"МАРЫЯН ГАЎЗ"
Пару месяцаў таму беларуская прэса падала такую сэнсацыю, што Ватыкан хоча забраць ад беларусаў культурны цэнтар у Лёндане - "Марыян Гаўз". Тут трэба сказаць, што гэта не адзін дом, а чатыры вялікія дамы. Тры дамы ў блёку адзін за адным, а чацьвёрты насупраць праз вуліцу, дзе знаходзіцца капліца.
У прэсе была пададзеная просьба да беларусаў і зьмест просьбы да прадстаўніка ў Ватыкане, каб пакінуць гэты дом беларусам. Пачуліся галасы, што на "Марыян Гаўз" беларусы ахвяравалі грошы.
На колькі я памятаю, беларусы Велікабрытаніі ахвяроўвалі грошы на дом свае арганізацыі - Згутраваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ). Таксама ахвяроўвалі грошы на дом арганізацыі Хрысьціянскае Аб'еднаньне Беларускіх Работнікаў (ХАБР). І гэтыя дамы былі купленыя. Але я ня чуў, каб быў зварот да беларусаў ахвяроўваць грошы на "Марыян Гаўз", якія зьяўляецца домам каталіцкае місіі. Па вайне ў Лёндане было часам да 10-ці беларускіх каталікоў-сьвятароў. І, як відаць, дзеля іхня місійнай дзейнасьці былі ахвяраваныя гэтыя дамы. Перад будынкам капліцы стаіць дошка, на якой напісана па-ангельсу "Католік Мішэн..."
Чуў я, што толькі дом Беларускай Бібліятэкі зьяўляецца ўласнасьцю беларусаў. Чуў таксама, што беларусы ахвяроўвалі грошы на Беларускую Бібліятэку, але не на "Марыян Гаўз", як яго папулярна называюць беларусы.
У сапраўднасьці ніхто ня ведае, якое права маюць беларусы да гэтых дамоў і ці маюць увогуле? Калі Ватыкан даў гэтыя дамы беларусам 50 гадоў таму, а цяпер хоча забраць, дык гэта ня ёсьць хрысьціянскі паступак.
А можа Ватыкан робіць свой трук, што ён забірае гэтыя дамы, каб беларусы прасілі іх пакінуць, і тады з волі Божай Ватыкан акажа сваю ласку і пакіне іх беларусам, каб яны дзякавалі за гэта.
Калі апошнімі гадамі нешта адбывалася беларускага ў залі беларускага цэнтру, то чулася падзяка айцу Надсону за дазвол.
Усё-ж цікава было-б ведаць, якое права маюць беларусы Ангельшчыны да "Марыян Гаўзу", і ці ахвяроўвалі яны грошы на яго? І яшчэ адная заўвага. Калі падыйсьці бліжэй да дому Беларускай Бібліятэкі й глянуць на яго, то ён выглядае даволі добра. Але рэшта дамоў просіць гаспадара, каб ён хоць крыху аднавіў іхні вонкавы выгляд, які ёсьць занядбаны. Дык дзе ён, і хто гаспадар "Марыян Гаўзу"?

Юры ВЕСЯЛКОЎСКІ