й нават тысячы даляраў каштуюць першавыданьні амэрыканскіх аўтараў, выдрукаваныя ў 20-ыя ці 60-я гады.
Не апошнюю ролю адыгрывае так званы provenance - гісторыя канкрэтнай кнігі, ейны асабісты лёс: эксьлібрыс, аўтарскія дарчыя надпісы (і чым радзей аўтар падпісваў свае творы - тым большая каштоўнасьць дэдыкацыі), пазнакі папярэдніх уладальнікаў асобніка, калі тое былі людзі вядомыя; адметная вокладка, пераплёт.

Псалтыр, пакрытую няжорсткай бурай
кожай,
Я ўзяў і срэбныя засьцёжкі адамкнуў,
Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай
І воску з ладанам прыемны пах пачуў.
І бачыў я ў канцы няхітрую прыпіску,
Што "кнігу гэтую раб Божы, дзяк
Гапон,
Дзеля душы спісаў у Месьце Ваўкавыску
У рок сем тысяч сто васьмы з пачатку
дзён"
М. Багдановіч
Якія кнігі звычайна не падпадаюць пад катэгорыю рэдкіх? Гэта Бібліі (зразумела, калі тое не Гутэнбэрга ці Скарыны або Астрожская Біблія), энцыкляпэдыі, зборы твораў, падручнікі, пэрыядычныя выданьні, рэпрынтныя й факсімільныя друкі.
Кніга, вядомая толькі ў некалькіх асобніках, можа быць вельмі дарагою. Але кніга малазначная ніколі ня будзе мэтаю калекцыянэра - нягледзячы на тое, у якой колькасьці асобнікаў, хоць бы і адным, яна дайшла да нас.
Адметную, часам вызначальную ролю адыгрывае стан кнігі, ейная захаванасьць. Кніга мусіць быць ня толькі з усімі бачынамі, супервокладкаю (калі такая была напачатку), але ня мець жаўцізны на старонках, своесаблівага паху, што так вабіць кніжную моль і так палохае калекцыянэраў. Кніга ўбраная наноў, нават у самы дарагі адмысловы пераплёт, губляе сваю каштоўнасьць удвая.
Ведаючы гэта, зьбіральнікі кнігаў мусяць дбаць пра нормы захаваньня рэдкіх кнігаў. Найлепш для гэтага надаецца сухое халоднае памешканьне, а не падстрэшша ці склеп. Наўпроставыя прамяні сонца таксама надта шкодныя. Часта здараецца, што ўладальнікі кнігаў робяць цалкам адваротнае: хаваюць сваё багацьце ў скрынках, абгортваючы іх у плястык ці газэту. Так кнігу можна толькі пахаваць, зьнішчыць!
Трошкі ўбаку ад рэдкіх кнігаў стаяць архіўныя матар'ялы - ліставаньне, дзёньнікі, дакуманты арганізацый і прыватных асобаў: усё гэта таксама можа мець вялікае значаньне, калі не фінансавае, дык прынамсі гістарычнае.
Вышэйпададзенае - агульныя прынцыпы рэдкай кнігі ў Амэрыцы. Як лёгка заўважыць, іх амаль немагчыма дапасаваць да беларускай кнігі. Бо ў нас любая кніга - рэдкая: ХІХ ст., пачатак ХХ ст., 20-30-я гады. Пра ранейшыя часы нават гаворкі няма! Рэдкія выданьні ваеннага часу, робяцца рэдкімі друкі эміграцыйныя. На захаванасьць увага й не зьвяртаецца: абы сама захавалася. Кніга Ластоўскага. Кніга Луцкевіча. Кніга Станкевіча. Беларуская кніга.

Чалавек прыходзіць
З-за далёкіх, чужых нам меж
І зьдзіўляецца:
"Што вы за нацыя,
Хай вас халера,
Што ні дом - сотні кніг!".
Гэта правільна, дружа,
Іначай бы мы бы ня былі
Ні народам,
Ні нацыяй,
А дзярмом,
Гноем,
Хімерай
Ул. Караткевіч
Андрэй ЛЮБІЧ