ПАМАГАЮЦЬ, ЯК КАШАЛЬ ХВАРОБЕ...
Магчыма, вы чулі, што больш сотні "выдатных канадыйцаў" выступілі ў абарону іракскага дыктатара Садама Гусэйна, якога мілітарнаю сілаю хочуць зьнішчыць амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш і брытанскі прэм'ер-міністар Тоні Блэйр.
Пра гэта паведаміла таронцкая газэта "Торонто Сан" 26-га верасьня. Тэмаю Гусэйна, які ня хоча выканаць пастановы Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў - пазбыцца сваёй зброі "масавага зьнішчэньня" (атрутныя газы й розныя вірусы, атамная зброя), цяпер займаецца сусьветная прэса, палітыкі, уплывовыя людзі й перад усім тыя дзяржавы, якія намагаюцца стрымаць "здурэлага дыктатара", што раней газамі вынішчыў тысячы курдаў і іранцаў.
Грамада канадыйцаў - гэта палітычна левыя артысты, ітэлектуалы, пісьменьнікі, рэлігійныя лідэры й актывісты. Яны-ж - тыя самыя тыпы (найчасьцей тыя самыя людзі), што некалі гадамі заядла даказвалі, быццам заходні вольны дэмакратычны сьвет няправільна разумее "добры й прагрэсыўны камунізм".
Цяпер-жа такія як Маргарэт Атвуд, Лінда Магквэйг, П'ер Бэртан, сэнатар Дог Рошэ, Давід Сузукі і Брус Кокбурн цьвердзяць у сваім супольным асьветчаньні, што "няма пераканальных доказаў, што Ірак мае ці плянуе мець і ўжываць зброю "масавага зьнішчэньня" небясьпечную для цэлага сьвету. "Дваццаць гадоў назад Ізраіль разбамбіў ірацкі атамны рэактар, спыніўшы прадукцыю атамнай зброі".
Гэтая група канадыйцаў, якая змагаецца "за мір", якую чуе ўплывовая левая сацыялістычная верхавіна, мае вялікі розгалас у дзяржаве. Між ёю - колішнія марксысты. Прэса і ТВ дае ім голас.
Пра Беларусь і ейнага дыктатара яны маўчаць. Найлепш, каб бізнэс з Маскоўшчынаю квітнеў.

К. АКУЛА