Памяці Ўладыкі Мікалая
Сёньня, на першыя ўгодкі сьмерці, аддаём мы пашану памяці Яго Праасьвяшчэнства Мітрапаліта, Першаярарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Ўладыкі Мікалая.
Пражыў Уладыка Мікалай 85 гадоў. Болей за палову свайго доўгага жыцьця, 48 гадоў, прысьвяціў ён службе Богу і Бацькаўшчыне-Беларусі. Калі прыйшла патрэба-пакліканьне, Уладыка Мікалай, будучы маладым сябрам Згуртаваньня Беларусаў Канады (ЗБК) рашуча, ахвярна аж да самавырачэньня, вырашыў стацца сьвятаром БАПЦ. Ен ведаў, што шлях, які ён выбраў, будзе цяжкім, няўдзячным, цярністым, шляхам змаганьня за незалежную беларускую царкву.
Уладыка Мікалай стварыў цэлую эпоху ў жыцьці беларусаў Канады. Каб расказаць пра ўклад Уладыкі Мікалая ў беларускае жыцьцё трэба хоць коратка расказаць пра гісторыю гэтай эпохі.
Арганізаванае беларускае нацыянальнае жыцьцё ў Канадзе пачалося з заснаваньнем у 1948-м годзе ЗБК. Мэты й шляхі арганізацыі былі вызначаныя кіраўніцтвам гэтак:
1. Нам патрэбная моцная нацыянальная арганізацыя верная ідэалам 25-га Сакавіка, ідэалам дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі, Ураду і Радзе БНР.
2. Арганізацыя павінна мець, як маральную апору, сваю Беларускую Праваслаўную Аўтакефальную Царкву.
3. Беларуская нацыянальная арганізацыя павінна мець сваю матар'яльную базу: дом для грамадзкага карыстаньня, у якім можна было-б уладзіць і царкву.
Маючы акрэсьленыя мэты дзеяньня, мы, сябры ЗБК, імкнуліся нашыя мэты крок за крокам зрэалізаваць. Кіраўніцтва занялося справаю куплі беларускага дому, што было складаным, бо ніхто з нас, новых эмігрантаў, ня меў ані грошай, ані свайго кутка.
Другое, нам таксама трэба было знайсьці беларускага сьвятара, які падпарадкаваўся-б юрысдыкцыі БАПЦ. Такога не было, хоць сярод нас быў беларускі нацыянальнасьведамы сьвятар.
Адзін сярод нас малады сябра Міхась Мацукевіч, ідучы за нутраным голасам-пакліканьнем ды голасам беларускага патрыятызму, вырашыў пасьвяціць сваё жыцьцё службе Богу і Бацькаўшчыне-Беларусі. На гэта патрэбная яму была ня толькі духовая, але і тэалягічная падрыхтоўка. Таму ён накіраваўся ў Вініпэг у Духоўную Ўкраінскую Сэмінарыю, якую пасьпяхова скончыў у траўні 1954-га году, і быў высьвячаны ў сьвятарскі сан.
У Таронта тымчасам пад канец лета 1954-га году ЗБК купіла першы беларускі дом у Канадзе, што на вуліцы Дандас, 1000. Старшынём ЗБК тады быў веч. пам. маг. Алесь Грыцук, сакратаром сьв. пам. Мікола Ганько. Зь дзьвюх найпрыгажэйшых пакояў дому пабудавалі мы першую ў Канадзе капліцу БАПЦ імя сьв. Кірылы Тураўскага. Як помнік сьв. пам. Мечаславу Рачыцкаму, рыма-каталіку, дзейнаму сябру ЗБК, дагэтуль у нашай царкве красуецца па-мастацку зробленыя ім Царскія вароты іканастасу.
Першая Багаслужба ў Таронта, якую ўрачыста адправіў, вярнуўшыся зь Вініпэгу, а. Міхал Мацукевіч, пазьнейшы наш Уладыка Мікалай, адбылася 2-га кастрычніка 1954-га году. Псаломшчыкам і кіраўніком хору быў Пётра Слаўко (калісь ён гэтыя функцыі поўніў у Менску), а ягоная жонка спн. Слаўко была галоўнай "пеўчай", бо ведала літургію і царкоўныя напевы.
А 20-га лістапада таго-ж 1954-га году адбылося ўрачыстае асьвячэньне першага ў Канадзе Беларускага Дому на Дандас, 1000 у Таронта Яго Праасьвяшчэнствам Архіяпіскапам БАПЦ Уладыкам Васілём зь Нью Ерку ў прысутнасьці вялікай колькасьці суродзічаў з Канады й ЗША, чуць ня ўвесь Кліўленд прыехаў.
І так, нягледзячы на цяжкасьці й маральны ўдар, якім быў раскол у 1952-м годзе, Згуртаваньне Беларусаў Канады ўжо ў 1954-м годзе здабыло сабе матар'яльную і духоўна-рэлігійную базу. Мела сваю беларускую царкву, свайго сьвятара, свой беларускі дом, сваю газэту "Беларускі Эмігрант", якая зьбіраў беларусаў Канады пад крыльлі ЗБК ды парафіі БАПЦ.
Празь пяць гадоў сядзібаю ЗБК ды месцам царквы быў дом на Дандас, 1000. У 1959-м годзе ЗБК гэты дом прадае і грошы ад продажу ўкладае ў куплю Беларускага Рэлігійна-Культурнага Цэнтру на 524 Ст. Клярэнс Авеню ў Таронта. Будынак гэты быў набыты ў канцы жніўня 1959-га году, 21-га і 22-га лістапада, пасьля рамонтаў, уладжаньня капліцы-царквы, адбылося ўрачыстае яго асьвячэньне з удзелам Яго Праасьвяшчэнства Ўладыкі Васіля зь Нью Ерку.
У жніўні споўніцца 44 гады нашаму Рэлігійна-Культурнаму Цэнтру ў Таронта. Але-ж, каб купіць дом і правесьці ў ім неабходныя рамонты й ўлажаньні, патрэбныя былі грошы. Іх трэба было сабраць. Гэтаю справаю ўжо даўно займалася Галоўная Ўправа ЗБК і газэта "Беларускі Эмігрант" ды наш айцец Міхал, які энэргічна і ахвярна аддаецца справе здабываньня фондаў на фінансаваньне царквы. Ён езьдзіць па ўсіх бліжэйшых, а і далёкіх асяродках, дзе толькі жывуць беларусы, расказвае ім пра куплю беларускага дому ў Канадзе, у якім пабудаваная беларуская царква, і просіць аб ахвяры. І беларусы адгукнуліся пазытыўна. Наагул трэба прызнаць, што наша беларускае грамадзтва ў Канадзе, ды й усёй эміграцыі, ахвярнае, таму мы маглі шмат што асягнуць.
Агульна прынята, што сьвятара ўтрымлівае парафія. Але наш айцец Міхал у нядзелі й сьвяты служыць у царкве, а на працягу тыдня працуе на фабрыцы, каб зарабіць на пражыцьцё. І гэтак працаваў ён на фабрыцы праз пятнаццаць гадоў аж да таго часу, калі ў 1969-м годзе стаўся япіскапам. Тады грамадзтва сказала, што япіскап ня можа працаваць на фабрыцы.
Уладыка Мікалай быў заўсёды цесна зьвязаны зь беларускім нацыянальным жыцьцём у Канадзе. Пры канцы 1960-х гадоў Уладыка Васіль стараецца аб новым беларускім япіскапе. Не дарма-ж ён, назіраючы за душпастырскай і беларускай дзейнасьцю айца Міхала, зьвярнуўся да яго з прапановаю ўзяць на сябе такі цяжар адказнасьціі япіскапскага сану. Айцец Міхал, пэўна, мусіў добра заглянуць у глыбіню сваёй душы, каб даць адказ.
Ды, відавочна, ад самага пачатку, ад 50-х гадоў, тут дзеіла накіраваньне Сьвятога Духу, Волі Божае. Ісус Хрыстос, як калісь сваіх апосталаў, пасылаў Міхася Мацукевіча, а пасьля айца Міхала і казаў яму: "Вазьмі свой крыж і йдзі за мною". І айцец Міхал узяў свой крыж, якім бы цяжкім ён ня быў, і пайшоў за Хрыстом. Спатыкаючыся і падаючы ад зьнямогі, ішоў Уладыка Мікалай сваёй цярністай крыжовай дарогай аж да 18-га чэрвеня 2002-га году, калі аддаў свой дух. І мы молімся, каб Ісус Хрыстос прыняў Яго ў Валадарства Нябеснае.
Гэта дзякуючы Ўладыку Мікалаю царква Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта была, хіба, з усіх праваслаўных цэркваў пад сонцам самаю беларускамоўнаю. Ен, беларускі патрыёт, разумеў і верна, як сапраўдны пастыр, служыў ідэі незалежнае беларускае царквы, як адной з перадумоваў здабыцьця дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Таму цяпер ў Беларусі БАПЦ забароненая, бо яна ёсьць шляхам да здабыцьця дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі ад Расеі.
Дастойны Ўладыка Мікалай, Вы сваім жыцьцём здабылі й пакінулі па сабе незацёрты сьлед, як канадыйцы кажуць "You made a difference". Вы сталіся пачаткам і кіраўніком ужо паўвякавога існаваньня БАПЦ у Канадзе. Гэтым Вы паставілі сабе манумэнт, занялі месца ў гісторыі беларускае царквы, у гісторыі Беларусі.
Вечная Вам памяць!
Раіса ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ,
Былая Старшыня ККБК