ПАЭТЫЧНАЯ БАЧЫНА

ЛЮДМІЛА ІЛЬЛЮШЭНКА
Яна апанавала лепшы кут,
Там моўчкі на калені апусьцілася.
Каля іконы, дзе Хрыстос распнут,
Яна ўвесь дзень няўстрымана малілася.
Айцец сьвяты нарэшце падыйшоў,
Пачаў пытацца: хто, адкуль, у чым справа?
Яму ў вочы глянуўшы душой,
Яна распавядала:"Я - Дзяржава.
Мае сыны, дачушкі - усе яны,
Мяне за маці родную ня лічаць,
Яны мяне штурхаюць да труны
І Беларусьсю больш ужо ня клічуць.
І тую мову, што я ім дала,
Яны ўжо ня ведаюць навогул.
Бацькоўскі дом у асяродзьдзі зла, -
І зараз я зьвяртаюся да Бога.
Хто будзе так кахаць сваіх сыноў,
Як я кахаю і раней кахала?
Хто ўзрушыць іх павагу да бацькоў,
Хто нашынкуе ім у талерку сала?
Хто будзе калыханкі ім сьпяваць,
Зялёным траўнем весьці іх у поле?
Я маці ім. Каго-ж яшчэ кахаць?
Мая душа заходзіцца ад болю.
Хай гэты боль адчуюць усе яны.
Хай зразумеюць, каб было ня позна:
Я - Беларусь, а вы - мае сыны!
Да маці дзеці ставяцца сур'ёзна!
Спыніцеся, ужо прыйшоў той час,
Калі ня жартам лічаць вас за быдла.
Ці вы не разумееце абраз?
Павазе да сябе я вас вучыла!
І першы крок зрабіце, вас малю!
Пачніце размаўляць на роднай мове,
Кахайце маці ды сваю зямлю!
...Усё гэтае ў маім да Бога слове."
* * *
А журавіны на зямлі - чырвонай коўдрай,
І ціха гукаюць буслы ў вышыні.
І пралятаю зь імі я старонкай роднай,
Але-ж вяртаюцца дамоў яны адны.
Напіцца хочацца вады мне з той крыніцы,
Што пад узгоркам працячэ наўздоўж ракой.
Але-ж калі яшчэ змагу яе напіцца -
Мне машуць крыламі буслы, я ім - рукой.
Краіна родная мая, мой край лясісты,
У шчырых колерах вясны зямля мая.
І безь мяне цячэ ў Менск павольна Сьвіслач,
І безь мяне нясе свой сум мая зямля...
Распрастаўшы крылы чорны бусел паўнеба схаваў.
Чорнай хмарай ляціць, ліхалецьце дажджом пралівае.
І, падняўшы галовы, людзі сонейка ў небе шукаюць.
Але-ж цемра блукае сярод зелянеючых траў.
Колькі вёснаў прайсьці, каб зышла тая чорная хмара?
Колькі суму пражыць, колькі жаху ды болю стрываць?
І калі нам захочацца зноў свае песьні сьпяваць?
І калі за злачынства ўсім злодзеям знойдзецца кара?
* * *
Матулечка мая, пабудзь са мной,
Распавядай мне, як у мінулым, казку.
Ружовай фарбай ты фарбуй адразу -
Так многа болю за маёй сьпіной.
У словы тыя ўкутацца-бы мне,
Запамятаваць, што каму павінна.
Матулечка, маленькая жанчына,
Сьвет сонца ў расчыненым вакне.
Пабудзь са мной яшчэ хоць крыху,
Распавядай мне нешта таямнічае.
Гады мае хай стануць проста лічбамі...
Так многа болю на маём шляху.
* * *
Прачнулася, нарэшце, горачка маё цыбулькавае!
Вочкамі зіхаціць, вусенкамі булькае!
Пеленатае ў цікавасьць зьведаў навакольля,
Даверлівае, нібы настаўніку школьнік.
Кожная хвілінка - адкрыцьцё сьвядомасьці.
Кожнае дзіцятка ў матчынай маёмасьці.
* * *
Хай ворагі кануць у лету,
Хай прыйдзе цяпло ды сьвятло.
Мой край узараны для кветак,
Як птушка, ўстае на крыло.
Хай будзе па восені шчодрым
Твой кожны зялёны куток.
Тваёй незалежнасьці водар
Хай зьбегне пакут і трывог.
Хай моладзь, сумленьне краіны,
Гісторыю піша сваю.
Хай шчыра квітнее айчына,
Я гімн яе шчасьцю пяю.
Шляхоў ты пазнала нямала,
Сыноў тваіх шмат палягло.
Ты шчырыя песьні сьпявала
І людзям дарыла цяпло.
Квітней асярод навакольля,
Мацней супраць цемры і зла!
Паўстань-жа, народная воля,
Каб ў шчасьці краіна жыла!
ВАЛЕРЫ БАРТАШЭВІЧ
Беларусь, мая краіна,
На ростанях сусьветных сьцежак
Ты растаптаная бязьвінна
Суседам з-за ўсходніх межаў.
Цябе трымалі ў палоне,
Чужак, прыкінуўшыся братом,
На ўладарном царскім троне
На справе аказаўся катам.
Сыны твае, шукаўшы долю,
Шмат абышлі дарог па сьвеце,
Чужую бараніўшы волю,
Сваю ня здоделі прыкмеціць.
Надыдзе, веру, час змаганьня
І зашуміць вясновы вецер.
Паток бурлівы, ачышчальны,
Нарэшце, змые бруд і сьмецьце.
Узыдзе сонейка ад раньня,
Над краем сьвет пральецца Боскі,
Бел-чырвань-белае ўбраньне
Расквеціць гарады і вёскі.
* * *
Хто ад сьцягу Хрыста адвярнуўся,
Утаптаўшы сьвятыню ў бруд,
Той на ўзбоччы жыцьця апынуўся,
Не адчуўшы сумленьня пакут.
Побач з намі віруе Эўропа,
Спора ладзячы свой дабрабыт.
Мы як быццам чакаем патопу,
Покуль прыйдзе аднекуль найміт.
Ён па своему ўсё залагодзіць,
Дасьць задарма і нафту, і газ,
Будзе новыя звычкі заводзіць,
Забярэ толькі памяць у нас.
Каб укленчыўшы перад іконай,
Быў ніводзін не ў стване ўзгадаць,
Як да Бога маліць сваёй мовай,
Каб пачуў ён - і змог дараваць.
* * *
Ёсьць мажны будынак у
Цэнтры сталіцы,
Там дзе расьцілае праспэкт
Свой абрус.
Чатыры калоны прад ім
Як званіцы - ОГПУ
Па колькасьці літараў - НКУС.
Я гэтыя літары ведаў з маленства
Іх шэптам казалі мае зямлякі,
Пра арышты ноччу, расправаў шаленствы
З Крамля распрасьцёртай
Нябачнай рукі.
Хоць год з той пары праляцела
Нямала,
Навокал адноўлены горад
Узьнік.
Блукае ў архівах там
Постаць Цанавы
Ахвяр курапацкіх вядзе
Пералік.
КУРАПАТЫ
Зялёны Луг … мой дом на ўзгорку,
Яго відаць яшчэ здалёк.
За домам лес шумлівы звонкі,
За лесам уецца ручаёк.
Сьцяжынка сьцелецца бясконца
Хваёвым борам маладым
Ды раптам - быццам згасла сонца
І пораху пачуўся дым.
Перада мною перакаты,
Западзіны ў гушчар вялі.
Здагадка - гэта Курапаты
Свой сьлед пакінулі ў зямлі.
Так званых "ворагаў народу"
Растрэльваў тут шалёны кат.
Тых, хто за праўду, за свабоду,
Што ўжо ня вернуцца назад.
І калі часам мне ня сьпіцца,
Я бачу гэтых ямін дно,
А вецер птушкай у шыбы б'ецца,
Цень зазірае ў вакно.
Як быццам дзесьці там у цемры
Лясны варушыцца абшар,
Чуваць загады, стрэлы хеўры,
Сабачы брэх і крык ахвяр.
Яны крычаць, каб іх пачулі
Здэцца на тым краі зямлі -
"Бывай-жа Беларусь-матуля,
Твае ня вернуцца сыны".
Сьвітае… Неба чырванее,
Вяршыні дрэў фарбуе зноў,
Але ня сонца то прамені -
Забітых праступае кроў!
Ды ўсе-ж рупіць нашчадкам катаў -
У прэсе чуецца іх гвалт,
Рыхтуюць зноўку Курапатам -
"Перабудовы варыянт"…