ЯМУ АДКРЫЛАСЯ КРАСА ...
Да 80-годьдзя мастака Юзафа Пучынскага

І толькі воку мастака
Краса даверыцца адкрыцца,
Каб непаўторна паўтарыцца
Цнатлівым дотыкам мазка…

Рыгор Барадулін.
Зь верша, прысьвечанага Юзэфу Пучынскаму.

Ужо некалькі гадоў у Чыкага жыве і плённа працуе выдатны беларускі мастак Юзаф Пучынскі. Ягоныя жывапісныя тэматычныя карціны, пейзажы, нацюрморты, партрэты, шматлікія творы ў тэхніцы графікі вылучае строгая форма і рэалістычная традыцыя. Але традыцыя гэта ідзе ад мастакоўскае школы з найвялікшымі прафэсыйнымі й эстэтычнымі патрабаваньнямі, ад віцебскай школы, якая дала ўсяму сьвету ў ХХ-м стагодзьдзі многіх славутых майстроў выяўленчага мастацтва.
Радзіма Юзафа Пучынскага - мястэчка Ўзда, там, дзе бярэ пачатак апетая многімі ў жывапісе і паэзіі рака Нёман. Бацька будучага мастака, мясцовы каваль, хацеў, натуральна, каб Юзік (менавіта так завуць дагэтуль Юзафа Пучынскага ягоныя сябры ўсіх узростаў) працягваў сямейную прафэсыйную традыцыю. Але хлапец не паслухаўся бацькі: ён апантана хацеў стаць мастаком. Ен едзе ў Віцебск і паступае вучыцца ў заснаванае Маркам Шагалам Мастацкае вучылішча.
Але завяршыць вучобу не ўдалося: пачалася вайна. У дваццаць годоў Юзаф Пучынскі - ўдзельнік жорсткіх баёў пад Сталінградам, там-жа быў цяжка паранены. Мастак увесь час беражліва захоўваў і нават прывёз ў Чыкага некалькі замалёвак алоўкам, што зрабіў тады, у 1942-м годзе. Сёньня немагчыма глядзець на іх без хваляваньня… Працягваў сваю мастакоўскую адукацыю Юзаф Пучынскі ўжо пасьля вайны ў Менскім тэатральна-мастацкім інстытуце. Сярод яго настаўнікаў былі такія майстры як Валяньцін Волкаў, Віталь Цьвірка, Іван Ахрэмчык.
У жывапісных і графічных працах пасьля інстытуту Юзаф Пучынскі імкнецца знайсьці свой непаўторны стыль, прычым не ў зьнешніх праявах, а ў зьмястоўнасьці мастацкіх пошукаў, у эмацыйнай экспрэсыўнасьці пры выкарыстаньні самай рознай тэхнікі. Ягоныя тэматычныя карціны заўсёды былі по настрою зусім іншыя, чым патрабавала рознае кіраўніцтва і афіцыйная крытыка. Сапраўдная стыхія мастака - пейзажы, напісаныя ў розны час у самых розных кутках роднае Беларусі, пейзажы, якія апяваюць яе прыроду і яе векапомныя мясьціны. Возера, а на далёкім беразе - старадаўні замак… Знаёмыя абрысы архітэктурных помнікаў Нясьвіжа… Каплічка сярод дрэваў… Царкоўныя сцены, што хаваюць нейкую таямніцу… Коні на беразе такой задуменнай ракі… Зімовая далечыня, пакрытая сінім снегам, неба, задуменнае, хмарнае, такое, пра якое Рыгор Барадулін, даўні сябра Пучынскага, напісаў аднойчы, гледзячы на карціну мастака: "Непрацэджаны хмар сырадой…" А вось - сьветлы летні дзень, такі прыманлівы стог сена на лузе, усе фарбы - звонкія… Юзэф Пучынскі напісаў мноства пейзажаў, і нідзе няма паўтарэньня пункту гледжаньня, ракурсу, каляровае гамы. Кожны раз - новая сустрэча з прыродаю, новае перажываньне.
У жанры пейзажу мастак пасьпяхова працягвае працаваць і тут, у эміграцыі. У такіх творах як "Унівэрсытэт Лайола", "Зіма ў Чыкага", "Чыкагскі пейзаж" ды іншых адчуваецца тая-ж удумлівая манэра мастака; мы бачым нібы працяг мастацкага асэнсаваньня новае прасторы, новага жыцьця, новае рэальнасьці.
Няпростае адлюстраваньне натуры, а яе спасьціжэньне, пранікненьне ў яе сутнасьць, - так-бы я вызначыў адметную якасьць творчай індывідуальнасьці Юзафа Пучынскага. "Хто мы? Адкуль мы?" - нібы пытаецца мастак у сваіх пейзажах, нацюрмортах, партрэтах. Дарэчы, у нацюрмортах - той-жа заклік да роздуму, ня простае захапленьне кампазыцыяй, а запрашэньне да суперажываньня. Асобна можна гаварыць пра гармонію колераў мастака, пра фарбы на ягоных палотнах.
У партрэтах мастака адчуваецца шчырая любоў да людзей, глыбокая праўда характараў пэрсанажаў. Выдатна выкананы мастаком партрэт Янкі Купалы ўпрыгожвае залю Беларускага нацыянальна-культурнага цэнтру пры ўніяцкай царкве Хрыста-збаўцы ў Чыкага. Сутнасьць асобы, псыхалягічная дакладнасьць, глыбокі роздум пра час, пра лёс роднае зямлі й яе выдатных прадстаўнікоў, - усё гэта чытаецца ў ягоных партрэтах Рыгора Барадуліна, Янкі Сіпакова, Артура Вольскага і іншых. Цікавыя ў Юзафа Пучынскага і абагуленыя партрэты, такія як "Партызанская маці", "Дзяўчына з Рудні", "Гэбрайская бабуля" ды іншыя. Блізкія да гэтага жанру і творы, напісаныя па матывах біблейскіх сюжэтаў і нядаўняе трагічнае гэбрайскае гісторыі - "Юдзіф", "Іоў", "Саул і прарок Самуіл", "Памяць пра Бабін Яр", "Зоркі. Менскае гета".
Як мастак-графік Юзаф Пучынскі доўгія гады пасьпяхова працаваў у часапісах "Работніца і сялянка", "Маладосьць", у кніжных выдавецтвах Менску, Кіева, Масквы. Мастаком створаныя цудоўныя ілюстрацыі амаль да 150 кнігаў беларускіх і замежных пісьменьнікаў, вялікая колькасьць малюнкаў і ілюстрацыяў надрукаваная ў самых розных перыядычных выданьнях. І ў графічных працах мастака тая-ж уласьцівая яму натуральнасьць кампазыцыі, перадача лініяй, штрыхом самага галоўнага, тая-ж шчырасьць і экспрэсыўнасьць.
…Прыгадваю свае маладыя гады, як мы прыходзілі ў менскую майстэрню да Юзафа Пучынскага. Усе мы - і Рыгор Барадулін, і Міхась Стральцоў, і Артур Вольскі, і Валянцін Тарас, і іншыя - былі маладзейшыя за мастака, але нас усіх нешта моцна цягнула да яго. Тут можна было шчыра і адкрыта пагаварыць аб усім, адвесьці душу, часам узяць і чарку… У тыя часы менавіта тут не баяліся анікога, не прызнавалі аніякіх аўтарытэтаў. Да Юзафа Пучынскага ня вельмі прыхільна ставілася кіраўніцтва Саюзу мастакоў Беларусі й рознае начальства, але ўсе ягоныя пэрсанальныя выставы карысталіся вялікім посьпехам - і ў Менску, Кіеве, Маскве, Вільні, у Польшчы, Венгрыі, Баўгарыі, Італіі… Ужо тут, у Амэрыцы, творы мастака экспанаваліся ў вялікай залі Чыкагскае мэрыі, яны былі аднымі зь лепшых на нядаўняй адмысловай выставе "Зямля пад белымі крыламі", дзе былі паказаныя працы мастакоў, якія паходзяць зь Беларусі й жывуць цяпер у Чыкага.
19-га сьнежня 2002-га году Юзафу Пучынскаму споўнілася 80 гадоў. Ен працягвае плённа працаваць, захоўваючы сваю традыцыйную стылістыку, дадаючы ў свае палотны матывы асэнсаваньня новае прасторы, новага жыцьця, новае рэальнасьці. Творчасьць для мастака - гэта не проста праца. Гэта - сутнасьць ягонага жыцьця, яе плённы зьмест. Віншуючы гэтага цудоўнага чалавека і мастака са слаўным юбілеем, пажадаем яму моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцьця і новых посьпехаў у ягонай натхнёнай творчасьці.

Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ

"Восень на рацэ Вяча"

"Краявід Чыкага"

"Колеры восені"

"Нясьвіж"