ПЕРАМОГА БУДЗЕ ЗА НАМІ!
ЛІСТ ДА ЎСІХ БЕЛАРУСАЎ
Дарагія беларусы!
Расейскі імпэрыялізм адкрыта заявіў пра пляны й тэрміны захопу (анэксіі) Беларусі. Пачынаецца міжнародны разбой. Дарогу агрэсіі вызначыла вайна ў Чачэніі й Аўганістане. Цяпер расейскія падпальшчыкі вайны перакідваюцца ў Цэнтральную Эўропу, ствараюць праблему Калінінградзкай вобласьці й заяўляюць пра намеры захопу Беларусі - краіны-ўдзельніцы ААН.
Пра падрыхтоўку падзеяў, якія цяпер адбываюцца, пра мэты й пляны расейскай агрэсыўнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі прыходзілася адкрыта папярэджваць, пісаць і казаць яшчэ ў 1994-96-х гадох, з поўным вызначэньнем сутнасьці, тэрміналёгіі й называньнем рэчаў сваімі імёнамі.
Рэакцыя Масквы й прамаскоўскіх прыслужнікаў-камуністаў у Беларусі была істэрычнай. Яны захлыналіся ад злосьці (галасавалі нават у Вярхоўным Савеце аб узбуджэньні супраць мяне крымінальнай справы).
Нянавісьць і абплёўваньне майго імя, інсьпіраваныя "пятай калёнай" і расейскай разьведвальнай агентурай у Беларусі, вялі да лягічнага завяршэньня бруднай палітыкі - да забойства. Гэта стала вядома і выклікала прычыну маёй эміграцыі.
Цяпер тое, што Масква рабіла супраць Беларусі часткова таемна, сталася ўжо відочным. Можна чакаць чарговага вывяржэньня нянавісьці й паклёпу.
За гады майго палітычнага змаганьня ў эміграцыі, якія толькі арсэналы брудных тэхналёгіяў ні выкарыстоўвалі супраць мяне. "Палітычны труп," - хорам паўтаралі маскоўскія паліттэхнолягі. Альбо: "ён уцёк", "ён спалохаўся", "яго забылі", "ён адарваўся", "ён не арыентуецца", "ён зьехаў", "ён ніхто", "непатрэбны чалавек", "кулю яму, кулю", "кто пульнёт?" і г.д.
Усім знаёмыя гэтыя "ідэалягемы", як называюць такія фармулёўкі па абплёўваньні палітычнай асобы гэбісты, што іх прыдумваюць і распаўсюджваюць.
У апошні час выпрацавалі казуістычны выверт, які гучыць так: "Чаму ён не вяртаецца?" ці "Калі гэта ён вернецца?". Мадыфікацыя на ўсе лады. Напрыклад: "Прыязджайце, Зянон Станіслававіч (ці "вяртайцеся"), будзем разам змагацца". Альбо: "Калі вернецеся, Зянон Станіслававіч?" і г.д.
Ёрніцтва прыдумана з улікам агульнавядомага распараджэньня Лукашэнкі схапіць мяне на мяжы пры спробе яе пераезду. (Пад гэта-ж адчынілі на мяне яшчэ крымінальную справу, нібыта за палітычныя артыкулы, надрукаваныя ў беларускіх газэтах.)
Паколькі ведама, што прыехаць немагчыма (бо схопяць на мяжы), "ідэалягема" прыносіць вялікую радасьць яе стваральнікам. Агентура пісакаў (і проста недалёкіх людзей) не стамляюцца яе паўтараць.
Палітыкі звычайна не зьвяртаюць увагі на арганізаваныя абгаворы (і нягоднікі гэтым карыстаюцца). Бо ўступаць у высьвятленьні зь нізкасьцю - гэта тое самае, што адказваць на сабачы брэх. Тут адно з двух: альбо ісьці й не зьвяртаць увагі (як робіць бальшыня людзей), альбо ўзяць кій і пагнаць усю зграю.
Ня маю ніякай ахвоты махаць кіем (шкода часу), але мушу заўважыць некаторым "гаспадам", што за гэтай бруднай справай стаяць.
Беларускае Адраджэньне жыве і будзе жыць! Мы зрабілі высновы з крывавай нашай гісторы йі навучыліся палітычна змагацца з маскоўскім варварствам. З намі не паўторыцца і ня ўдасца так, як з Ластоўскім, Лёсікам, Цьвікевічам, Тарашкевічам ды іншымі беларускімі адраджэнцамі, якіх расейцы завабілі ў БССР і замардавалі ўсіх.
У змаганьні трэба перамагаць, і мы пераможам гнілую імпэрскую Расею, як некалі перамаглі глінянага велікана - Савецкі Саюз.
Цяпер, у асаблівы для Беларусі час, я зьвяртаюся да ўсіх беларусаў: ня слухайце нізкай, варожай, антыбеларускай прапаганды. Падтрымлівайце людзей, што ахвярна працуюць для Беларусі і змагаюцца за яе шчасьце. Ня слухайце моўчкі, калі нягоднікі адмыслова абгаворваюць нашага вялікага Васіля Быкава. Давайце адпор. Не дапускайце, каб бэсьцілі Раду БНР (бо каб не было БНР - ужо не было-б і ўсіх нас). Не дазваляйце зьневажаць нашыя сьвятыя сымбалі - гэрб Пагоню і Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, нашу спадчыну, Курапаты, гісторыю, нашу беларускую мову, нашу сьвятую Бацькаўшчыну Беларусь.

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне"