Аб Беларусі й беларусах у ангельскіх кнігах
Беларускі край вельмі ўраджайны на таленавітых людзей. Нарадзілася ў ім шмат людзей з сусьветнаю славаю, палкаводцы, дыпляматы, пісьменьнікі, паэты, кампазытары, вучоныя з Нобелеўскімі прэміямі. Але з-за таго, што Беларусь была вякамі пад панаваньнем "братоў"-славянаў, як з захаду, так і з усходу, шмат хто з гэтых людзей ваявалі, пісалі й працавалі на карысьць чужынцаў. Для свае Бацькаўшчыны яны, магчыма, сталіся забытымі й страчанымі назаўсёды. Бо, сапраўды, ці ёсьць агульнаведавамым, што такія славутыя людзі як І. Берлін, Х. Вэйцман, І. Дамейка, Х. Дастаеўскі, Л. Кандратовіч-Сыраколмля, Т. Касьцюшка, С. Манюшка, А. Міцкевіч, С. Пясэцкі, Сухі, Дз. Шастаковіч і т. д. альбо нарадзіліся ў Беларусі, альбо маюць беларускія карані? Сумняваюся.
Каб адказаць на пытаньне, чаму і як гэта сталася, трэба памятаць, што палякі й расейцы доўгі час уважалі, а некаторыя думаюць і цяпер, што Беларусь - неад'емная частка Польшчы ці Расеі. Ды ня толькі яны ўважалі беларускія землі сваімі. А ў Заходняй Эўропе, ды можа, і ва ўсім сьвеце розныя выдавецтвы, апіраючыся на польскія і расейскія кнігі-жэралы паўтаралі тое самае, што не было згоднае з гістарычнаю праўдаю.
Аўтар гэтага артыкулу гадамі цікавіўся гэтаю справаю, пераглядваў ангельскія энцыкляпэдыі, бібліяграфічныя даведнікі, альманахі, газэты й г. д. і ўважліва вывучаў, што было напісана пра Беларусь і беларусаў, аб людзях, якія нарадзіліся ў Беларусі. Скажу шчыра, я быў расчараваны, бо тое, што пісалі ў кнігах вельмі часта было ня згоднае з гістарычным фактамі й праўдзівай рэчаіснасьцю.
Вось што я напаткаў у ангельскіх кнігах. Нашу Беларусь называюць яшчэ часам, як за савецкія часы, Byelorussia альбо White Russia. Апошні назоў ёсьць фальшывым перакладам і азначае ... Белая Расея! Цяжка апраўдаць лінгвістаў ці гісторыкаў, якія замянілі слова "Беларусь" на "Белая Расея". Але і перакладаньне назоваў краінаў на іншыя мовы ёсьць сапраўдным абсурдам.
У розных ангельскіх кнігах успамінаецца рэлігійны склад насельніцтва Беларусі. У некаторых зь іх можна напаткаць наступныя недарэчнасьці, "...бальшыня насельніцтва ёсьць рыма-каталіцкага веравызнаньня зь вялікай меншасьцю расейскага праваслаў'я..." Спатыкаюцца сьцьвярджэньні, што "...Рыма-каталіцызм і Ўніяцтва ёсьць рэлігіямі Беларусі...", што супярэчыць фактам.
Калі ходзіць аб апісаньнях такіх беларускіх гарадоў як Бабруйск, Барысаў, Берасьце, Віцебск, Горадня, Гомель, Магілёў, Менск, Пінск і г. д., то ў апісаньнях шмат недакладнасьцей.
У ангельскіх бібліяграфічных даведніках і энцыкляпэдыях успамінаюцца вялікія ці шырокаведамыя людзі, якія нарадзіліся ў Беларусі. Тады, нажаль, часта пішацца, што нарадзіліся яны альбо ў Польшчы, альбо Расеі ці Летуве.
Няхай будзе мне дазволена ўспомніць некаторых з гэтых людзей і тое, што аб іх напісанае ў ангельскіх кнігах, з надзеяй, што беларусы ў ЗША, Канадзе і Аўстраліі ды іншых краінах зацікавяцца гэтаю справаю і напішуць лісты ў розныя выдавецтвы з папраўкамі й камэнтарамі. Прозьвішчы людзей даю лацінскімі літарамі ў ангельскай транскрыпцыі.
Begin, Menachem (1913-1992). Ізраільскі палітык. Нарадзіўся ў Берасьці. Пісалася, што нарадзіўся ў Брэсьце-Літоўскім у Польшчы. У 1913-м годзе, калі нарадзіўся Бегін, Польшча нават не існавала, Брэст-Літоўскі належаў да Расеі.
Berlin, Irving (1888-1989). Доўгі час жыў у ЗША. Кампазытар і аўтар шырокага кола ведамых песьняў. Нарадзіўся ў Магілёве. А пішацца, што нарадзіўся ў Тэмуне (?), Сібіры, Расея.
Dzierzhinsky, Felix (1877-1926). Савецкі палітык. Нарадзіўся каля Койданава, цяпер Дзяржынск. Аб ім пішуць, што ён нарадзіўся каля Мінска ў Расейскай імпэрыі.
Chagall, Marc (1887-1989). Мастак. Нарадзіўся ў Віцебску. У кнігах пішуць, што нарадзіўся ў Віцебску ў Расеі, і што ягоныя карціны былі намаляваныя пад уплывам расейскага фальклёру.
Gromyko, Andrei (1909-1889). Савецкі палітык. Нарадзіўся ў Старых Грамыках на Палесьсі. А ў даведніках пішуць, што ён нарадзіўся ў Старых Грамыках у Расеі.
Klug, Aaron (1926- ). Вучоны, прафэсар-хімік, ляўрэат Нобелеўскай прэміі. Нарадзіўся ў Зэльве на Гродзеншчыне. А ў бібліяграфічных даведніках пішацца, што ён нарадзіўся ў Зэльвас у Літуве. У 1926-м годзе, калі нарадзіўся А. Клуг, Зэльва належала да Польшчы, а не да Літвы й ніколі не называлася Зэльвас.
Корбут, Вольга. Сусьветна ведамая гімнастка. Аб ёй часам пішуць, што яна расейская гімнастка. А ў польскіх газэтах спатыкаецца, што яна польскага паходжаньня.
Kasciuszko, Todeusz (1746-1817). Палкаводзец. Герой у Эўропе і ЗША. Нарадзіўся ў Марачоўшчыне каля Косава. Розныя кнігі па-рознаму называюць край ягонага нараджэньня. Адныя пішуць, што ён нарадзіўся каля Косава ў Польшчы, другія ў Літве, а трэція ў Польскай Літве.
Maimon, Solomon (1754-1800?). Філязоф і пісьменьнік. Аб ім пішуць, што нарадзіўся ў Нясьвіжы... ў Польскай Літве.
Mickiewicz, Adam (1798-1855). Паэт. Нарадзіўся ў Завосях каля Наваградка, але ў даведніках і энцыкляпэдыях можна прачытаць, што ён нарадзіўся каля Наваградка ў... Літве. У 1798-м годзе, калі нарадзіўся А. Міцкевіч, Наваградак належаў да Расеі. Літва і Рэч Паспалітая ўжо не існавалі.
Naruszewicz, Adam (1733-1796). Гісторык. Нарадзіўся ў Лагішыне каля Пінска. Калі яго ўспамінаюць, дык пішуць, што ён нарадзіўся ў Пінску... у Расеі. У 1733-м годзе, калі нарадзіўся Нарушэвіч, і Лагішын, і Пінск належалі да Рэчы Паспалітай, а не да Расеі.
Orzeszkowa, Eliza (1841-1910). Пісьменьніца. У бібліяграфічным даведніку пішацца, што яна памерла ў Гродне... у Расеі.
Peres, Shimon (1923- ). Ізраільскі палітык. Сапраўднае прозьвішча Перскі Шыман. Нарадзіўся ў Вішневе, якое тады належала Польшчы. Таму ўсюды й пішацца, што нарадзіўся ў Польшчы.
Sarnov, David (1891-1971). Індустрыяліст, пачынальнік тэлевізыйных перадачаў. Нарадзіўся ў Менску, але пішуць, што гэта ў... Расеі. Зьвярніце ўвагу, што сталіцу Беларусі ўважаюць расейскім горадам.
Shamir, Yitzak (1915- ). Ізраільскі палітык. Сапраўднае прозьвішча Язерніцкі Іцхак. Нарадзіўся ў мястэчку Ружаны, але пішуць, што ў нейкіх Рузіноях... Польшча. У 1915-м годзе, калі нарадзіўся І. Шамір, Ружаны належалі Расеі, Польшча тады не існавала.
Shoenberg, Isaak (1880-1963). Спэцыяліст па тэлевізыйнай тэхніцы. Нарадзіўся ў Пінску. Пішуць, што нарадзіўся ў Пінску... у Расеі.
Weizman, Chaim (1874-1952). Вучоны, прафэсар-хімік, палітык, першы прэзыдэнт Ізраіля, нарадзіўся ў мястэчку Моталь каля Янава. Хадзіў у гімназію ў Пінску. Аб ім пішуць, што нарадзіўся ў Пінску... у Расеі. Краем ягонага нараджэньня называюць альбо Польшчу, альбо Расею. Улічваючы, што ў 1874-м годзе Польшча не існавала, цяжка зразумець, чаму яе ўвогуле ўспамінаюць.
Гэты сьпіс хоць і далёка няпоўны сьведчыць, што нам, беларусам, якія жывуць за мяжою, трэба нешта рабіць.
Аўтар гэтага артыкулу гадамі пісаў лісты ў розныя выдавецтвы й аўтарам кнігаў з папраўкамі, заўвагамі, абгрунтаванымі доказамі аб Беларусі, яе рэлігіі, гісторыі й людзях. І трэба аддаць належнае ангельцам, што яны, амаль без выняткаў, прынялі мае крытычныя заўвагі й прапраўкі з падзякаю і абяцалі ўсё гэтае ўзяць пад увагу пры перавыданьні кнігаў. Некаторыя выдавецтвы гэта ўжо зрабілі й падаюць правільную інфармацыю.
Хачу думаць, што і іншыя беларусы паклапоцяцца аб гэтай справе і напішуць лісты ў выдавецтвы, калі заўважаць падобныя памылкі ў будучым і праз гэта падвысяць вобраз нашай Бацькаўшчыны на Захадзе.
Міхась ШВЭДЗЮК
Англія