ЛІЦЬВІНКА - каралева польская

Альдона, дачка Гедыміна
Вялікі князь Гедымін меў сем сыноў і шэсць дачок. Адной з малодшых яго дачок была Альдона, якая пазьней стане жонкай славутага польскага караля Казіміра ІІІ Вялікага. Альдона не карысталася такой вялікай любоўю бацькі, як яе старэйшая сястра Бірута. Калі нарадзілася Альдона, Гедымін быў ужо сталым, змораным жыцьцём і палітыкай чалавекам. У яго ўжо не хапала сілаў быць уважлівым нават да сваіх дзяцей. Альдона расла не зусім звычайнаю дзяўчынкаю для вялікакняжацкай сям'і. Яна не любіла быць навідавоку, часьцей сядзела дзе-небудзь у зацішным куточку бацькавага палацу і аб нечым думала. Сваіх патаемных думак і мараў Альдона не раскрывала нікому, нават сваёй лепшай сяброўцы - сястры Офцы. А мроіла яна аб прыгожым, незвычайным рыцары, які паланіць яе сэрца, і якога яна будзе кахаць гэтак, як кахала свайго Давыда Гарадзенскага яе старэйшая сястра Бірута. Альдона часта ўспамінала Біруту і Давыда. Зусім нядаўна ў дом яе бацькі князя Гедыміна дайшла жудасная вестка пра гібель Біруты і яе дзяцей. Альдона тады доўга плакала, шкадуючы сястру і пляменьнікаў. Але недзе глыбока ў душы яна гатовая была гэтаксама, як Бірута, загінуць, толькі каб у яе жыцьці надарылася такое-ж вялікае каханьне, як у сястры. Але ўласнага лёсу не мінеш.
Вялікаму князю Гедыміну патрэбна было ўмацаваць саюз паміж сваёю дзяржаваю ды Польшчаю. Дзеля гэтага ён вырашыў аддаць замуж ўжо падрослую дачку Альдону за Казіміра, сына тагачаснага польскага караля Ўладыслава Лакоткі. Жаданьне Гедыміна было даведзенае да польскага двара. Неўзабаве ў Вільню прыехалі пасланцы Ўладыслава, а разам зь імі й юны каралевіч. І Альдоне, і Казіміру не было яшчэ і пятнаццаці гадоў. Альдоне адразу не спадабаўся пыхлівы, ганарысты каралевіч, які зусім не адпавядаў яе мроям пра добрага, незвычайнага рыцара. Не гарэў жаданьнем узяць у жонкі "барбарку-ліцьвінку" і Казімір, які ў тады быў закаханы ў Юту Люксембурскую. Таму, калі на нейкі момант Альдона і Казімір засталіся адныя, дык змаглі толькі з дзіцячай непасрэднасьцю выказаць адзін аднаму сваю пагарду. Калі польскія госьці паехалі дамоў, Альдона кінулася ўпрошваць бацьку, каб не аддаваў яе замуж за нялюбага, але Гедымін быў непахісны. Тут мела значэньне не жаданьне дачкі, а дзяржаўны інтарэс. Таму ў вялікакняжацкім доме пачалі рыхтавацца да шлюбу Альдоны.
Вясною 1325-га году Альдона назаўжды разьвіталася з родным домам. Яна выправілася ў Кракаў, пакуль што толькі як нарачоная Казіміра. Праз некалькі дзён пасля таго, як Альдона прыехала ў Кракаў і не пасьпела яшчэ як сьлед прызвычаіцца да чужога гораду і да чужых людзей, яе ахрысьцілі ў каталіцкім касцёле і далі ёй імя Ганна. Альдона вымушаная была стаць каталічкай. Дзяўчына ўжо зразумела, што яна толькі невялікая шрубачка ў палітыцы. Таму рабіла ўсё, што ёй загадвалі, не спрачалася, а свае ўласныя думкі й жаданьні хаваць ёй было ўжо не ў навіну. Калі трэба прыняць чужую веру, што-ж - яна яе прыме, але ёй заставаліся вечары, калі да яе ў пакой ніхто не заходзіў, акрамя некалькіх дзяўчат-ліцьвінак, якіх яна прывезла разам з сабою зь Вільні. Вось зараз Альдона мела поўнае права заставацца сабою і пра гэта не магла ведаць нават Ядзьвіга Вялікапольская, маці Казіміра і яе, Альдоны, будучая свякроў. У Альдоны адразу не склаліся адносіны з свякроў'ю. Ядзьвіга не хавала сваёй пагарды да паганкі-ліцьвінкі. Яна лічыла, што там, дзе нарадзілася і вырасла Альдона, да гэтага часу яшчэ бегаюць напалову голыя людзі й пра нейкую культуру там не можа быць нават і гаворкі. Пры самай малой нагодзе Ядзьвіга рабіла ўсё, каб прынізіць Альдону. Не пасьпела ліцьвінская князёўна апынуцца ў Кракаве, як ёй адразу паставілі ўльтыматыў: калі яна не вывучыць польскую мову фактычна за некалькі тыдняў, дык вянчаньня з Казімірам не адбудзецца. А гэта азначала, што і замуж яна не выйдзе, і дамоў вярнуцца нельга. Але тут Альдону рашуча падтрымаў сам польскі кароль Уладыслаў І Лакотка. Ён знайшоў для дзяўчыны самых лепшых настаўнікаў, і ўжо праз тыдні два здольная, разумная ліцьвінская князёўна гаварыла па-польску зусім ня горш за Ядзьвігу.
Шлюб паміж польскім каралевічам Казімірам ды дачкою вялікага князя літоўскага Гедыміна адбыўся. Альдона ўвайшла ў сямью польскіх каралёў. Сямья, куды яна без жаданьня і без любові вымушана была ўвайсьці, адносілася да старажытнага польскага княжацкага і каралеўскага роду Пястаў. Род быў такі старажытны, што меў нават сваю легенду. Паводле гэтай легенды, род быў заснаваны польскім селянінам Пястам, які выраблёў колы да вазоў. Безумоўна, на той час, калі Альдона стала жонкай каралевіча Казіміра, легенда гэтая ў доме Ўладыслава Лакоткі не ўхвалялася, бо ў каралеўскай крыві не павінна было быць аніводнай кроплі халопскай крыві. Таму заснавальнікам роду лічыўся тут князь Мешка І, гады жыцьця якога датуюцца прыблізна каля 960-1025-га гадоў. Праўда, згодна летапісаў, гэты самы Мешка таксама быў нашчадкам таго самага селяніна Пясты.
Род Пястаў быў магутны ажно да XIV-га стагодзьдзя, калі ён страціў сваю каралеўскую карону. І да гэтага, сама таго не жадаючы, спрычынілася Альдона. Яна не нарадзіла спадкаемцу мужчынскага роду, і яе муж Казімір ІІІ Вялікі стане апошнім польскім каралём з роду Пястаў. Але пра гэтае далей. Пакуль што юная князёўна з Вялікага Княства Літоўскага вымушана была прызвычайвацца да чужой сямьі, да чужой веры, да чужых звычкаў.
Відаць, такі ўжо лёс быў у Альдоны: вытрымліваць адно выпрабаваньне за другім. Не пасьпела яна як сьлед агледзецца ў сваёй новай сямьі, як прыйшла жудасная вестка: яе сваяк, муж яе сястры і зяць яе бацькі Давыд Гарадзенскі па-здрадніцку забіты польскім рыцарам Анджэем Гостам. Супольны паход на крыжакоў быў сарваны, а адносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчаю сталі вельмі напружанымі. Князь Гедымін ня мог дараваць Польшчы гібель Давыда Гарадзенскага. І тут Альдона, зусім яшчэ маладая жанчына, амаль дзяўчо, паказала сапраўдны дыпляматычны талент. Ёй было надзвычай цяжка. Душою і сэрцам яна была ў сваім віленскім доме, са сваім бацькам князем Гедымінам. Яна плакала ад таго, што ня мела нават магчымасьці прысутнічаць на пахаваньні сваяка Давыда, якога вельмі любіла. Але Альдона адчувала, што ад яе вытрымкі, ад яе розуму будзе шмат у чым залежыць лёс дзьвюх краінаў: і Вялікага Княства Літоўскага, і Польшчы. Вось-вось магла распачацца вайна, якая на той час нікому не была патрэбная. Альдона апынулася паміж дзвюх агнёў. І яна з годнасьцю вытрымала сваё першае дзяржаўнае выпрабаваньне. Яна чула, як за яе сьпіною шапталіся прыхільнікі каралевы Ядзьвігі, як яе фактычна правакавалі, але Альдона ніяк не рэагавала на гэтыя правакаваньні. Яна маўчала, нічога не казала мужу, старалася быць як надалей ад свякрові. Каб нікому не мазоліць вачэй, яна выправілася ў падарожжа па Польшчы. І гэтае падарожжа прынесла ёй двайную ўдачу: яна міжволі згасіла спрэчкі паміж дзьвюмя вялікімі дзяржавамі і адначасова паказала сябе польскаму народу, які з задавальненьнем вітаў яе. Кароль Уладыслаў І адразу ацаніў дыпляматычны падыход сваёй нявесткі да дзяржаўных спраў і ад гэтага часу ён заўсёды будзе падтрымліваць менавіта Альдону ў шматлікіх сямейных непаразуменьнях. Кароль Уладыслаў адзіны з нямногіх зразумее паэтычную ды тонкую душу Альдоны. І пакуль ён будзе заставацца гаспадаром польскага каралеўскага двара, Альдона, хоць яе жыцьцё ніколі не будзе азорана сямейным шчасьцем, але ўсё-ж будзе мець свайго абаронцу і прыхільніка. Бо і яе муж Казімір, і сьвякроў, каралева Ядзьвіга, ўсё-ж такі пабойваліся Ўладыслава і стараліся пакрыўдзіць нялюбую ім абодвум ліцьвінку спадцішка, зьнянацку.
У 1326-м годзе Альдона нарадзіла дачку, якую назвалі Альжбетай у гонар цёткі, сястры Казіміра, якая зараз была жонкаю венгерскага караля Людовіка. Але адносіны паміж Альдонаю і Казімірам зусім не пацяплелі. Хутчэй, наадварот. Магчыма, калі-б Альдона нарадзіла хлопчыка, спадкаемцу каралеўскага роду, усё было-б трошкі інакш. Але яна нарадзіла дачку і атрымала новую порцыю папрокаў за тое, што нават у гэтай справе апынулася не на вышыні. Казімір увогуле забыў, што ён мае жонку і дачку.
У 1329-м годзе каралевіч Казімір вырашыў зьдзейсніць падарожжа ў Венгрыю ды наведаць сваю сястру, каралеву Альжбету. У Венгрыі яму гэтак спадабалася, што яго гасьцяваньне там задоўжылася. Каралевіч, які не адносіўся да людзей прыстойных у асабістых паводзінах, як кажуць, моцна загуляў. Паколькі юны Казімір меў даволі прывабнае аблічча і ў адносінах да чужых жанчын быў гжэчным кавалерам, то, безумоўна, карыстаўся вялікай прыхільнасьцю з боку слабога полу. І вось тут, у Венгрыі, надарылася бяда, якая вельмі моцна запляміла каралеўскі род Пястаў. Казімір пазнаёміўся з Кларай Зах, дачкою купца Феліцыяна Заха. Клара была вельмі прыгожаю, і яна настолькі паланіла сэрца польскага каралевіча, што адносіны паміж імі зайшлі занадта далёка. Карацей, Клара зацяжарала. Гэта быў велізарны скандал. Але гэта яшчэ паўбяды. Ці мала па сьвеце хадзіла каралеўскіх байструкоў? Галоўнае, каб усе рабілі выгляд, што нічога не здарылася. Звычайна, каралеўскае дзіця і яго маці атрымлівалі нядрэнныя ўмовы жыцьця і ўсе былі задаволены. Але з Кларай, на жаль, атрымалася зусім не так. У траўні 1330-га году, калі Казімір усё яшчэ гасьцяваў у Венгерскім каралеўскім доме, нечакана ў палац уварваўся Феліцыян Зах, бацька Клары. Карыстаючыся ўсеагульнай разгубленасьцю, ён накінуўся на караля Людовіка і каралеву Альжбету і моцна параніў абодвух. Казімір-жа, як апошні баязьлівец, проста зьбег і схаваўся недзе ў адным з аддаленых пакояў. Безумоўна, Феліцыяна забілі там-жа, у каралеўскім палацы. Адразу-ж схапілі і Клару. Ёй адрэзалі нос і вусны і правезьлі па ўсяму гораду. Пасьля забілі і яе. Род Захаў па каралеўскаму загаду быў вынішчаны ажно да трэцяга калена.
Гэты скандал атрымаў вядомасьць па ўсіх суседніх краінах. Такую ганьбу польскі каралеўскі дом дагэтуль яшчэ ня ведаў. І ў першую чаргу ганьба тычылася Альдоны, як жонкі няўдалага шукальніка прыгодаў. Альдона і на гэты раз паказала велізарную вытрымку. Яна нават не папракала мужа, хоць мела на гэта поўнае права, але надзеі на нейкае ўрэгуляваньне сямейнага жыцьця былі канчаткова пахаваныя. Маладая каралеўна цалкам аддалася выхаваньню дачкі Альжбеты. Пра тое, што ў яе яшчэ ёсьць муж, будучы кароль Польшчы, яна старалася неяк не ўспамінаць.
Настае 1333-ці год. Памірае кароль Уладыслаў. На трон узыходзіць Казімір. Штучнае зацішша ў доме Пястаў зноў выбухае сямейнымі спрэчкамі, якія зараз мелі вялікае дзяржаўнае значэньне. Ядзьвіга, каралева-маці, якая засталася ўдавою, але яшчэ была даволі маладою і поўнаю сілаў, вырашыла каранавацца на польскі трон. Гэта не адпавядала законам, бо дзейны кароль меў законную жонку Альдону, або Ганну пасьля хрышчэньня. І менавіта яна павінна была каранавацца разам з Казімірам. Але Казімір падтрымліваў сваю маці. У рэшце рэшт каранавалі на польскі трон усё-ж Альдону. У краіне ўсталявалася гэтак званае двухкаралеўе. Ядзьвіга мела шмат прыхільнікаў, але ня менш іх было і ў Альдоны. Краіна зноў апынулася на парахавой бочцы. Безумоўна, усяго гэтага не адбылося-б, калі Казімір, які, дарэчы, пасьля пакажа сябе як вельмі нядрэнны палітык, нездарма-ж ён будзе названым Вялікім, быў не супраць каранаваньня сваёй жонкі Альдоны. Цяжка сказаць, чаму Казімір тады паводзіў сябе гэтак неабачліва. Магчыма, ён быў занадта маладым і не змог устрымацца ад помсты за тое, што яго асабісты лёс быў такім нешчасьлівым. І помсьціў ён за гэта сваёй нялюбай жонцы, якая была ахвярай палітычных гульняў у значна большай ступені, чым сам Казімір. А пакуль што палітыка неўспрыманьня жонкі прыводзіла толькі да разладу ў краіне. І менавіта Казімір, які пасьля стане вядомым менавіта сваёй палітыкай умацаваньня і цэнтралізацыі дзяржаўнай улады ў краіне, зараз фактычна няўхільна вёў яе да грамадзянскага неспакою. І зноў Альдона выратавала становішча. Яна не адмовілася ад каралаеўскай кароны, але і не спрачалася зь Ядзьвігаю, не дазваляла, каб скандал выходзіў за межы палацу. І такім чынам, у рэшце скандал быў прыцішаны, а Альдона засталася каралевай. Пакуль дзьве каралевы высьвятлялі паміж сабою адносіны, Казімір, які фактычна і быў вінаваты ў неспакоі, наведваў корчмы і паводзіў сябе як звычайны пьяніца. За такія некаралеўскія паводзіны яму некалькі разоў выказваў сваё незадавальненьне касьцёл. А вось Альдона як раз атрымлівала ўсё большую і большую падтрымку з боку касьцёлу.
У 1335-м годзе Альдона нарадзіла другое дзіця. І зноў гэта была дзяўчынка Кунягунда. На гэты раз гнеў Казіміра быў настолькі вялікім, а цярпеньне Альдоны, відаць, таксама мела межы, што польскія кароль і каралева разышліся назаўсёды. Безумоўна, разышліся яны чыста фізычна, не юрыдычна. Альдона разам з дзецьмі пераехала жыць у іншы палац. Але ў дзяржаўных дачыненьнях яны працягвалі заставацца дзейнымі каралём і каралевай. Магчыма, Казімір і хацеў-бы разысьціся з Альдонай назусім, каб мець права ажаніцца з іншай жанчынай, але касьцёл не дазволіў гэтага.
Альдоне заставалася жыць чатыры гады. Фактычна яна была жонкаю бяз мужа і каралеваю без караля. Але яна ніколі не выглядала на кінутую жонку. Тое, што адбывалася ў яе душы, заставалася схаваным ад чужога вока. Ніхто ніколі не чуў, каб яна скардзілася на свой лёс, на свайго мужа ці сьвякроў. Яна заўсёды заставалася добраю, спагадліваю, міласэрнаю. Па усёй краіне хадзлі легенды пра яе дабрачыннасьць. Многія з гэтых легендаў былі нават выдуманымі. Такім чынам народ выказваў спагаду да сваёй каралевы.
А каралева, лёс да якой чамусьці быў такім недобразычлівым, нечакана памірае. Памірае яна вясною, у траўні 1339-га года, калі ўсё цьвіце і хоча жыць. Альдона не хварэла, яна проста стамілася жыць. Памерла яна ціха, чалядніцы не адразу і заўважылі, што іх каралева ня дыхае. Думалі, што сьпіць. Каралеве Альдоне было толькі дваццаць дзевяць гадоў.
Лёс жорстка адпомсьціў каралю Казіміру ІІІ Вялікаму за зьдзекі над Альдонаю. На ім, на Казіміры, і скончыўся род некалі магутнага польскага роду Пястаў. Казімір будзе кіраваць Польшчай ажно да сваёй сьмерці ў 1370-м годзе. Пасьля ягонай сьмерці на пятнаццаць гадоў усталюецца гэтак званае "бяскрульле", калі за карону будуць спрачацца магнаты, феадалы, шляхта і прадстаўнікі каралеўскіх дамоў зь іншых краінаў. Нарэшце перамогу атрымае венгерскі каралеўскі дом, на польскі трон узыдзе ўнучка Ўладыслава Лакоткі і дачка венгерскага караля Людовіка Ядзьвіга Пяст, якой на той момант нават не споўніцца адзінаццці гадоў. Яе дарослым мужам і каралём Польшчы стане Ягайла, князь Вялікага Княства Літоўскага.
Лілія САЗАНАВЕЦ

На здымку: Панарама Кракава на гравюры XVI-га ст. Малюнак з кнігі "Краіна Беларусь".