Сьвяткаваньне ў Лёндане
Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі адсьвяткавала 83-ю гадавіну Слуцкага Паўстаньня. Імпрэза пачалася а 1-й гадзіне папаўдні. Айцец Аляксандар Надсон у царкве Сьв. Апосталаў Пятра і Паўла адслужыў Багаслужбу за ўсіх ахвяраў, якія загінулі ад рук ворагаў ў змаганьні за незалежнасьць Беларусі. У сваёй рэлігійна-патрыятычнай пропаведзі а. Надсон адзначыў важнасьць гэтае падзеі, якая сёньня павінна служыць прыкладам патрыятызму для маладога пакаленьня беларусаў.
Пасьля Багаслужбы прысутныя сабраліся ў залі рэлігійна-культурнага цэнтру, дзе Старшыня ЗБВБ спн. Лёля Міхалюк афіцыйна адкрыла акадэмію, прысьвечаную гадавіне Слуцкага Збройнага Чыну. Ад імя Ўправы яна правітала вялікую грамаду, якая прыбыла з усіх куткоў Англіі, а таксама паважаных гасьцей зь Беларусі ў асобах гісторыка і пісьменьніка Ўладзімера Арлова і барда і пісьменьніка Зьміцера Бартосіка. Спн. Міхалюк папрасіла прысутных ушанаваць хвілінаю цішы памяць тых, хто аддалі свае жыцьці за Беларусь.
Наступным слова ўзяў сакратар ЗБВБ сп. М. Пачкаеў. Ен прачытаў прывітаньне ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, беларускіх арганізацыяў з Аўстраліі, Амэрыкі й сяброў з паўночнай Англіі, якія з асабістых прычынаў не змаглі прыехаць на сьвяткаваньне.
Рэфэрат пра Слуцкае паўстаньне прачытаў сп. У. Арлоў. Як гісторык, ён дакладна распавёў пра гістарычныя фарты, якія прымусілі случчакоў устаць на збройнае змаганьне з расейскімі бальшавікамі. Сп. Арлоў сказаў, што ў месцах баёў ўвосень на Дзяды гэтую гадавіну адзначаюць.
Урачыстая частка закончылася адсьпяваньнем прысутымі нацыянальнага гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", а потым пачаўся канцэрт барда Зьміцера Бартосіка, які прасьпяваў шмат песьняў на гістарычныя тэмы й пра сёньняшняе жыцьцё ў Беларусі. Кожную песьню віталі воплескамі. У канцы спн. Міхалюк ад імя прысутных падзякавала сп. сп. Арлову і Бартосіку за іх чынны ўдзел у сьвяткаваньні й уручыла ім абодвым падарункі. Сп. Арлоў у сваю чаргу ўручыў падарунак спн Міхалюк сваю кніжку.
Спн. Міхалюк паведаміла, што 23-га лістапада спаўняецца 45 гадоў сьвятарства а. Надсона. Ад імя ЗБВБ яна павіншавала сьвятара і дала яму падарунак.
Сяброўкі ЗБВБ падрыхтавалі багаты пачастунак. Пры чарцы віна і добрай закусцы хутка праляцеў час, і трэба было разьяжджацца дахаты.
Сыльвестар БУДКЕВІЧ