Новы год і несьвяточныя разважаньні
Пасьля навагодняе ночы зноў задаю сабе пытаньне: "Што-ж было першым - курыца ці яйка, матэрыя ці дух?", - і не знаходжу вытлумачальнага адказу.
Гэтак, мабыць, кожны эмігрант шукае адказу на пытаньне: "Ці меў я рацыю, калі пакінуў родных, сяброў, любімую працу, усё, што дорага сэрцу, ды эміграваў у значна лепш разьвітую эканамічна, зь людзкімі законамі, але чужую краіну?".
Праўду кажуць, што ад дабра дабра не шукаюць. І куды нашага брата беларуса не закідвала? Калі-б у Беларусі была палітыка, ськіраваная на незалежнасьць, дэмакратыю, разьвіцьцё нацыянальнай культуры й эканомікі, а значыць, на дабрабыт народу, то навошта было-б людзям некуды ехаць, цярпець тыя мытарствы? І крыўдна, што зьяжджаюць людзі вельмі адукаваныя, поўныя сілаў, якія маглі-б паслужыць на карысьць сваёй Беларусі, свайму народу.
Шмат хто з нас ехаў на час, каб падвучыцца, пагасьцяваць і, калі ўдасца (што граха таіць), падзарабіць тых даляраў ды вярнуцца дахаты, маючы толькі гасьцявую візу. А з такімі дакумэнтамі, без амэрыканскае адукацыі, часта бязь веданьня мовы, усе мы, такія разумнікі на радзіме, набываем адзіную вартасьць на чужыне - дзіркі ад абаранка! Большасьць змушаная мець вельмі цяжкія і нізкааплочваемыя працы, але, маючы беларускі мэнталітэт, нам здаецца, што гэта нібыта і добра ў параўнаньні з заробкамі на Бацькаўшчыне. Хоць для Амэрыкі тых даляраў, як кот наплакаў.
Амэрыка, бадай, адзіная дзяржава, якая дае магчымасьць любому чалавеку зарабіць грошы, але з такою-ж руплівасьцю і забірае іх. Як аплоціш тыя рэнты, білы, страхоўкі ды іншае, а кожны з нас яшчэ-ж падтрымлівае ў Беларусі сваіх родных, дзяцей, бацькоў, дык што там застаецца? І кожны думае, што ўжо ў наступным годзе пастараецца і неяк заашчадзіць тыя даляры на будучыню і трапляе на бегавую дарожку вавёркі ў коле. І незаўважна, бы багна, Амэрыка засмоктвае людзей у тых бегах па коле. Ня ўсім хапае моцы выскачыць з гэтага кола. Студэнцкія візы - гэта прыемна завуаляваная перакачка маладых мазгоў ў ЗША. Грынкарты - мілы падман, што ты зможаш жыць і там, і тут, як нельга быць замужам і заставацца дзеўкаю. Палітычны прытулак - пастка на шмат гадоў. Гэта мой пункт гледжаньня.
Усе людзі розныя. Бываюць і "перакаці-поле", якія прыжываюцца лёгка ўсюды, і чым маладзейшая асоба, тым лягчэй ёй прыстасавацца да новага, бо свайму яшчэ цаны ня зьведалі, ані мове, ні культуры, ні бацькоўскаму парогу, ні магілам дзядоў.
Так ці інакш, але часовая эміграцыя, а тым больш сталая, рэч складаная, падобная на апэрацыю перасадкі сэрца і душы. Сямейным цяжка перажыць першыя гады, але маральна лягчэй, бо ёсьць падтрымка духоўная. Самотным - дужа складана. Найлепшы паратунак - знайсьці сабе гобі, сустрэцца з сябрамі й добра пасьпяваць. Сьпевы дапамагаюць!
А тут у сьнежаньскім нумары "Беларуса" знаходжу запрашэньне на навагоднюю вечарыну, якую ладзяць сябры БАЗА. Думаю, колькі-ж цудоўных сустрэчаў і сьвятаў я прапусьціла ў сваім жыцьці з-за нейкай адвечнай працы? Трэба ісьці!
На сьвяткаваньне мяне падвезьлі Лена і Пятро Рыжыя. У сьвяточна ўпрыгожанай залі вышываныя ручнікі, гірлянды, на столі сьвятло дыскаболу, сталы накрытыя чырвонымі й зялёнымі абрусамі, прыгожа сэрвіраваныя, з букетамі кветак і сьвечкамі. Вольных месцаў не відаць. На сцэне сьцягі: амэрыканскі й беларускі, пасярэдзіне Пагоня, прыгожая ялінка, піяніна, іншыя музычныя інструмэнты. Ля іх элегантны Алесь Балотнік. Зь ім я пазнаёмілася ў 1991-м годзе, але завочна ведала яшчэ раней. Алесь закончыў менскую кансэрваторыю і стаў ведамым музыкам і сьпеваком народнага стылю. З канцэртамі ён аб'езьдзіў шмат якія краіны Эўропы, удзельнічаў у шматлікіх конкурсах і фэстывалях. Музычнае аздабленьне вечарыны было найлепшае. Ногі самыя несьліся ў пляс і часам здавалася, што паадлятаюць абцасы ў чаравікаў.
Прызнаюся, я ня мела часу на яду. А стравы былі ня толькі прывабнымі на выгляд, але і адменнымі на смак, бо ўсё было прыгатавана рукамі нашых выдатнейшых кухарак Зоі Вашкевіч, Тацьцяны Красоўскай, Аляксандры Лістоўскай ды іншых.
Нечакана на сцэне ў бел-чырвона-белым убраньні зьявіўся Сьвяты Мікалай, які перадаў віншаваньні ад родных зь Беларусі, у свім мяху ён меў падарункі для тых, хто змог адгадаць ягоныя загадкі. Добра прыгледзеўшыся можна было прызнаць у госьці сп. Вячаслава Мішука.
Потым зноў музыка, танцы, карагоды. Прыемна ўсіх зьдзівілі 11-гадовы Сьветавіт і 10-гадовы Славамір, сыны Ганны Бартуль і Сяржука Сокалава-Воюша. Фактычна, гэта быў іх першы канцэрт перад вялікай публікай. Хоць хлапцы толькі два гады навучаюцца ігры на гітары, але яны вельмі ўдала справіліся і з сур'ёзнымі творамі. Сьветавіт выканаў творы Пабла дэ Сарасатэ, Бэтховэна і завяршыў выступ беларускай "Лявоніхай". Славамір іграў на гітары творы ангельскага фальклёру, Вэбэра і скончыў гімнам "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", які ўсе сьпявалі разам. Выканаўцаў віталі доўгімі апладысмэнтамі.
Працаваў бар, дзе жадаючыя маглі дадаткова набыць напоі.
Усе сышліся на тым, што вечарына ўдалася на славу!
Запомнелася, як адзін малады чалавек, увайшоўшы ў залю, разгарнуў невялікі бел-чырвона-белы сьцяг і паставіў яго ў букет з кветкамі, а сыходзячы, ўзьняў яго ўгару і сказаў: "Жыве Беларусь!", і ўсе адказалі: "Жыве!"
Застаецца падзякаваць ініцыятарам і арганізатарам імпрэзы, а таксама выступоўцам: Валеру Дворніку, Але Орса-Романо, Алесю Балотніку, Зоі Вашкевіч (не змагла прыйсьці на вечарыну, але прыклала шмат намаганьняў і працы, каб яна адбылася), Тацьцяну Красоўскую, Аляксандру Лістоўскую, Вячаслава Мішука, Сяргея Пятровіча, Анатоля Тальянскага, Алеся Крыштаповіча.
Добра было-б, каб мы маглі часьцей так сустракацца. А тым, хто хоча павесяліцца, не зашкодзіла-б раней адказваць на запрашэньні арганізатараў. Хочацца спадзявацца, што гэты год будзе добрым і шчасьлівым для нас усіх. Будзьма разам!
Валянціна ЯКІМОВІЧ

Cьвяты Мікалай завітаў і на нашую імпрэзу.