Купальле ў Ню Ёрку
Да прыезду ў ЗША я думала, што, сустрэўшы трох беларусаў, і ў пустыні здолею ўтварыць Купальле. Першая мая спроба наладзіць Купальле ў ЗША была ў 2000-м годзе ў Белэр-Менску. Другая сёлета ў рэзэрвацыі Ўард Понд Рыдж у акрузе Вэстчэстэр. Мясьціна там прыгожая, блізкая сваёю чысьцінёй і веліччу да беларускіх краявідаў. Абапал палянаў з травою па пояс купкамі стаяць вялізарныя развалістыя дрэвы. Цішыня, якую парушае толькі сьпеў птушак. Але вось кветак там зусім няма і, ведаючы гэта, давялося задаволіцца штучнымі й сьплятаць вянкі зь іх, што надало сьвяткаваньню ад самага пачатку нейкую ненатуральнасьць.
Людзі зьехаліся з розных мясьцінаў, два хлапцы з Філядэльфіі, нехта з штатаў Масачусетс, Нью Джэрзі, сябры аддзелу БАЗА у Нью Ёрку.
Як сьцямнела, расклалі вогнішча на пагорку ля старога драўлянага зрубу, у цэнтры якога, замацавалі на слупе кола, зробленае з галінак, з крыжом упрыгожаныя бел-чырвонымі стужкамі. Вакол вогнішча сабраліся гульцы, абралі Купаліша і Купалку. Зрабіўшы тры абыходы зь песьнямі вакол агню, дзяўчаты падвялі Купалку да Князя, той павіншаваў усіх са сьвятам. Пачалі сьпяваць і вадзіць карагоды. Мне давялося запяваць, каб астатнія, прыслухоўваючыся, падхоплівалі радок сьпеваў паўторам. Удзел бралі ўсе, вельмі стараліся. Потым карагоды зьмяніліся гульнямі.
Апоўначы, калі прыпыніліся гульні й трэба было ісьці шукаць папараць-кветку, усе раптам кінуліся па свае харчы. Відаць, прагаладаліся. Зважаючы на гэта, вырашылі зрабіць агульнае застольле. Тым часам закіпеў духмяны крупнік, якім ўсе пачаставаліся. А пасьля нехта пайшоў уладкоўвацца спаць, а сёй-той, як умеў, падцягваў сьпевам ля вагню.
Паціху пачало сьвітаць. Сьветлячкі нібы растварыліся ў паветры. Ніхто так ні разу і ня скокнуў праз вогнішча, ніхто не пайшоў да рэчкі, што ціха цякла непадалёку. Па-шчырасьці, у нас атрымалася сяброўская пасядзелка на прыродзе, як бы рэпэтыцыя Купальля, якую нават не давялі да завяршэньня.
Адная дзяўчына запытала мяне, як я стаўлюся да року. Яна, відаць, добра арыентуецца ў гэтым жанры, а вось з сваёй нацыянальнай традыцыйнай культурай амаль незнаёмая. Дый адкуль гэтым маладым людзям ведаць, што фальклёр самадастатковы, і ў ім можна жыць, што і прафэсыйная клясычная ды эстрадная музыка бярэ свае вытокі з фальклёру.
Добра, што моладзь прыйшла на Купальле. Шкада толькі, што ня маючы глыбокай нацыянальнай сьведамасьці, выхаваньня, яна, здаецца, так і не зразумела тую высокую духоўную напоўненасьць сакральных дзеяньняў Купальля.
Але можа ўсё-ж у некага з прысутных на сьвяце маладых людзей запала зерне цікавасьці да нашай народнай культуры й некалі яно прарасьце буйным коласам.
Валянціна ЯКІМОВІЧ