МОТАЛЬ, ЯНАВА…
У нэкралёзе аб сьв. пам. Мітрапаліце Мікалаю ("Беларус" №474) сп. К. Акула ўспамінае мясцовасьці Моталь і Янава. Хачу даць трохі інфармацыі аб гэтых гарадках.
Моталь ляжыць маляўніча над ракой Ясельдай і акружаны дрымучымі лясамі. Да вайны жыло там шмат габрэяў; у Моталі нарадзіўся (у 1874-м годзе) вучоны, прафэсар-хімік, сіяніст, першы прэзыдэнт Ізраіля Хаім Вэйцман.
Па сканчэньні гімназіі ў Пінску вучыўся ён у Бэрліне і Швэйцарыі. Ад 1904-га году быў прафэсарам хіміі ва ўнівэрсытэце ў Манчэстэры, Ангельшчына. У яго было 14 братоў і сясьцёр, і ўсе яны, за выняткам аднае асобы, былі навукоўцамі, лекарамі, дантыстамі, інжынерамі, выкладчыкамі. Памёр Хаім Вэйцман у Ізраілі ў 1952-м годзе.
Зьдзіўляе аднак, што ў энцыкляпэдыях пішуць, што ён нарадзіўся ў… Расеі. А ў такой прэстыжнай энцыкляпэдыі як Брытаніка (выдаецца ў ЗША) пішацца, што Х. Вэйцман нарадзіўся ў … Польшчы, у Расейскай імпэрыі.
Аўтар гэтага артыкула пісаў шмат лістоў да розных выдавецтваў і зьвяртаў іх увагу, што Моталь ёсьць у Беларусі.
Добра зрабіў сп. Акула, што ўжыў гістарычны назоў Янава , а не цяпераші Іванава. Зьмена зь Янава на Іванава наступіла пасьля апошняй вайны. Цяжка зразумець, а тым больш усправедлівіць гэтую зьмену, бо ў былым СССР было шмат вялікіх і малых гарадоў з назовам Іванава. Каб пазьбегнуць непаразуменьняў, чыгуначную станцыю ў цяперашнім "Іванаве" пакінулі як "Янаў-Палескі". Што за недарэчнасьць?
Пара вярнуць Янаву яго гістарычны назоў!
Між іншым, Янава калісь называлася Порхавам. У 1423-м годзе ўласьнік вёскі падараваў яе луцкаму касьцёлу. А ў 1465-м годзе вёска Порхава была пераіменаваная ў Янава ў гонар луцкага япіскапа Яна Пасовіча.

М. ШВЭДЗЮК