ПАКАРАНЬНЕ БУДЗЕ
27-га лютага Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў пра магчымасьць увядзеньня санкцыяў супраць Беларусі ў сувязі з абвінавачаньнямі ў тым, што Менск прадае зброю краінам, якія падтрымліваюць тэрарызм.
"Злучаныя Штаты ўспрымаюць паведамленьні аб продажы зброі краінам або групоўкам, якія падтрымліваюць або спрыяюць тэрарызму, вельмі сур'ёзна. Мы скарыстоўваем розныя спосабы ціску, у рамках двухбаковых адносінаў з краінай-пастаўшчыком або, калі гэта неабходнае, шляхам санкцыяў з мэтай прадухіліць гэтыя пастаўкі зброі," - заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр.
Памочнік дзяржсакратара Стывэн Пайфэр паведаміў журналістам падчас свайго трохдзённага візыту ў Менск аб тым, што Злучаныя Штаты атрымалі пераканаўчыя доказы ўдзелу Беларусі ў гандлі зброяй насуперак санкцыям ААН. Паводле Пайфэра ЗША, у прыватнасьці, валодаюць інфармацыяй аб тым, што ірацкія вайсковыя спэцыялісты знаёміліся ў Беларусі з устаноўкамі супрацьракетнай абароны С-300.
Гаворачы пра магчымасьць увядзеньня санкцыяў супраць Беларусі, сп. Баўчэр сказаў, што ёсьць і іншыя шляхі ўплыву на краіны, якія гандлююць зброяй з тэрарыстамі:" Перш за ўсё мы ім гэта кажам. Па-другое, мы пераконваем іх у неабходнасьці кантраляваць гандаль. Па-трэцяе, мы сочым за гэтым гандлем там, дзе ён адбываецца, і мы спрабуем стрымаць яго. Мы таксама спрабуем пераканаць краіны-пакупнікі зброі. Па-чацьвертае, у розных месцах мы маем кантралёраў, рэжым сачэньня, мытных інспэктараў і шмат іншых мэханізмаў для таго, каб ажыцьцяўляць санкцыі ААН. І па-пятае, ёсць і іншыя сродкі".
Беларускія ўлады з абурэньнем адрэагавалі на абвінавачаньні з боку Пайфэра. Афіцыйны Менск заявіў, што ЗША не падмацавалі свае абвінавачаньні аніякімі доказамі, і што Беларусь выконвае ўсе міжнародныя рэзалюцыі, датычныя гандлю зброяй.
Імкнучыся абвергнуць усе публікацыі на гэты конт, намесьнік дзяржсакратара гэтак званае саюзнае дзяржавы Сяргей Калашнікаў у інтэрвію адной з маскоўскіх радыёстанцыяў пацьвердзіў тое, што цягам некалькіх месяцаў упарта абвяргаў афіцыйны Менск - а менавіта факт навучаньня ў Беларусі іракскіх лётчыкаў. Сп. Калашнікаў заявіў, што Беларусь ніякіх дамоўленасьцяў не парушыла, таму што "няма ніякага пагадненьня пра тое, каб, напрыклад, не навучаць тыя ці іншыя кадры", а тут гаворка ідзе толькіпра павышэньне кваліфікацыі ірацкіх лётчыкаў. Але Стывэн Пайфэр, знаходзячыся ў Менску, ясна заявіў, што іракцаў можна вучыць толькі дзеля аднаго - каб яны змаглі зьбіваць амэрыканскія самалёты, што патрулююць беспалётную зону ў Іраку.