НОТА ПРАТЭСТУ РАДЫ БНР
У інтерв'ю маскоўскай газэце "Ізвестія" 10-га ліпеня 2002-га году, якое перадрукавала 11-га ліпеня са скарачэньнямі варшаўская "Рэчпосполіта", міністар замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі Ігар Іваноў закрануў праблему Калінінградзкай вобласьці. Ен выказаўся за стварэньне "транзіту", які дасьць магчымасьць свабоднага перамяшчэньня грамадзянам РФ у Калінінградзкую вобласьць праз тэрыторыю Летувіскай Рэспублікі.
На пытаньне, як разумець "транзіт" міністар адказаў: "Рух праз тэрыторыю Летувы ад адной расейскай мяжы да другой."
Аднак кіраўнік расейскага зьнешнепалітычнага ведамства ня можа ня ведаць, што Летува, акрамя мяжы з Калінінградзкай вобласьцю ня мае другое мяжы з Расеяю - яна мяжуе зь Беларусьсю. Трэба меркаваць, што менавіта гэтую мяжу і меў на ўвазе міністар.
Такая заява кіраўніка расейскага зьнешнепалітычнага ведамства ня можа быць вынікам звычайнай агаворкі. Гэтыя словы выяўляюць ігнараваньне Масквою Беларусі як незалежнай і суверэннай дзяржавы, што абсалютова недапушчальна ў практыцы міжнародных стасункаў.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая ўвасабляе ідэю беларускай незалежнасьці й выконвае функцыю ўраду ў выгнаньні, даслала з гэтае нагоды ноту пратэсту міністэрству замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі.
Урадоўцы-ж беларускага рэжыму рабяць выгляд, што такіх заяваў расейскага міністра ўвогуле ня чулі. А калі чулі ды не палічылі патрэбным адказаць, то, значыць, з такім паглядам поўнасьцю пагаджаюцца.