СПУСТОШАНЫЯ ДУШЫ НЕ СЬПЯВАЮЦЬ...
Як малітву, цябе
Ў сусьвет панясу,
Беларускае роднае слова!
Ул. Дудзіцкі
Традыцыйныя сьвяты й абрады - гэта час, калі раскрываюцца "ўнутраныя струны" нацыянальнага характару, калі чалавек адчувае, што кожнае дрэва, травінка мае душу, і ў гэтай адухоўленасьці прыроды расьце і мацнее душа чалавека, яднаючыся з грамадою і прыродаю, калі людзі праз надзённае далучаюцца да вечнага адзінства Зямлі й Неба, да еднасьці ўласнага жыцьця з касьмічнаю прастораю.
Традыцыйныя сьвяты прасьвятляюць асобу, пазбаўляюць самоты й безабароннасьці, узвышаюць над штодзённымі клопатамі, не даюць згубіцца ў мітусьні, яднаюць людзей.
За гады ваяўнічага хрысьціянства і бязбожнага сацыялізму мы, беларусы, шмат што страцілі з нашых звычаяў і абрадаў, згубілі сэнс асобных момантаў і сымбаляў, згубілі тую высокадухоўную напоўненасьць сакральных дзеяньняў. Забыцьцё сваіх традыцыяў і культуры адмоўна ўплывае на выхаваньне асобы й грамадзтва.
Культура беларусаў базуецца на фальклёры - адным з самых багатых у Эўропе. Фальклёр складаў сутнасьць жыцьця старажытных насельнікаў Беларусі, зьяўляўся языцкім у сваёй аснове. І гэта ёсьць рэальнасьць, якую мы мусім шанаваць.
Шкада, крыўдна і балюча за тую моладзь, якая лічыць сябе сьведамай ды, ня ведаючы сваёй культуры й традыцыяў, пераймае чужыя звычкі й сьвяты. Моладзь праглынае нажыўку як той "Валянцінаў дзень каханьня", які ня мае да нашых традыцыяў ніякога дачыненьня, але прыпадае на нашае Стрэчаньне ці Грамніцы - дзень стрэчы зімы зь вясною. У нас ёсьць свае сьвяты, прысьвечаныя каханьню, найвялікшае зь іх Купальле! Але, каб яго адзначыць, недастаткова, як на Дзень Валянціна, набыць цукеркі, сувэніры й кветкі ў краме, да яго трэба рыхтавацца ў духоўным і фізычным сэнсе.
Гэтае сьвята, зьвязанае з культам агню і сонца, урадлівасьцю ніваў і працягу чалавечага роду, ведамае пад рознымі назвамі ўсім індаэўрапейскім народам. Так як астранамічнае летняе сонцастаяньне назіраецца з 19-га па 21-е чэрвеня, то старажытныя язычнікі сьвяткавалі менавіта ў гэты перыяд, калі энэргетычны патэнцыял прыроды найвышэйшы.
Абрад Купальля ў кожнай мясцовасьці разгортваўся адпаведна сваім традыцыям і звычаям. Прыкладны парадак правядзеньня сьвята быў наступны.
Да Купальля трэба было павыполваць гароды, бульбу, прыбраць у хлявах, на падворках, у хатах, прыбрацца самому.
На працягу сьветавога дня перад Купальлем дзяўчаты й жанчыны зьбіраюць лекавыя травы, зьвіваюць вянкі й сьпяваюць адпаведныя песьні.
Хлопцы тым часам зьбіралі на старыя колы зношанае адзеньне, абутак, рэчы хворых людзей, звозілі іх за ваколіцу і спальвалі. Гэта магічнае дзеяньне - супраціў хваробам і сьмерці.
Папалудні выбіралі месца для Купальля, якое звычайна было на ўзлеску каля высокага дубу, на беразе вадаёмаў ці на вялікай паляне. Хлопцы зьбіралі сушняк. У цэнтры вогнішча замацоўваўся вертыкальна прасмолены ствол дрэва, вяршыню якога вянчала кола, упрыгожанае галінкамі дуба і бярозы, замацаванымі белымі й чырвонымі стужкамі, як знак стыхіяў вады й агню. Зьвіваньне вянка на коле з дубовых і бярозавых галінак - знак шлюбаваньня, прасмолены ствол - сувязь зямнога і нябеснага, кола - сымбаль Зямлі, мёртвай вады й жанчыны, крыж на коле - знак Неба, агню і мужчынскага пачатку. Вогнішча складалі з дубовых паленаў, для запальваньня яго здабываўся агонь трэньнем драўніны ці высяканьнем з крамянёў.
Пагорак, дзе ладзілі гульбішча, абходзілі па кругу бараною ці рабілі ўмоўную агароджу зь бярозавых галінак ці завязваючы між сабою галінкі дрэваў, кустоў і ў ёй пакідалі бярозавыя "вароты", празь якія павінны былі прайсьці ўсе удзельнікі абраду, пры гэтым пакінуўшы на варотах свае паясы, як знак разняволенасьці паводзінаў на Купальле. Пояс - гэта мітычная і рэальная перашкода, ахова чалавека.
Адзеньне хлопцаў і мужчын складалі сьветлыя нагавіцы й вышываная белая да каленяў ці ніжэй кашуля. На нагах боты, лапці, часам, басанож. Дзяўчаты ўбіраліся ў вянкі, маладзіцы й жанчыны ў хусткі й накідкі, апраналіся ў даўгія кашулі-вышыванкі зь льняной ці шарсьцяной тканіны, падвязваліся вышыванымі з карункамі бялюткімі фартухамі. Усе ўпрыгожваліся зелянінай, падпярэзваліся палыном.
Надвячоркам выбіралі Купалінку - прыгажэйшую і часам засватаную дзяўчыну. Яе ці распраналі дагала і ўпрыгожвалі зелянінай і кветкамі ці пакідалі ў кужэльнай кашулі, а на галаву надзявалі пышны вянок. Хлопцы са свайго боку абіралі Князя-Купаліша. Абранец зьбіраў княжую дружыну, якая павінна падтрымоўваць парадак на сьвяце, сачыць за вогнішчам, рыхтаваць паходні.
Тыя,хто ня маюць вышыванак, рабяць сабе строі лесавічкоў і нячысьцікаў са зрэбнага лёну, прыладжваюць хвасты або рогі, вымазваюць сабе твары. Яны-ж ладзілі пудзіла-ляльку Купалы з бярозавых галінаў.
Абрад пачынаўся з абходу двароў. Пакуль княжая дружына рыхтавала пляцоўку і паходні, дзяўчаты й жанчыны на чале з Купалінкаю з жартамі й песьнямі зазывалі ўсіх на сьвята. Лічылася, што на Купальле не хадзілі толькі ведзьмы ды тыя, хто быў адною нагою на краю таго сьвету. Зазывалаў частавалі за запрашэньне.
Калі ўсе ўдзельнікі зьбіраліся на пагорку, адбывалася супольная вячэра без алькаголю.
Як толькі на небе тух апошні сонечны прамень - запальвалі вогнішча. Жанчыны, якія лепш за ўсіх сьпяваюць, запрашалі ўсіх сабрацца. У цэнтар выходзіла Купалінка, твар якой прыкрыты, бы вэлюмам, кужэльным ручніком, сьледам ішлі дзеўкі сьпяваючы, робілі тры абыходы вакол вогнішча:
А ішла Купалка сялом, сялом,
Ой рана-рана раненька,
Закрыўшы вочкі чабром, чабром.
Пасьля выяжджаў Князь-Купаліш вярхом на белым кані, за ім дружына. Жанчына-карыфей Купалка, якая зьяўлялася бы сувязною паміж грамадою і небам, ведала абрад і добра сьпявала, таму распараджалася сьвятам і ўручала Князю дубовы вянок. Той прымаў яго, надзяваў, падыходзіў да Купалінкі, здымаў зь яе твару ручнік і завязваў сабе празь левае плячо. Вітаў дружыну і ўсіх прысутных са сьвятам. Пачыналіся карагоды з абрадавымі песьнямі, якія пераходзілі адная ў другую. Існаваў пэўны парадак. Сьпярша пяялі песьні са зваротам да Купалы, Купалкі, Месяца і зорачак, Сонца.
Апоўначы ўсе ўдзельнікі сьвята парамі ішлі на пошукі папараць-кветкі. На сьвяце прысутнічаў Купальскі Дзядок - увасабленьне добрага продка (пасьля Купальля будуць Пятроўскія Дзяды). Калі яго сустракалі падчас пошукаў у лесе, ён мог падараваць папараць-кветку.
Прыкладна праз паўгадзіны ўсе зноў зьбіраліся ля вогнішча, пілі крупнік, вадзілі карагоды. У гэты час падаў падгарэўшы слуп з колам. На каго тое кола ўказвала - той першы пашлюбуецца. Дружына скочвала палаючае кола з гары ў рэчку ці возера, пасьля чаго вада лічылася ачышчанаю, бо пашлюбавалася з купальскім агнём.
Карагоды й песьні зьмяняліся гульнямі ў "Явар", "Баяраў", "Шуляка", "Цяцерку" ды іншыя.
У самы разгар сьвята лесавічкі й нячысьцікі, падпільнаваўшы, калі Купаліш забавіўся, выкрадалі Купалінку і хавалі яе ў лесе, пакінуўшы пры ёй ахову. Яны-ж гучна з кпінамі абвяшчалі, што Купалінкі няма:
Прыбягалі малыя нячысьцікі й патрабавалі выкуп за тое, што пакажуць, дзе схаваная Купалінка. Князь даваў ім выкуп, зьбіраў сваю дружыну. Ад купальскага вогнішча запальвалі паходні й на чале з Купалішам ішлі ў лес шукаць Купалінку. Там яны змагаліся з лесавічкамі й нячысьцікамі, якія спрабавалі патушыць паходні.
А каля вогнішча ў гэты час гучалі жартоўныя прыпеўкі, у якіх дзеўкі й хлопцы высьмейвалі адзін аднаго. Кружыў карагод, пад напеў-заклён спальвалі ляльку Купалы. Рэфрэн песьні "То-то-то" суправаджаецца прытупамі, падскокамі, плясканьнем у ладкі, стукам, каб напалохаць сілы цемры:
Сягодня ў нас Купала,
То-то-то!
Ня дзеўка агонь клала,
То-то-то!
Сам Бог агонь раскладаў,
То-то-то!
Усіх сьвятых да сябе зваў,
То-то-то!
Як сьведчаньне перамогі дабра над ліхам, сьвятла над цемраю адбывалася апошняя бойка княжай дружыны з нячыстаю сілаю. Пасьля перамогі Купаліш вяртаў Купалінку на сьвята.
Потым пачыналася ачышчэньне агнём - скокі праз вогнішча. Палаючыя паходні падкладалі пад арэлі, каб тыя, хто гойдаюцца таксама ачысьціліся. Калі хлопец і дзеўка, пераскокваючы праз вогнішча, не разьнялі рук - будзе моцны шлюб. А каму агонь закрануў падол спадніцы - будзе мець немаўля.
Дзяўчаты кідалі вянкі ў агонь. Калі хлопец пасьпее выхапіць - будзе вясельле. Калі ў карагодзе хлопец дзеўцы ці яна яму падаруе вянок і надзене на галаву, гэта расцэньвалася як зарука моцнага каханьня - быць шлюбаваньню. Паводле павер'я, калі дзяўчына спаліла на купальскім вогнішчы волас каханага, той адкажа ёй узаемнасьцю.
На досьвітку адбывалася качаньне па роснай траве, ачышчэньне вадою. Купальшчыкі ля кастрышча здымалі абутак, басанож ішлі да ракі ці возера. Пакуль не ўзышло сонца, на лугу расьцілалі палатно, калі тканіна намакала, ваду выціскалі ў посуд і выкарыстоўвалі для прафілактыкі ці лячэньня хваробаў. Лічылася, што купальская раса здольная захоўваць маладосьць і хараство, таму купальшчыкі качаліся ў росных травах, мыліся расою, абціралі ёю цела. А вось качацца ў жыце забаранялася, бо лічылася, што толькі ведзьмы псуюць калосьсе, завязваюць "куклы" ў жыце.
Пасьля мыцьця расою ўсе ішлі да вады варажыць на вянках зь песьнямі:
Гэй, ой, на Йвана Купала
Дзеўка долі шукала.
Эй, па полю-ж хадзіла,
Цьвяточкі зьбірала,
Вяночак зьвівала,
Эй, на ваду пускала.
Пускаючы вянкі, замацоўвалі на іх сьвечкі. Калі не было вады, то кідалі вянкі ў траву, на кусты, дрэвы ці на страху. Завісьне вянок - будзе дзеўка сёлета замужам.
Пасьля пусканьня вянкоў усе ішлі да вады, скідалі свае строі, цнатлівыя і старыя пакідалі белыя кашулі, уваходзілі ў воду, каб яна ачысьціла, надзяліла здароў'ем і плоднаю сілаю. Потым апраналіся і беглі на пагорак, каб сьпевамі пасьпець сустрэць першыя промні сонца:
Ды на Купальле, на Яна
Іграе сонца, іграе,
Іграе сонца, іграе,
Малойчык каня сядлае.
На сьвітанку пачыналася абавязковае рытуальнае спажываньне ежы. Усе сядзелі як адная сям'я. Зьяўляўся і гарачы крупнічок. Купальскія песьні захавалі й пералік абрадавых страваў, што ўжываліся: "рыбка зь перцам", "кашка з алейцам", пірагі з цыбуляй, праснакі, верашчака, агуркі, бліны, сыр, яйкі. Яйка сымбалізавала зараджэньне новага жыцьця. Белы сыр, як і вянок, лічыўся сымболем цнатлівасьці, бліны - знакам сонца і жаночым знакам адначасна.
Ня жджы, маці, Ружу,
Ня жджы ў вяночку,
А жджы ў платочку,
Ня жджы зь белым сырам,
А жджы з малым сынам.
Кожнаму, хто быў на Купальлі, пасьля апоўначы трэба было прачысьціцца гарачым крупнікам з траваў на мёдзе і прыправаў. Крупнік гатаваў Купальскі Дзядок або добры чарадзей пад магічныя сьпевы аб травах і кветках.
Хочацца прапанаваць рэцэпты крупніка, верашчакі й праснакоў па-крыўску.
Крупнік. Да 0,5 літра вады дадаць любыя нягоркія травы: чыстацел, бясьмертнік, чабор, рамонак, душыцу ды іншыя, а таксама кару дуба, жменю гарбаты, трошкі цынамону, гвазьдзікі, ванілі, чорнага перцу, чвэрць мускатнага гарэха. Гатаваць 5-10 хвілінаў, працадзіць, дадаць 0,5 літра мёду і 1 літар гарэлкі, хуценька перамяшаць. Ужываць нарачым.
Верашчака. У рондаль уліць шклянку вады, 1/4 шклянкі хлебнага квасу, згатаваць, падсмажыць пшанічную муку, разьвесьці яе водою, пагатаваць 5 хвілін. Абсмажыць кавалачкі сала з цыбуляю, пасаліць па смаку. Пакласьці ў рондаль згатаваную муку, падсмажанае сала і паставіць на 5 хвілінаў у духоўку. Сала 200 г, 1 корань пятрушкі, 1 цыбуліна.
Праснакі. Мука (лепш жытняя), вада і соль па смаку. Вымясіць цеста як для хлеба. Раскатаць, змазаць алеем. Скруціць у трубачку, разрэзаць напалову. Кожную палову зноў раскатаць, змазаць алеем, пакласьці на патэльню, нажом зьвеху зрабіць магічны знак росту і багацьця , падсмажыць на агні ці ў духоўцы.
З Купальля ўсе вярталіся нібы нанованароджаныя.
Хто ня быў на сапраўдным Купальлі, той ня ведае, што такое Беларусь і беларуская культура. А галоўнае, што ў купальскім тэатры-містэрыі няма падзелу на выступоўцаў і гледачоў - усе удзельнікі. Таму сьвята праходзіць так весела і па-сяброўску.
Жадаючым патрапіць на Купальле сёлета трэба зьвязацца з Аленаю ці Пётрам Рыжымі па тэл. (914) 734-8115 альбо праз E-mail Ryzy2@aol.com ці LenaBelarus@aol.com каб замовіць сабе месца і даведацца больш інфармацыі. Купальле адбудзецца ў ноч з суботы 28-га на нядзелю 29-га чэрвеня. З сабою неабходна мець 25 даляраў, каб аплаціць выдаткі на набыцьцё дазволу на вогнішча і на месца ў парку. Хлопцам і мужчынам трэба мець белыя, лепш вышываныя кашулі й сьветлыя нагавіцы. Дзяўчатам і жанчынам - спадніцы, лепш доўгія, белыя блюзкі з каралямі.
Валянціна ЯКІМОВІЧ