Сустрэча з Уладзімерам Коласам
30-га лістапада у грамадзкай залі пры саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася сустрэча з дырэктарам Нацыянальнага Гуманітарнага Ліцэю сп. Уладзімерам Коласам. Сп. Колас зьяўляецца беларускім грамадскім і культурніцкім дзеячом, які фактычна стварыў першую ў найноўшай гісторыі Беларусі навучальную ўстанову, дзе беларуская мова стала мовай навучаньня і ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. Сп. Колас ачоліў змаганьне супраць ліквідацыі ліцэю рэжымам Лукашэнкі.
Напачатку сп. Уладзімер Колас прывітаў прысутных і адзначыў, што Ліцэй жыве, працягваюцца заняткі па розных прадметах і, дзякуючы адданасьці як навучэнцаў так і выкладчыкаў, вучэбны працэс працягваецца, нягледзячы на канфіскацыю ўладамі будынку ліцэю і ўсіх вучэбных матар'ялаў і бібліятэкі. Сп. Колас сказаў таксама, што вельмі ўражаны падтрымкай, якую аказвае ліцэю грамадзкасьць, і гэта надае сілаў і аптымізму на далейшую дзейнасьць.
Далей выступоўца спыніўся на гісторыі стварэньня ліцэю. Гэты праект узьнік як асбістая ініцыятыва яшчэ ў савецкія часы, і быў задуманы як беларускамоўная навучальная установа, свабодная ад камуністычнага ідэалягічнага ўплыву. У савецкія часы беларуская мова была адзіным прадметам, ад якога, згодна з тагачаснымі правіламі, можна было адмовіцца. Перад тым дзесяцігодзьдзямі адбываўся генацыд беларускага народу, зьнішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі, што прывяло да масавага выцісканьня беларускай мовы з навучальнага працэсу і да цалкавітага зьнікненьня беларускай мовы са школаў у гарадах, дзе фактычна дзеці былі пазбаўленыя магчымасьці атрымліваць адукацыю на сваёй мове. Гэтую праблему і мусіў вырашыць ліцэй як першая з нацыянальных установаў новага тыпу. Да навучаньня былі далучаныя спэцыялісты высокага ўзроўню, якія адпаведна надалі высокі ўзровень Ліцэю. Пра гэта сьведчаць выдатныя вынікі, якія паказалі навучэнцы на разнастайных конкурсах, алімпіядах і сэмінарах як у краіне, так і за мяжою.
Сакрэт быў у жаданьні даць сапраўдныя веды, а не выконваць інструкцыі бюракратаў ад адукацыі. І атэстаты адпавядюць ведам. Ліцэй ніколі не трымаўся хлусьлівай савецкай сыстэмы паказчыкаў ды імітацыі вірлівай дзейнасьці, што панавалі й сёньня скрозь пануюць ва ўсіх навучальных установах Беларусі. Намаганьні выкладчыкаў далі плён ня толькі ў сэнсе тэхнічна дасканалага навучаньня, але і ў выхаваньні грамадзянскіх і патрыятычных пачаткаў у навучэнцаў. Гэта можна пабачыць сёньня ў юнаках і дзяўчынах, якія самааддана працягваюць заняткі, зьбіраючыся з настаўнікамі па кватэрах у самых неспрыяльных умовах, якія выходзяць на пікеты й дэманстрацыі ў абарону свайго права навучацца на беларускай мове, якія рашуча адстойваюць права на годнае, чалавечае трактаваньне сваіх адукацыйных патрэбаў. У Ліцэі ўсе прадметы выкладаліся і сёньня выкладаюцца па-беларуску. Навучаньне на беларускай мове, дзякуючы высілкам выкладчыкаў і ўспрыймальнасьці навучэнцаў, зрабілася прэстыжным. Падчас нармальнага функцыянаваньня Ліцэю залічэньне ў студэнты праводзілася па конкурсе, які дасягаў 20 чалавек на месца. Людзі імкнуліся ўладкаваць туды сваіх дзяцей, уключаючы людзей, якія працавалі ў адміністрацыі Лукашэнкі.
Немалую ролю ў гэтым адыграў новы зьмест адукацыі, эўрапейскія стандарты, што прыйшлі на зьмену хлусьні й догмам, асабліва ў сфэры гуманітарных навукаў улучна з мовазнаўствам. Былі выпрацаваныя новыя навучальныяы праграмы, падрыхтавана больш за 50 падручнікаў. Самая форма выхаваньня была скіраваная на замену татлітарнага кантролю над вучнямі й настаўнікамі дэмакратычнымі мэтадамі ўзаемаадносінаў. Між тым ва ўсіх іншых школах захавалася савецкая сыстэма, па якой настаўнік застаецца рабом райана, вертыкалі, і рыхтуецца ня думаць, не выказваць ініцыятыву, а выконваць загады.
Дапамагло тое, што ўсё рабілі з нуля, шматлікія прапановы ўзяць гатовую школу адкідаліся. Пачыналі як кляса пры падрыхтоўчым факультэце пэдінстытуту. Выхаваўчы працэс ад пачатку быў дэмакратычным, стваралася атмасфэра маральнага камфорту, даверу. У вучнях падтрымлівалася ініцыятыва, сьмеласьць ставіць любыя пытаньні. Дзякуючы першаклясным выкладчыкам, дэмакратызму і распрацаванасьці праграмаў Ліцэй без перабольшаньня выйшаў на сусьветны ўзровень па якасьці адукацыі, за які ня сорамна і ў Эўропе і ў Злучаных Штатах, дзе на конкурсах і сэмінарах ліцэісты годна рэпрэзэнтавалі сваю ўстанову. І гэта ўсё дасягнута ня гледзячы на тое, што заробак выкладчыкаў быў меншы, чым ў астатніх гарадзкіх школах, у якіх да акладу дабаўляліся тры т.зв. "базавыя велічыні" (дадатак у выглядзе трох мінімальных зарплатаў).
Ліцэй, ягоная беларускамоўнасьць і ягоныя посьпехі пачалі муляць вочы чынавенству ад адукацыі й функцыянэрам рэжыму. Ліцэй неаднаразова спрабавалі пазбавіць памяшканьня, "зьліць", зьліквідаваць, бо і настаўніцкі калектыў, і вучні пачуваліся вольнымі, не ішлі ў фарватары афіцыйнай анты-нацыянальнай ідэалёгіі. У 1997-м годзе будынак хацела забраць т. зв. прэзыдэнцкая адміністрацыя, што наклала руку на лепшыя будынкі ў цэнтры Менску. Тады на абарону Ліцэю сталі вучні й бацькі, і ўлады не чакалі такой рашучасьці й арганізаванасьці. Быў дасягнуты кампраміс, у выніку якога сп. Колас з пасады дырэктара перайшоў на пасаду намесьніка, а дырэктарская пасада мусіла застацца "пэрманентна вакантнай". Узамен улады абяцалі пакінуць Ліцэй у спакоі. Ведаючы несумленную натуру сёнешніх уладаў, можна сказаць, што гэта цуд, як доўга Ліцэю было дазволена працаваць. І так праўдамі й няпраўдамі ўдалося дацягнуць да 2003-га году. "Мы баранілі й баронім навучэнцаў ад хлусьні, мы ня хочам, каб зь іх выхоўвалі рабоў, людзей без уласнага гонару і волі". На восеньскіх вакацыях усе школы атрымалі загад правесьці сэмінары пра ролю ідэалёгіі ў выхаваўчым працэсе, ідзе ціск дзеля пагалоўнага запісу вучняў у лукашэнкаўскі камсамол.
Затым сп. У. Колас у прыватнасьці сказаў: "Атрымалася так, што ўсе службовыя асобы рэжыму, зь якімі была дамова ў 1997-м годзе, ужо сыйшлі - няма Пашкевіча, няма Ціцянкова і Замяталіна. Новае кіраўніцтва адукацыі вырашыла паставіць дырэктара на пасаду, якая фармальна была вакантнай. Прыслалі асобу, якая паказала сябе няздольнай і неахвочай да паразуменьня з калектывам выкладчыкаў і навучэнцаў, і перш за ўсё - ня ведала беларускай мовы. І гэта ў АДЗІНАЙ беларускамоўнай навучальнай установе ў цэлай БЕЛАРУСІ! Калі Ліцэй запатрабаваў адазваць такую дырэктарку, былі насланыя адна за адной праверкі навучальнай і фінансавай дзейнасьці. Яны не знайшлі ніякіх парушэньняў, хоць шукалі, як вы можаце сабе ўявіць, надзвычай пільна. І пасьля, нягледзячы ні на што, выйшла пастанова аб ліквідацыі Ліцэю, як сказана ў ейным тэксьце: "у мэтах аптымізацыі сыстэмы навучальных установаў"! Уявіце сабе - ліквідаваць адную з найлепшых, і адзіную беларускамоўную, навучальную ўстанову "ў мэтах аптымізацыі". Навучэнцам улады прапанавалі ўладкаваньне ў любую іншую, самую прэстыжную, школу. Прапаноўвалі па-за конкурснае паступленьне ў ліцэй пры БДзУ (расейскамоўны), і ў сам БДзУ - толькі адступіся, толькі здрадзь. Але 34 чалавекі з 42 засталіся з Беларускім Нацыянальным Гуманітарным Ліцэем. Яны на маюць перспэктываў. Яны ня маюць атэстатаў. Для хлопцаў гэта азначае - войска, а сёньня ў Беларусі гэта не найлепшае месца для маладога і таленавітага чалавека. Але ў пляне маральным - гэта дасягненьне. Дзеці зрабіліся грамадзянамі, зрабіліся асобамі, і яны знойдуць у жыцьці свой шлях. А значыць, мы не дарэмна працавалі, не дарэмна клалі свае сілы.
Пасьля захопу будынку амонам улады пачалі імітацыю рамонту, які быццам спатрэбіўся дзеля "аварыйнага стану" пабудовы - звычайная, стаўшая завядзёнкай хлусьня. Цяпер будынак пусты, ніякіх працаў не вядзецца. Звольнілі нават бугальтараў і вахцёраў, каб і духу Ліцэю не пакінуць у тых сьценах. Але гэта не ўдалося і ня ўдасца.
Выкладчыкі таксама засталіся з Ліцэем. Яны ня маюць заробку, маюць "сапсаваныя" службовыя біяграфіі. Але яны застаюцца годнымі званьня настаўніка. І яны працягваюць працу.
Выкладчыкі й вучні кожны дзень выказваюць адданасьць беларускай мове, беларускай справе сваім штодзённым прыездам на вучобу, заняткамі па цесных кватэрах, захаваньнем аптымізму і ўзаемнай падтрымкай. Ліцэй жыве, хоць ён пазбаўлены будынку, бібліятэкі, навучальных сродкаў.
У падтрымку ліцэю выступаюць усе патрыёты Беларусі, самыя шырокія колы грамадзтва. Аб сваёй заклапочанасьці й патрымцы выказваліся й працягваюць сачыць за падзеямі палітыкі й урады суседніх краінаў - Польшчы, Летувы, Чэхіі, Нямеччыны, Славакіі. Мы маем нават сымпатыкаў у Расеі, хоць ейныя ўрадавыя колы ані слоўца не выказалі супраць брутальнага парушэньня права на адукацыю ў суседняй краіне-альянце."
Затым сп. Колас дэманстраваў відэастужку, зьнятую падчас захопу Ліцэю амонам, і сустрэчу ліцэістаў ля свайго будынку 1-га верасьня сёлета.
На стужцы адлюстраваны момант, калі ліцэісты даюць прысягу на вернасьць Ліцэю і агульнай справе.
З прывітальным словам да сп. Коласа выступіў сп. Вячаслаў Мішук, дачка якога скончыла Ліцэй некалькі год таму.
Віталь ЗАЙКА