Сустрэча з амбасадарам
8-га жніўня ў Вашынгтоне адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў у ЗША зь нядаўна прызначаным на пасаду амбасадара Злучаных Штатаў у Беларусі сп. Джорджам Кролам. Сп. Крол зрабіў заяву для прысутных. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні, якія ўяўлялі цікавасьць для абодвух бакоў.

Сустрэча з амбасадарам Кролам
У грамадзкай залі пры царкве Маці Божай Жыровіцкай у Гайленд Парку, Нью Джэрзы, 23-га жніўня адбылася сустрэча беларускай грамадзкасьці штатаў Нью Ерку і Нью Джэрзы з новапрызначаным амбасадарам Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі сп. Джорджам Кролам. Высокага госьця прысутным прадставіў старшыня аддзелу БАЗА ў Нью Джэрзы сп. Юрка Азарка, вёў сустрэчу выдавец квартальніку Belarusian Review ("Беларускі Агляд") сп. Вячка Станкевіч.
Напачатку сустрэчы амбасадар Крол прывітаў прысутных і выступіў з прамоваю па-беларуску, у якой распавёў пра свой досьвед працы ў Беларусі яшчэ ад часоў адкрыцьця першай амэрыканскай амбасады ў Менску, пра свае ўражаньні ад краю і людзей, а таксама акрэсьліў пляны сваёй дзейнасьці ў функцыі амбасадара Злучаных Штатаў.
Амбасадар Дж. Крол адназаў на пытаньні прысутных, адбыліся гутаркі й абмен думак па розных палітычных ды іншых праблемах. Сустрэча праходзіла пры поўнай залі й выклікала надзвычайную цікавасьць і энтузыязм. На ўспамін аб сустрэчы амбасадар Дж. Крол атрымаў падарунак - кубак з нацыянальным арнамэнтам і аўдыёкурс беларускай мовы "Conversational Belarusian" (дарэчы, інфармацыю пра курс можна знайсьці на старонцы www.belarusianreview.org). Напрыканцы сустрэчы было заяўлена пра карысьць такіх імпрэзаў і выказаны спадзеў на працяг кантактаў.