МАРШ ПАНЯВОЛЕНЫХ НАРОДАЎ У НЬЮ ЁРКУ
У нядзелю, 14-га ліпеня, ў Нью Ерку прайшоў Марш Паняволеных Народаў, які ладзіўся Камітэтам Паняволеных Народаў сумесна зь Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем. Марш па 5-й Авэню традыцыйна адчыняе Тыдзень Паняволеных Народаў, які праходзіць у Нью Ерку штогод, пачынаючы ад 1959-га году ў трэці тыдзень ліпеня.
Камітэт Паняволеных Народаў і ладжаны ім Тыдзень паўсталі згодна з грамадзкім законам, прынятым Кангрэсам ЗША, як сродак каардынацыі дзеяньняў супраць расейскага камуністычнага панаваньня ва Ўсходняй Эўропе таго часу, і камуністычных рэжымаў у рэшце сьвету (Куба, Кітай, Карэя, Віетнам і г.д.). На той час у Камітэт уваходзілі ўсе буйнейшыя арганізацыі эмігрантаў з усходнеэўрапейскіх ды іншых краінаў пад камуністычным панаваньнем. Камітэт праводзіў працу з амэрыканскімі ўладамі адносна ціску на камуністычныя рэжымы, удзельнічаў у кангрэсовых слуханьнях, ладзіў шматтысячныя дэманстрацыі ў Нью Ёрку, Вашынгтоне ды іншых гарадох, даводзіў амэрыканцам праўду пра становішча народаў за "жалезнай заслонай". Наагул, Камітэт Паняволеных Народаў спрыяў фармаваньню палітыкі ЗША ў дачыненьнях з Савецкім Саюзам ды іншымі камуністычнымі краінамі, і тым самым спрычыніўся да разбурэньня расейскай камуністычнай імпэрыі ды вызваленьня народаў Усходняй Эўропы.
Пасьля вызваленьня большасьць арганізацыяў адыйшла ад актыўнага ўдзелу ў працы Камітэту. На жаль, беларускі народ, адзіны ў Эўропе, дагэтуль застаецца паняволеным, і таму беларускія прадстаўнікі актыўна супрацоўнічаюць з Камітэтам Паняволеных Народаў. Шмат беларусаў і сёлета прыняло ўдзел у Маршы, які прайшоў па 5-й Авэню ад катэдры Сьв. Патрыка да Цэнтральнага Парку, дзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Тыдня Паняволеных Народаў. Дэманстранты трымалі ў руках беларускія нацыянальныя сьцягі й плякаты за вольную Беларусь, супраць рэжыму Лукашэнкі, супраць расейскай падтрымкі рэжыму і супраць падтрымкі Расеі Амэрыкай.
На мітынгу ў Цэнтральным Парку былі зачытаныя прывітаньні ад амэрыканскіх уладаў, гучалі прамовы. Сп. Віталь Зайка, старшыня нью ёркскага аддзелу БАЗА, выступіў з прамовай пра змаганьне народу Беларусі супраць дыктатуры.
Думаецца, што арганізацыі выхадцаў з Украіны, Польшчы, Балтыі ды іншых вызваленых народаў Эўропы мусяць больш дзейсна супрацоўнічаць з Камітэтам, памятаючы, што свабода не даецца сама сабою, за яе трэба змагацца. Дапамога, якую яны атрымалі, накладае абавязак дапамагаць іншым, яшчэ паняволеным народам, у тым ліку беларускаму, які змагаецца супраць дыктатуры. Трэба памятаць пра стары заклік народаў Эўропы "За нашу і вашу свабоду!" і дзеіць у спосаб, варты памяці папярэдніх пакаленьняў змагароў.

Віталь ЗАЙКА

Удзельнікі маршу ля Катэдры Сьв. Патрыка.

Прамаўляе старшыня нью ёрскага аддзелу БАЗА сп. Віталь Зайка.