ЗАЛАТЫЯ ЛАПЦІ ДЛЯ КІРАЎНІЧКІ
Кінь за сабою - знойдзеш перад сабою, кажа народная мудрасьць. Др. Ала Орса-Романо пакінула за сабою добрыя тры дзесяткі гадоў працы на ніве рэпрэзэнтацыі Беларусі ў Амэрыцы й па-за ёю праз народныя танцы. Танцавальны ансамбль "Васілёк", празь які прайшлі дзесяткі маладых амэрыканцаў і амэрыканак беларускага паходжаньня, меў нязьменную кіраўнічку ў асобе Алы (Алюньці) Орсы-Романо. На пачатку 1990-х гадоў, калі распалася савецка-расейская імпэрыя, "Васілёк" змог, нарэшце, наведаць і Беларусь. Ансамблеўцы завезьлі туды разам з мэдыцынскай дапамогай чарнобыльскім дзецям і лек для хворае душы ўсіх беларусаў - перахаваную ў Амэрыцы культурную спадчыну бацькоў і дзядоў. Гісторыя "Васілька" - гэта сьветлая старонка ў летапісе беларускае эміграцыі ў Амэрыцы. Сябры ансамблю добра разумеюць гэта ды ведаюць, які вялікі ўклад у дзейнасьць "Васілька" ўнесла ейная энтузіястычная й самаахвярная кіраўнічка. Настаў час падзякаваць ёй за гэта.
Падзяка мела форму гулянкі-неспадзяванкі, якую былыя "васількі" арганізавалі для Алы ў суботу 8-га чэрвеня ў Гайленд-Парку, Нью-Джэрзі, у залі царквы Жыровіцкай Божай Маці. Заля была багата прыбраная ў букеты васількоў, афішы й фатаграфіі зь дзейнасьці ансамбля, народныя строі, амэрыканскія й беларускія сьцяжкі ды вялікі плякат з надпісам "Дзякуй, Ала, ад усіх Тваіх 'коцікаў'!"
Было ўдосталь смачнае ежы й разнастайнага пітва пад музыку забаўнага Зьміцера Яўтуховіча. Запрошаныя на вечар былі ня толькі сябры й сяброўкі гурта, але - і ў гэтым неспадзеўка для Алы - іхныя бацькі ды знаёмыя. Усіх зьехалася каля 80 асобаў, каб падняць тост за кіраўнічку ансамбля ды паслухаць успамінаў і падзякаў ёй ад ейных падапечных "коцікаў" (як яна іх заўсёды называла).
Кіраўнічцы ўручылі й адпаведны падарунак - добра выкананую й прымацаваную да адшліфаванае дошчачкі пару пазалочаных лапцяў (работы Колі Бахара), як сымбаль тых, у якіх часамі выступалі танцоры.
Удзельнікам вечару было прыемна ўсьведаміць сабе, што ўсякая добрая справа раней ці пазьней укараноўваецца прызнаньнем, падзякай. Былыя "васількі" ўсёй сваёй дружнай грамадой, якая рыхтавала ўрачыстасьць, пацьвердзілі гэтую заканамернасьць. Яны паказалі, што ня толькі іхная былая кіраўнічка, але й яны самі заслугоўваюць на падзяку ад тых, хто быў запрошаны.

Янка Запруднік

На здымку: Др. Ала Орса-Романо з былымі танцоркамі гурта "Васілёк" падчас "неспадзяванкі".