Посьпехі нефарматнай музыкі
Для даведкі: фармат - гэта сістэма самаабмежаваньня радыёпрад'юсараў пры выбары ратацыйнай структуры пэўнай FM-станцыі. Цікава, што ў Беларусі нефарматным зьяўляецца ўсё беларускамоўнае, хоць у радыёэтэры Польшчы, Швэцыі, Чэхіі, Украіны такая музыка гучыць.
Распачаўшы на старонках газэты "Беларус" новую рубрыку музычных рэцэнзыяў, я пачаў атрымліваць ад чытачоў лісты з пытаньнямі: ці шмат у Беларусі беларускамоўных сьпевакоў ды рок-гуртоў, хто выдае іхнія альбомы, як гэтую справу падтрымлівае дзяржава беларуская?
Што да апошняга, дык дзяржава тут чамусьці выбрала для сябе ролю цельнай каровы, аддаўшы ўвесь радыёэтэр дойнаму апарату расейскага шоў-бізнэсу, які перакачвае ў Расею ў выглядзе ганарараў грошы беларускіх рэклямадаўцаў. Беларускія артысты трапляюць у ратацыю ў выглядзе выключэньня, г. зн. ня толькі бясплатна для іх, але і за хабар для акупантаў беларускага радыёэтэру. Гэтая дойка Беларусі стала настолькі прыкметнай і адчувальнай, што нават Лукашэнка двойчы пагражаў пальчыкам бонзам радыёэтэру, але тыя аказаліся мацнейшымі й працягваюць працаваць на Расею.
У такіх умовах рызыкоўна было-б займацца музычным выдавецтвам у краіне, дзе народ нібыта згодны, бо зацята маўчыць. Але пры маўчаньні гэтым прыкметным становіцца акурат пашырэньне музычна-выдавецкай дзейнасьць ў Беларусі. Калі раней незалежныя лэйблы "Пан-Рэкордс", "Каўчэг", "БМАgroup", "Boutique Kamila" і г.д.) выдавалі за год па аднаму-два дыска, дык у 2003-м толькі "БМАgroup" павялічыла свой каталёг на 12 пазыцыяў. Зь іх і пачнем наш агляд.
Блюзавы гурт "Крама" - гэта музычны брэнд №1 у краіне. Летась ён засьвяціўся ў рэестры музычных падзеяў тройчы. Разам з новым лэйблям "Arlo Music" фірма "БМАgroup" паўторна выпусьціла ў сьвет альбом "Хавайся ў бульбу" (паводле "Рок-Каранацыі-2001" - лепшы альбом году). А яшчэ-ж быў юбілей надзвычай унікальнага рэлізу "Крамы": 10 гадоў таму, у 1993 брытанская фірма "RTX records" выпусьціла альбом "Vodka On Ice" беларускага гурта "Крама". Гэта быў першы прарыў беларускага року ў вольны сьвет і ў сфэру высокіх тэхналёгіяў. Да 10-годзьдзя быў паддрыхтаваны выпуск гэтага альбому ўпершыню на радзіме (ягоны каталёгавы нумар CD BMA 026). Ад ангельскага выданьня гэты выпуск адрозьніваўся толькі дадаткам некалькіх рарытэтных бонусаў у праграме. Акрамя таго гітарыст "Крамы" Сяржук Трухановіч выдаў сольны альбом "Нараджэньне таямніцы", які ўяўляе сабою рэдкі ўзор віртуозных інструмэнтальных пасажаў.
А лідэры больш вострага крыла беларускай рок-сцэны - "N.R.M.", выпусьціўшы год таму бліскучы альбом "Дом культуры", цяпер аддаліся так званым сайд-праектам: фронтмэн Лявон Вольскі з пашыранай кампаніяй супольнага праекту "Крамбамбуля" выдалі яшчэ больш папулярны зборнік музычных пародыяў "Каралі раёну", дзе зухавата пасьміхаюцца і зь "Верасоў", і з былога суайчыньніка Юрыя Антонава, і з колісь модных чужынскіх куміраў кшталту Марка Бэрнэса, "Сіняй птіцы" ды нават "ZZ top". Не застаўся за бортам творчае актыўнасьці й гітарыст "N.R.M." Піт Паўлаў, які стварыў уласны сайд-праект "Garadzkija" і выдаў ягоны дэбютны альбом, дзе ўпершыню загучаў і ягоны голас, і ўласныя беларускія вершы.
Але гэта ня ўся эпапея "N.R.M."-2003 у беларускай дыскаграфіі. Шумна і пасьпяхова прайшла прэзэнтацыя трэйцяга беларускага трыб'юта пад назваю "Віза "N.R.M.". Шмат славутых і новамодных калектываў па-свойму перасьпявалі на ім найбольш папулярныя песьні культавай беларускай каманды. А былі сярод іх і каралі фольк-мадэрну ("Палац", "Kriwi"), і віртуозы блюзу ("P.L.A.N.", "Імпэт", "B.N."), і зоркі папсы, і дэнс-музыкі ("Краскі", "Цягні Штурхай", "LongPlay"), і авангардысты року ("Partyzone", "Angry Rose 2000"). Усе такія розныя, але аб'ядналі іх песьні "N.R.M."
Удзельнікі такіх супольных праектаў потым больш сьмела выходзяць на сур'ёзны музычны рынак з самастойнымі рэлізамі. Пра альбомы гурта "P.L.A.N." мы пісалі ўжо ў папярэднім нумары, але акрамя іх гурт засьвяціўся і ў рэпавым працягу стылістычнай CD-энцыкляпэдыі "Пасадзіў DEAD RAPку", і ў шэрагу гіт-парадаў з новымі творамі, якія плянуюцца ў будучы рэліз кшталту "P.L.A.N.-акустык". Такая плынь цяпер модная ў Беларусі, а альбом пад назвай "Пёсэнкі самотнага беларусіна" будзе базаваны на фальклёры Вялікага Княства Літоўскага ці ягоных стылізацыях.
Што да стылістычных CD-энцыкляпэдыяў, дык у 2003 выйшаў ужо трэйці ейны выпуск, прысьвечаны беларускаму музычнаму экстрыму і мае назву "Hard Life - Heavy Music II". Увесь айчынны мэтал-авангард з Горадні ("Твар"), Гомлі ("The Regent"), Бабруйску ("Straight Land"), Рэчыцы ("Apocryphal"), Барысава ("Soncavarot") і г. д., ня гледзячы на экзатычныя назвы, гучыць на беларускай мове. Тут можна пачуць нават неверагоднае дэз-мэталёвае прачытаньне Багдановічавай "Пагоні".
І зноў-жа сам зборнік стаў удалым стартам для далейшай сур'ёзнай выдавецкай ініцыятывы, для разьвіцьця старых і новых зорак нашай мэтал-сцэны. Хутка пасьля яго выйшлі ў сьвет паўнафарматныя альбомы менскіх мэтал-гуртоў "Зьніч" ("Запаветы Апошняга Старца") і "Deadmarsh" ("Грані").
Ды ня толькі экстрэмалы дазваляюць сабе ініцыятыву. Пайшла за апошні год наперад і беларуская бардаўская песьня. Ды якія легендарныя імёны ў ёй! Другі ўжо альбом на высокатыражных CD выпусьціў гарадзенец Віктар Шалкевіч ("Геаграфія ВКЛ і ваколіцаў"), а гамяльчанка Вальжына Цярэшчанка, якую ўсе беларусы вольнага сьвету называюць Залатым Голасам Беларусі, нарэшце сабрала ў CD "Хтось крануўся крылаў" усе свае найлепшыя гіты (пачынаючы з "Запяі мне песьню") і новыя песьні ў шыкоўнай студыйнай вэрсыі. Выданьне стала магчымым дзякуючы ініцыятыве швэдзкага прад'юсара Дэвіда Пэрсана, які, пачуўшы гэты Божы дар у Швэцыі, жахнуўся якасьцю ранейшага касэтнага збору канцэртовых запісаў, які здолеў набыць. Ён зрабіў тое, чаго ня здолелі беларусы: замовіў прафэсыйную студыю і захаваў цуд для нашчадкаў.
Барду Эдуарду Акуліну ўдома ўдалося апанаваць прыстойную студыю Белдзяржтэлерадыёкампаніі, дзе ён запісаў альбом "Напачатку было слова", які выдала фірма "Vigma" Гэта па сутнасьці greatest hits з таго, што раней выдавалася толькі на касэтах, і пара новых песень.
Не забытая выдаўцамі й папулярная плынь world music. Лідэр тут гомельскі гурт "Стары Ольса", які пасьпеў выдаць на фірме "Каўчэг" ужо тры альбомы, пасьля пераезду ў Менск перайшоў на "БМАgroup" і выпусьціў летась канцэртовы альбом "Шлях". А ў Польшчы тым часам паўторна выйшаў дыск "Легенды Вялікага Княства", у праграме якога акурат і дэбютаваў "Стары Ольса" ў дыскаграфіі. Побач зь ім творы легендарнага "Полацкага сшытку", беларускіх кампазытараў ХVI стагодзьдзя В. Длугарая, В. Бакфарка выконваюць менскі хор "Унія", баранавіцкі "Contrdance"ды іншыя.
Фірма "West records" працягвае сэрыю перавыданьняў для беларускага слухача замежных беларускіх рэлізаў. Пасьля апэратыўнай рээдыцыі альбома "Журавы" гурта "Троіца", дайшла нарэшце чарга і да сольнага альбома лідэра калектыву Івана Кірчука "Спадчына загінулых вёсак", які яшчэ ў 1999 годзе выдаваўся ў Галяндыі.
Выдаў свой альбом і паэт Адам Глёбус ("Каўчэг", 2003), дзе песьні на ягоныя вершы выконваюць "Песьняры", "Сябры", "Новае неба", "Garadzkija", а дуэт "Аляксандра і Канстанцін" другім сваім альбомам "Сойка" ("Master records", 2003) пераканаў, як цудоўна спалучаецца беларускі фальклёр з экзатычнымі рытмамі кантры.
Новыя дыскі "Ліцьвіноў", "Partyzone", Зьміцера Вайцюшкевіча, перавыданьні супольных праектаў "Народны альбом", "Сьвяты вечар" не залежваецца ў крамах, а знаходзіць спажыўца. Народ выразна паказвае, што ён хоча слухаць. І зусім ня тое, што яму прапаноўваюць, аддадзеныя чужынцам, радыёфарматы. Народ слухае сваё.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА