СПРАВЫ ДЭМАРКРАТЫЧНАЙ МОЛАДЗІ
Беларуская Асацыяцыя Рэсурсавых Цэнтраў (БАРЦ), якая знаходзіцца ў Менску, рэгулярна паведамляе ў сваім інтэрнэтаўскім беларускамоўным бюлетэні пра дзейнасьць дэмакратычных групаў моладзі, у тым ліку Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў (ЗБС). Дзейнасьць моладзевых групаў даволі інтэнсыўная, яна праходзіць па цэлай Беларусі. Адбываюцца сэмінары, нарады, арганізоўваюцца розныя культурныя й грамадзкія мерапрыёмствы. Бароніцца свабода студэнтаў, якіх часта заціскае адміністрацыя навучальных установаў; ладзяцца сустрэчы зь незалежнымі журналістамі й дзеячамі нацыянальнае культуры. З усяго атрымліваецца даволі шырокі малюнак працэсу росту маладога пакаленьня Беларусі, пранятага справаю свабоды й абароны нацыянальных вартасьцяў.
Бюлетэнь БАРЦ (які на сёньня мае больш за 1000 падпісчыкаў) можна даставаць задарма, зьвярнуўшыся на адрас: news@barcnews.org

ХЛОПЦЫ, МЫ З ВАМІ!
1-га лістапада сёлета ў Беларусі была праведзеная акцыя "Хлопцы, мы з вамі!". Больш за 200 чалавек выслалі паштоўкі й лісты зь цёплымі словамі двум палітычным зьняволеным - журналістам зачыненай уладамі горадзенскай газэты "Пагоня" Міколу Маркевічу й Паўлу Мажэйку, якія адбываюць турэмнае пакараньне.
"Лісты, што прыходзяць да нас зь Міколам з усёй Беларусі, - сказаў Павал Мажэйка, - гэта ня толькі вялізарная маральная падтрымка. Нашыя судзьдзі, пракуроры й турэмшчыкі пачынаюць разумець, што за іхнымі дзеяньнямі сочыць пільнае вока беларускага грамадзтва".
10-га сьнежня споўнілася 100 дзён як журналісты знаходзяцца ў няволі - нагода паслаць ім слова салідарнасьці. Вось іхныя адрасы:
Мікола МАРКЕВІЧ
вул. Сумчанкі 38, пакой 434
Магілёўская вобласьць, г. Асіповічы
BELARUS

Павал МАЖЭЙКА
мікрараён №3, д. 3, пакой 208
Гомельская вобласьць, г. Жлобін
BELARUS

(Паводле паведамленьня БАРЦ №365)