МЕРКА ЭКАНАМІЧНАГА АБВАЛУ
Эканоміка Беларусі адзначае нястачу грошай. Усё часьцей людзі атрымоўваюць заработную плату натураю - прадуктамі або таварам. Выпадкі бываюць кур'ёзныя. У красавіку сёлета Беларуская Асацыяцыя Рэсурсавых Цэнтраў паведаміла на сваім інтэрнэтаўскім сайце, як у глускім аддзяленьні "Беларусьбанку" (Магілеўская вобл.) некаторыя калгасы сплачвалі банку пазыку каўбасным мясам. Сплату каўбасою банк браў у бабруйскім камбінаце, куды калгаснае мяса здавалася на перапрацоўку. Банкаўскія працаўнікі сустракалі наведнікаў словамі: "Бярэце каўбасу, яна ў нас па сем тысяч, а ў краме - па дзесяць". "Набываюць каўбасу ў банку ахвотна, - казалася ў паведамленьні, - бо там яна прадаецца без гандлёвай нацэнкі".
Грашовы голад працягваецца. Газэта "Голас Радзімы" (23. Х. 02) пад здымкам дзьвюх калгасьніц, якія сартуюць цыбулю, піша: "Плату яны атрымліваюць натурпрадуктам - цыбуляю".
Вось паспрабуй - купі за цыбулю (пакуль яна не згніла) патрэбную табе рэч...